На базе краязнаўчага музея сярэдняй школы №2, якому ў 2020-м спаўняецца 60 гадоў, дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах «Юные экскурсоводы». Пад кіраўніцтвам Ларысы Іванаўны Дзевяковіч дзеці рознага ўзросту вывучаюць гісторыю сваёй малой радзімы і могуць пазнаёміць з ёй усіх жадаючых.
Кожны занятак – гэта цікавае падарожжа ў мінулае. Спачатку юныя краязнаўцы разам разбіраюць новую тэму, а пасля займаюцца індывідуальна. Вучні маюць сваю «спецыялізацыю» – гэта пэўны адрэзак часу або частка музейнай экспазіцыі, па якім яны могуць правесці экскурсію. Напрыклад, Елізавета Буцько – экскурсавод па гісторыі горада і раёна. Яна нязмушана і цікава расказвае пра лёс Верхнядзвіншчыны ад часоў Андрэя Полацкага да нашых дзён.
А Платон Паздняк не толькі ведае ўсё пра Асвейскую трагедыю і звязаныя з ёй экспанаты, але і паспеў стаць сапраўдным даследчыкам! На хатнім агародзе ён знайшоў чарапкі, якія навуковыя супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея аднеслі да XVI стагоддзя, з сябрам, таксама «юным экскурсаводам» Іллёй Марачкоўскі, правёў “раскопкі” і зараз піша даследчую работу!