Са святам Божага Нараджэння віншуем каталіцкіх вернікаў!

Актуально Духовность

«І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». (Евангелле ад Лукі 2,10-12).
Урачыстасць Божага Нараджэння заўсёды напоўненая ўзнёслай радасцю і душэўным супакоем. Святочная ілюмінацыя, пах ялінкі, агеньчыкі свечак, вігілійны стол, віншаванні і падарункі абуджаюць найлепшыя чалавечыя пачуцці. Кожны чалавек “ад мала да вяліка” адчувае незвычайную і таямнічую атмасферу калядных святкаванняў. Мы ўсведамляем, што за бачнымі знакамі святочных рэчаў і сімвалаў крыецца дзіўная гісторыя ўцелаўлення Божага Сына.
Усемагутны Бог, які прыходзіць на зямлю як звычайны чалавек, прагне раздзяліць з людзьмі моц сваёй любові. “Моц удасканальваецца ў слабасці”, – вучыць нас апостал Павел у пасланні да Карынфянаў. Таму Нябесны Айцец пасылае свайго Сына да людзей не ў якасці магутнага волата, а ў выглядзе безабароннага дзіцяці. Менавіта Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях, стане пераможцам граху і смерці. І моцай гэтай перамогі будзе бязмежная любоў Бога да чалавека.
Вялікая радасць, абвешчаная бэтлеемскім пастухам больш за дзве тысячы год таму, і сёння адгукаецца ў сэрцах людзей ХХІ стагоддзя. Змяняюцца пакаленні, мінаюць эпохі, але людзі нязменна яднаюцца ў імкненні дакрануцца да таямніцы Божага Нараджэння. Няхай жа гэты святочны час будзе для нас магчымасцю сабрацца разам са сваімі роднымі і блізкімі за сямейным сталом і на супольнай малітве ў касцёле. Магчымасцю падзяліцца сваёй любоўю і ўзмацніць сваю веру. А таксама адчуць, што радасць, абвешчаная анёлам для ўсяго народу, адгукаецца і ў маім сэрцы, перамяняе маё жыццё да лепшага.
З найлепшымі і найсардэчнейшымі каляднымі віншаваннямі,
кс. Чэслаў і кс. Аляксандр.
Расклад святых Імшаў
на перыяд Божага Нараджэння:
Аўторак (24.12) – вігілія Божага Нараджэння – 22.30
Серада (25.12) – урачыстасць Нараджэння Пана – 10.00
Чацвер (26.12) – свята св. Стэфана– 10.00 і 18.00.
Пятніца (27.12) – свята святога апостала Яна – 18.00.
Субота (28.12) – свята немаўлят-мучанікаў – 10.00.
Нядзеля (29.12) – свята Святой Сям’і – 10.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *