Зінаіда Іванаўна ПУТРОНАК,
в. Ваўкі Дзёрнавіцкага сельсавета.
Нарадзілася я 5 снежня 1930 года ў сям’і прозвішчам Мядзель. Калі пачалася вайна, мне было дзесяць гадоў. Вакол нашай вёскі быў густы лес, таму тут пачаў арганізоўвацца партызанскі рух. Гэта была партызанская зона. Немцы даведаліся пра тое і сталі бамбіць нашы Ваўкі. Усе жыхары ўцякалі ў лес і хаваліся ад бамбёжкі ў зямлянках, якія выкапалі пад гарой. У кожнай сям’і была свая асобная зямлянка.
Калі партызаны адужэлі, то сталі весці работу сярод насельніцтва: вучыць, як ратавацца ад бамбёжкі, рабіць акопы каля сваіх зямлянак. Для акопа вырывалі глыбокую яму на ўсіх членаў сям’і, каб яны маглі сесці. Рабілі насціл з дошак або бярвення, лаз з дзверцамі. І, як толькі чулі гул самалётаў, усе хутка клаліся ў лаз нагамі наперад, і пашлі – папаўзлі ў акоп. Што цікава, немцы бамбілі менавіта тое месца, дзе было насельніцтва. Як яны даведваліся, не ведаю. Людзі розныя сустракаліся. Але паліцаяў у нашай вёсцы не было.
У акопах мы пераседжвалі не толькі бамбёжкі, але нават экспедыцыі. Колькі разоў ішлі карнікі – і нас не знаходзілі. Ідуць немцы ў нас над галовамі. Чуем толькі: «хрусь-хрусь», чуем, як размаўляюць, стаяць, «ходзяць па нас». Але ніводнай сям’і не знайшлі.
Там нас шмат было. Уся вёс-ка хавалася. Мы ведалі адзін аднаго, дзе хто размяшчаўся. Вельмі добра маскіравалі акопы. Засыпалі дакладна такой «луской», як на зямлі. На дзверцы ялінку ставілі. Як толькі ляжаш, палачку прыбярэш, так дзверцы «плясь!» – і зачыніліся. Там толькі цяжка дыхаць было. А калі фашысты пройдуць, тады хто-небудзь першы выбіраецца і крычыць, што можна выходзіць. Здраднікаў сярод жыхароў не было. Так мы і прасядзелі ў лесе, пакуль немцы не сышлі зусім.
Аднойчы я і некалькі хлопцаў пасвілі ў поле кароў і авечак. Тут раптам прыляцеў самалёт. Мы ўпалі на зямлю, ляжым і бачым, як самалёт ляціць нізка-нізка – нават відаць, як немец з кабіны высунуўся. Абляцеў круг, а потым выбуховыя шашкі пачаў скідваць. Яны ірвуцца, каровы і авечкі нашы мітусяцца, у розныя бакі разбягаюцца. Але ні ў каго не патрапіла.
Вёску выпалілі фашысты дашчэнту. Спецыяльна наляцеў самалёт і спаліў вёску. Палілі з самалёта – палівалі нейкай вадкасцю. Мы бачылі, як самалёт ляціць, адну хату вадкасцю абліе – і яна пачынае гарэць, другую абліе – яна таксама гарыць. Выпалілі нашы Ваўкі цалкам. І суседняя вёска Верасенцы пад бамбёжку трапіла.
Калі вёску палілі, загінула мая бабуля, мама бацькі. Ёй было 90. Яна не хацела і не магла з намі бегчы ў лес. Засталася ў вёсцы ў сваім доме. Так і згарэла разам з хатай падчас той бамбёжкі.
Пасля вызвалення мы вярнуліся ў вёску. Але ад яе зусім нічога не засталося, і наша сям’я пераехала жыць у Боркавічы. Там я скончыла школу. Працавала ў бібліятэцы ў Дрысе, а затым у сельсавеце ў Боркавічах. А нашу вёску Ваўкі так і не аднавілі.
Успамінаю пра вайну і не магу – так цяжка. Сэрца калоціцца ад гэтага ўсяго. Страшна было. Смерці чакалі, але, дзякуй Богу, усе неяк выжылі.
Успаміны запісала настаўніца Боркавіцкай СШ Вольга Валер’еўна Вільчынская і навучэнцы школы.