Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Бакі разгледзелі перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, транспартнай сферы і IT-сектары. Асаблівая ўвага ўдзелена наладжванню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, паглыбленню вытворчай кааперацыі і забеспячэнню спрыяльных умоў для ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі. Акрамя таго, лідары Беларусі і Узбекістана абмеркавалі палітычны парадак дня, сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым.
Напярэдадні афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Мінску прайшоў I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. У праграме форуму абмеркаваны пытанні прамысловай кааперацыі, аграпрамысловага комплексу, а таксама ўзаемадзеяння ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах. Госці і ўдзельнікі форуму змаглі азнаёміцца з выстаўкай-кірмашом узбекскіх тавараў. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, дзелавыя колы дзвюх краін.
Па выніках форуму і перагавораў кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Узбекістана падпісаны пакет міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах.
Поўнасцю абноўлены адносіны
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у вузкім фармаце.
«Няма неабходнасці гаварыць аб тым, як мы чакалі вас, як вітаем тут, у Беларусі. Літаральна за апошнія два гады мы з вамі поўнасцю перавярнулі нашы адносіны. Наогул пераварочваць асабліва не было чаго, трэба было проста нанава іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі (амаль $160 млн за 2018 год) не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Беларусь і Узбекістан, упэўнены ён, маюць значна большыя магчымасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фішкай візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь стала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Бакі ажыццявілі шмат узаемных візітаў на рэгіянальным узроўні, арганізавалі форум, выстаўку ўзбекскай прадукцыі, Дні культуры Узбекістана. Акрамя таго, перад візітам узбекскага лідара ў Мінске быў устаноўлены бюст паэта, дзяржаўнага дзеяча і мысліцеля Алішэра Наваі.
«Усё гэта надае вельмі сур’ёзныя грані вашаму візіту ў Беларусь. Тое, што губернатары сам-насам перагаварылі і ўжо заключылі вялікую колькасць дагавораў, — гэта галоўнае. Наша справа — адкрыць дарогу. Мы яе адкрылі. Па гэтай дарозе павінны пайсці тыя, хто павінен выконваць нашы рашэнні і рэалізоўваць дарожную карту, якую зацвердзілі ўрады Узбекістана і Беларусі», — дадаў Прэзідэнт.
Узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва
Беларусь і Узбекістан маюць узаемнае жаданне развіваць супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў у час перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце.
Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь і падрыхтоўка да яго была дасканалай з боку абедзвюх краін. «Ва ўсіх службах ёсць узаемнае вельмі сур’ёзнае жаданне супрацоўнічаць, — канстатаваў ён. — Цяпер трэба прайсці па тых кропках росту, дзе можам узаемадзейнічаць на перспектыву. У нас такіх вельмі шмат».
Паводле слоў Прэзідэнта Узбекістана, перагаворы з беларускім лідарам, якія прайшлі 31 ліпеня, былі вельмі змястоўнымі, давернымі.
Адным з важных вынікаў візіту ён назваў актывізацыю прамых кантактаў паміж рэгіёнамі. «Самае галоўнае, што пачалі сустракацца нашы рэгіёны. Ім не трэба перашкаджаць, трэба дапамагаць рэгіёнам, адкрыць дарогу. Мы стварылі ім добрую базу для ўзаемадзеяння», — сказаў Шаўкат Мірзіёеў.
Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Узбекістана ў наладжванні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі. «Нам вельмі патрэбна кааперацыя. Беларусь у многіх галінах за гады незалежнасці дасягнула вялікіх поспехаў. Я заўсёды гавару членам урада, міжурадавай камісіі, што трэба часцей сустракацца, каб было менш папер, а больш выніку», — дадаў ён.
Прэзідэнт Узбекістана запэўніў, што ў бліжэйшы час будзе абноўлена дарожная карта супрацоўніцтва дзвюх краін, каб замацаваць у ёй канкрэтныя даручэнні па вырашэнні праблемных пытанняў, якія абмяркоўваліся ў час яго візіту.
