Аб дысцыпліне і бяспецы жыцця

Актуально Райисполком

У раённым выканаўчым камітэце разгледжана пытанне «Аб захаванні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны» на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна».

Падкрэсліваючы важнасць тэмы, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч адзначыў, што яна — на пастаянным кантролі ўлады, і гэта дае пэўны станоўчы вынік. Аднак акцэнтаваць увагу трэба на недапрацоўках, бо яны дорага абыходзяцца грамадству. Праблемнымі застаюцца пытанні, звязаныя з дарожна-транспартным і вытворчым траўматызмам, гібеллю людей на пажарах і ад злачынных замахаў. У 2011 годзе ад так званых знешніх прычын раён страціў 63 чалавек, што на 12 больш, чым у 2010-м. Смяротныя траўмы на вытворчасці атрымалі 3 работнікі, ад атручванняў алкаголем памерла 8 чалавек, у дарожна-транспартных здарэннях — 3 ахвяры, а ў першым квартале гэтага года — 1. Сёлета на пажарах ужо загінулі 4 жыхары раёна.
Не ўсё магчымае зроблена па ўмацаванню дысцыпліны. Летась за прагулы і іншыя парушэнні звольнена 312 чалавек, з іх за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення — 71. За тры месяцы бягучага года адпаведна 85 і 12 асоб.
Кіраўнік раёна патрабаваў прааналізаваць сітуацыю і прыняць вычарпальныя меры па выкананню патрабаванняў Дырэктывы № 1.
На галоўных прычынах смерцяў людзей засяродзіў увагу пракурор раёна С. Э. Стурын. Хаця колькасць памерлых летась на ўзроўні папярэдняга года, яна застаецца значнай — 512 чалавек, прычым дзве трэці — у сельскай мясцовасці. Гібель ад знешніх прычын расце, найбольш — ад утапленняў, самагубстваў, пажараў, атручванняў, ДТЗ. У пераважнай большасці надзвычайныя здарэнні адбываюцца з-за бяспечнасці саміх грамадзян, асабліва — злоўжывання алкаголем. Усе 6 выпадкаў гібелі на пажарах летась і 4 — сёлета здарыліся з-за курэння ў нецвярозым стане. Менавіта п’янства прыводзіць да забойстваў, самагубстваў, няшчасных выпадкаў. У 2011 годзе ў раёне ўчынена 286 злачынстваў, з іх 70 — у алкагольным ап’яненні. Здарыліся 4 забойствы і 10 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 5 з якіх прывялі да смерці. Большасць гэтых трагедый — бытавыя. Праваахоўныя органы вымушаны ўзбуджаць крымінальныя справы за паўторнае кіраванне транспартам у нецвярозым стане, прыцягваць да адказнасці за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення, незаконны гандаль спіртным.
Папусніцтва ў барацьбе з п’янствам недапушчальна. Нярэдкія яшчэ выпадкі, калі наймальнікі, асабліва ў сельскай мясцовасці, пакідаюць на рабоце асоб, якія знаходзіліся на працоўным месцы ў нецвярозым стане, апраўдваючы гэта нізкай замяняемасцю вакансій. Але Дырэктыва абавязвае безумоўна спыняць кантракты з парушальнікамі такога роду. І гэта апраўдана: патэнцыяльны п’яніца не толькі наносіць шкоду вытворчасці, але можа прывесці да вялікай бяды. Ад п’янства да траўматызму і гібелі — адзін крок.
Трэба быць сапраўды адказнымі гаспадарамі, каб выключыць усе прычыны, якія могуць пагражаць бяспецы людзей, асабліва — дзяцей. Так, пракуратурай праведзена праверка дзіцячых гульнёвых пляцовак — выяўлены шэраг парушэнняў. Не ўсё прадумана на аб’ектах падачы вады, дзе пабывалі пракурорскія работнікі. А гэта ж — забеспячэнне насельніцтва галоўным сродкам існавання.
Аб тым, як працуюць суб’екты прафілактыкі па папярэджанні негатыўных з’яў у грамадстве, умацаванні бяспекі і дысцыпліны, гаварыў намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў. Ён адзначыў, што ў раёне дзейнічаюць каардынацыйны савет прафілактыкі, 12 апорных пунктаў аховы правапарадку, камісіі пры сельвыканкамах, іншыя фарміраванні па прафілактыцы правапарушэнняў. На пасяджэннях разгледжана 1200 грамадзян, якія не ў ладах з правапарадкам. Вядзецца сістэмная работа з абавязанымі асобамі, а таксама грамадзянамі, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі — для іх абсталяваны пакой часовага пражывання. Пастаяннымі сталі рэйды па неблаганадзейных сем’ях, кантроль за паводзінамі «цяжкіх падлеткаў». Абмежаваны па часе продаж спіртных напіткаў. Аднак праводзімая работа недастаткова выніковая — відавочна, патрэбны яшчэ больш жорсткія меры ў адносінах тых, хто парушае дысцыпліну, парадак і законнасць.
Начальнік РАУС Д. В. Неспляк прывёў прыклады такіх намаганняў — сёлета больш службовых асоб прыцягнута да адказнасці за непрыняцце мер па прафілактыцы п’янства, крадзяжоў, іншага роду парушэнняў. Паводле інфармацыі начальніка РАНС А. П. Шука, за незахаванне патрабаванняў пажарнай бяспекі адказнасць панеслі 190 фізічных і 9 юрыдычных асоб. Асаблівую трывогу выклікаюць некаторыя ведамасныя інтэрнаты, аб’екты масавага знаходжання людзей, дзе не вытрыманы ўсе патрабаванні пажарнай бяспекі. Гаспадарнікі не заўсёды сочаць за станам пажарнага водазабеспячэння.
Прычынамі вытворчага траўматызму, аб якім гаварыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне І. Г. Бальшой, з’яўляецца як бяспечнасць саміх грамадзян, так і пралікі з боку наймальнікаў. Трэба не толькі прызначыць адказнага за ахову працы, але і пастаянна сачыць за захаваннем бяспекі на вытворчасці ад тэхнічных умоў да забеспячэння сродкамі індывідуальнай аховы; праводзіць атэстацыю рабочых месц; абучэнне адказных асоб.
Намеснік пракурора вобласці А. У. Чадзюк, які прымаў удзел у пасяджэнні, звярнуў увагу на неабходнасць выканання даведзеных раёну заданняў па рамонту электраправодкі, печаў, устаноўцы АПІ, ведамаснай сігналізацыі, іншых мерапрыемстваў па папярэджанні няшчасных выпадкаў. Адзначана, што кіраўнікі нясуць персанальную адказнасць за стан бяспекі і дысцыпліны ў працоўным калектыве. Пры непрыняцці належных мер да іх захавання і дапушчэнні няшчасных выпадкаў прадугледжана крымінальная адказнасць.
Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама У. А. Машэра падкрэсліў, што адносіны да бяспекі працы, дысцыпліны, захавання матэрыяльных каштоўнасцей павінны быць узмоцнены сёння — з пачаткам палявых работ. Абавязак гаспадароў — навесці парадак на зямлі, не дапусціць палаў, зберагчы дзяржаўную маёмасць.
На пасяджэнні заслуханы кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, дзе выяўлены праблемы ў навядзенні дысцыпліны і парадку на вытворчасці.
Райвыканкамам прыняты План мерапрыемстваў па выкананню патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. №1 «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны на 2012 год», у якім перад усімі адказнымі службамі пастаўлены задачы па папярэджанні гібелі і траўматызму людзей, забеспячэнні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, бяспекі працы і жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, падтрыманні грамадскага парадку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *