Задыхала халадком восень, застрашвае падчас дажджлівым ветрадуем кожнага, хто выбіраецца ў дарогу. У бяспецы адчувае сябе толькі той, хто разглядае жывую мокрую змейку шашы з утульнага аўто. Але гэткі “кайф” зусім не спакушае Пятра Пятровіча Квяцінскага, кіраўніка клуба “Белыя вароны”, які штодзень накручвае “свае 84 км” па Верхнядзвіншчыне і за яе межамі. З усіх транспартных сродкаў Пятровіч аддае перавагу веласіпеду і горача пераконвае ўсіх у неаспрэчна карысных якасцях свайго “жалезнага сябра”. Клуб жа неўзабаве адзначыць 30-годдзе сваёй дзейнасці. У 2002 годзе яму было прысвоена пачэснае званне “народны”.
Дзесяцігоддзі існавання экзатычнага клуба напоўнены цікавымі падзеямі. Гэта дальнія веласіпедныя вандроўкі ў Мінск і Пецярбург, Прыкарпацце, Брэстчыну, Гомель і Адэсу; гэта вясёлыя маржаванні і паэтычныя вечарыны, спаборніцтвы і сустрэчы з цікавымі людзьмі; гэта і сур’ёзная праца па аднаўленні і захаванні гістарычнай памяці роднага краю – усяго не пералічыць. У клубе маецца шматтомны летапіс, з якім можа пазнаёміцца кожны цікаўны. Праўда, тамы выглядаюць несамавіта – у выглядзе кампактных альбомчыкаў, зробленых саматужна з “агульных” сшыткаў. Напісаныя ўласнаручна “доктарскім” почыркам Пятра Пятровіча, гэтыя міні-тамы тым не менш утрымліваюць мноства ілюстрацый, аўтографаў, цытат, выразак і нават дробных экспанатаў – сведкаў соцень вандровак, сустрэч, вечарын і іншых імпрэзаў, зладжаных “Белымі варонамі”.
Як і кожная “белая варона”, каханавіцкі завадатар незвычайных спраў атрымліваў не раз у свой адрас “цвярозыя” заўвагі, павучанні, а падчас і насмешкі. Але яго нястомная энергія не слабела перад надуманымі бар’ерамі і ўвасаблялася ў канкрэтныя справы, якія пакінулі вартыя павагі адмеціны ў Каханавічах і наваколлі.
Сябры клуба вярнулі з небыцця памяць пра беларускага фалькларыста, паэта і грамадскага дзеяча Ігната Храпавіцкага. Сёння кожны можа пакланіцца надмагільным помнікам славутага земляка і яго жонкі Саламеі – гранітныя пліты, зрынутыя ў гады ваяўнічага атэізму з могілак, “белыя вароны” вярнулі пад ахову векавечных дрэў; імем І. Храпавіцкага названы сквер на ростаньках важных шляхоў, на яго паляне ўсталяваны памятны камень з вершаваным прысвячэннем; ужо не раз былі зладжаны прадстаўнічыя святы і канферэнцыі ў гонар былога каханавіцкага памешчыка.
У Асётках, Выдрыцкіх і Гараватках хлопцы паднялі з зямлі помнікі на першасных магілах савецкіх воінаў-вызваліцеляў – тыя магілы пашпартызаваныя, звесткі пра іх занесены ў дзяржаўныя рэестры. Стаў традыцыйным прысвечаны Дню Перамогі велапаход да брацкай магілы на месцы былога вайсковага шпіталя ў лясах пад Задзежжам. У сваіх паходах велатурысты не прамінаюць ніводнай магілы ваеннага часу.
Дзейнасць “Белых варон” была неаднойчы заўважана сродкамі СМІ. Пра каханавіцкі клуб і пра яго кіраўніка пісалі газеты і распавядала радыё, здымаліся тэлевізійныя сюжэты і дакументальныя фільмы.
Калі разглядаць дзейнасць клуба праз параўнальную лупу часу, то сёння актыўнасць моладзевага крыла колішняй шумнай “зграі” прыкметна сцішылася, што ўласціва для сучаснага грамадскага жыцця ўвогуле. Сённяшнія маладзёны, якіх паменела ў вёсцы і колькасна, прагна ловяць магчымасці вызначыцца ў віртуальнай прасторы, а не ў жывой лучнасці з аднагодкамі, абмяжоўваючы тым самым свой жыццёвы абсяг.
Нібы прадчуваючы такую сітуацыю, П.Квяцінскі загадзя паклапаціўся аб стварэнні “падушкі небяспекі” для клуба: ужо не першы год пры ім дзейнічаюць згуртаванні па інтарэсах – “Сарокі”, дзе на чале з Таццянай Пятроўнай Бронінай ладзяць сустрэчы і святы “дзяўчаты на пенсіі”, і “Верабейкі” – школьная малеча. Менавіта на апошніх у кіраўніка спадзеў на перспектыву. “Верабейкаў” на веласіпедах бачылі ўжо далёка ад родных Каханавічаў, пра іх краязнаўчыя вандроўкі адгукалася аўтарытэтная газета “Мёрская даўніна”. Пятровіч лічыць, што малодшых шкаляроў варта далучаць да сур’ёзных спраў як мага раней, каб яны адчулі сябе грамадзянамі яшчэ да таго, як атрымаюць пашпарт. Тады ім не будзе пагражаць перспектыва згубіцца ў віртуальнай прасторы.
І, безумоўна, не старэе шматгадовы “базіс” клуба – яго вопытныя краязнаўцы, вандроўнікі, улюбёныя ў жыццё людзі з творчай жывінкай, гатовыя прыняць удзел у клубных цікавінах і самім ініцыяваць добрыя справы на карысць “малой радзімы”. Гэта Генадзь Давыдзёнак з Каханавіч і цяперашняя “гараджанка з Выдрыцкіх” Галіна Ягораўна Кухаронак, сужэнцы Алена і Уладзімір Ходасы з Бігосава, Наталля і Сяргей Лакоткі.
Добрым словам адгукаюцца, не губляючы ранейшых сувязяў з клубам, сябры з іншых гарадоў і краін: пісьменнікі і паэты Сяргей Панізьнік, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Шаронаў, краязнаўцы і гісторыкі Вітаўт Ермалёнак, Валянціна і Аляксандр Крук і іншыя. У архівах клуба беражліва захоўваецца памяць пра навукоўца-археолага Міхаіла Савіцкага, спевака Уладзіміра Вепрыка, пісьменніка Генадзя Геродніка і іншых знакамітых людзей Беларусі, якія пры сваім жыцці спрычыніліся да дзейнасці клуба “Белыя вароны”.
Няхай жа і надалей крынічыць жывінка чалавечага яднання ў Каханавічах – геаграфічным цэнтры Верхнядзвіншчыны!
А. Бубала,
“Белая варона”
нумар адзін”.