Паводле яго слоў, прадукцыю прамысловых гігантаў Беларусі, такіх як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ва Узбекістане добра ведаюць, яна з’яўляецца высакаякаснай і запатрабаванай. «Нам таксама ёсць што прапанаваць вам. Міжурадавай камісіі неабходна глыбока прааналізаваць гандлёвыя патокі і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы, за кошт чаго мы можам у бліжэйшыя гады павялічыць тавараабарот у разы, — падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. — За два гады аб’ём тавараабароту вырас амаль у 4 разы. Тэмпы, вядома, уражваюць. Разам з тым важна задзейнічаць усе рэзервы і дасягнуць збалансаванасці ўзаемнага гандлю».
У ліку прыярытэтаў супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву ўзбекістанскі лідар назваў захаванне і нарошчванне дынамікі тавараабароту і прывядзення да адзіных стандартаў вядзення падлікаў аб’ёмаў узаемнага гандлю. Ёсць зацікаўленасць у стварэнні сумесных кластараў у сельскай гаспадарцы і тэкстыльнай галіне для сумеснага асваення рынкаў трэціх краін.
Ад малочных комплексаў
да ІТ-праектаў
У мінулым годзе ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан бакі дамовіліся стварыць некалькі малочнатаварных комплексаў з прыцягненнем беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый. Планавалася ўкамплектаваць іх беларускай тэхнікай. Цяпер удалося стварыць толькі адно сумеснае прадпрыемства ў Ташкенцкай вобласці, яго сузаснавальнікам выступіла ААТ «Здравушка-мілк».
«Трэба гэтыя тры праекты завяршыць і пабудаваць малочныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб мы маглі гандляваць не толькі ва Узбекістане, але і ў суседзяў, у прыватнасці ў Афганістане, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, у нас ёсць невялікія праблемы з фінансаваннем гэтых праектаў. Тут і мы павінны паглядзець на гэтыя аб’екты, і, я думаю, Шаўкат Мірамонавіч, вы пасля гэтага візіту таксама абмяркуеце гэтыя пытанні. Мы падрыхтавалі ўжо план-графік паставак ва Узбекістан 1,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы ў 2019-2020 гадах. Мы ні на Венгрыю, ні на Еўропу не арыентуемся. Мы пабудуем комплексы і паставім сваю жывёлу, каб у вас было потым з каго спытаць за вынік».
Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў інтэнсіўнае супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі. Бакі рэалізуюць тры сумесныя праекты на тэрыторыі Узбекістана: вытворчасць камплектаў дыялізатараў і дыялізных магістралей для людзей, якія хварэюць на нырачную недастатковасць, выпуск антыбіётыкаў, а таксама антысептычных і дэзынфіцыруючых сродкаў. Прапрацоўваецца пытанне стварэння адзінай вытворчай пляцоўкі холдынга «Белфармпрам» ва Узбекістане.
Яшчэ адной перспектыўнай сферай узаемадзеяння, на думку беларускага боку, з’яўляецца лёгкая прамысловасць. Беларусь традыцыйна закупляе ва Узбекістане значныя аб’ёмы баваўнянай пражы, трыкатажнага палатна, адзення. «Аднак і беларускія прадпрыемствы могуць экспартаваць штучныя тканіны, трыкатаж, гарсэтныя, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Нашы фабрыкі пастаўляюць тканіны і тэкстыльную галантарэю для сілавых структур дзяржаў СНД. Мы зацікаўлены наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з Узбекістанам», — заявіў Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў работу па арганізацыі на ўзбекістанскай тэрыторыі выпуску абутку і футра з аўчыны холдынга «Марко».
Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка таксама назваў ІТ-сектар. Ён адзначыў, што ў Беларусі паспяхова ствараюцца інфармацыйныя сістэмы ў сферах дзяржаўнага кіравання, транспарту, фінансава-крэдытнай дзейнасці, айчынныя кампаніі даказалі сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку. «Мы прапануем рэалізаваць ва Узбекістане праекты па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы ўліку прыроднага газу з выкарыстаннем беларускага праграмнага забеспячэння і лічыльнікаў газу, па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі газаразмеркавальнай і газатранспартнай сетак. Калі будзе падтрымка гэтым праектам, мы гатовы пачаць іх практычную прапрацоўку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Па матэтыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *