Верхнядзвінскія аграрыі завяршаюць жніво

Актуально Образование

З дня на дзень у раёне завершыцца жніво – хлеб убраны з 96,4% плошчаў. Першымі скончылі жніво працаўнікі ААТ “Антонава-Агра”. Услед за імі напоўнілі закрамы хлебаробы СП “Лявонішана”, ААТ “Прудзінкі”, “Шайцерава” і УВП “Вужыца-Агра”.

У ААТ “Антонава-Агра” намалочана 4221 тона зерневых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 40,4 цэнтнера з гектара, здабыта 184 тоны масланасення азімага рапсу.
– Найбольшую ўраджайнасць, зразумела, далі азімыя, – расказала галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Сабалеўская. – Звычайна сеялі “Капылянку”, а сёлета ўпершыню паспрабавалі гатункі азімай пшаніцы “Ядвіся” і “Мулан”. І не прагадалі – месцамі атрымалі хлеб па 56 цэнтнераў з гектара.

 


Пашчыравалі на жніве камбайнеры Віктар Кадушка, Віктар Дадзека, браты Сяргей і Аляксандр Кандрацёнкі, Леанід Зубаў і Аляксандр Дзятлаў. Бесперабойную адвозку забяспечылі вадзіцелі Сяргей Бадун, Сяргей Лаўдзер і Юрый Морхат. Справіліся сваімі сіламі, а зараз дапамагаюць сусе-дзям. У СП “Боркавічы” малоцяць зерне “тысячнік” Віктар Кадушка і Леанід Зубаў.


У сушыльнай гаспадарцы працуюць адказныя аператары Сяргей Карніцкі і Яўген Кузей, бацька і сын Уладзімір і Валерый Яскевічы. На адгрузцы зерня ўвесь сезон добрасумленна адпрацаваў Сяргей Качанаў.
Паклапаціліся антонаўцы і аб будучым ураджаі. Своечасова пасеялі 146 гектараў азімага рапсу, зараз займаюцца сяўбой азімай пшаніцы, якая зойме 611 гектараў. На чарзе – азімая трыцікале. Гэту работу даверылі вопытным сеяльшчыкам Анатолю Кліму і Аляксандру Казлову. Глебу апрацоўвае Уладзімір Казлоў, ворыва вядзе Сяргей Захаранка.
Праз тыдзень “падаспеюць” яравы рапс і кукуруза. Іх неабходна ўбраць адпаведна з 208 і 300 гектараў.


– Працуем без аўралаў, – адзначае Таццяна Сабалеўская. – Актыўна вядзем ворыва, з захаваннем тэхналогій – сяўбу і паралельна – нарыхтоўку кармоў. На другім укосе працуе атрад у складзе камбайнера Сяргея Пятрэні, вадзіцеляў Івана Баяркіна, Аляксандра Філіпава, Аляксандра Абуховіча, Генадзя Жука, механізатара на граблях Сяргея Снапка. Нарыхтавана 565 тон сена пры плане 800 тон і 7072 тоны сенажу з запланаваных 10500 тон. А каб весялей працавалася, смачнымі абедамі і падвячоркамі, якія прама ў поле дастаўляюць раздатчыца Ірына Гукава і вадзіцель Павел Ванькаеў, удзельнікаў уборачнай частуюць повары Алена Лаўдзер і Кацярына Сцепаненка.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *