У вельмі складаных умовах праходзіць сёлета ў раёне яравая сяўба. Пракаменціраваць ход работ мы папрасілі першага намесніка начальніка райсельгасхарчу Л. К. ГРЭСЬКО:
-Нядаўна праводзіўся аблёт тэрыторыі вобласці на верталёце — зверху наш раён самы праблемны: да трэці плошчаў у вымачках, на палях — цэлыя азёры. Гэта — вынік і «мокрай» вясны, і прыроднай асаблівасці раёна. Усё ж маем самую працяглую ў Беларусі рачную сетку, нізінныя вільготныя землі. У выніку нераўнамернага выспявання глебы сяўба ідзе выбарачна, з вялікай нагрузкай на людзей і тэхніку. Тым больш, што і пасяўное поле агромністае — 21 тысяча гектараў.
Пры ўсіх гэтых цяжкасцях сейбіты праяўляюць выключнае майстэрства і гаспадарлівасць. Калектыў ААТ «Прудзінкі» не толькі поўнасцю адсеяў яравыя зерневыя, заканчвае пасадку бульбы і сяўбу даўгунцу, але і правёў работы на прыватных участках жыхароў аграгарадка, дапамог тэхнікай іншым гаспадаркам.
Выдатна арганізавана сяўба ў СП «Лявонішана» — адзінай гаспадарцы, дзе работы вядуцца ў дзве змены. У сладанейшых умовах, пры нізкай контурнасці палёў, цяжкіх глебах лявонішанцы праяўляюць адметную хватку. Тут, сапраўды, усе працуюць на ўраджай.
Як заўсёды ўмела справіліся з вялікім аб’ёмам работ на сваіх праблемных суглінках хлебаробы ААТ «Шайцерава».
Сяўба яравых зерневых падыходзіць да фінішу: усе сілы кінуты на дапамогу ААТ «Сакалоўшчына», дзе найбольшыя вымачкі, СП «Дрысенскі», «Каханавічы» і «Боркавічы» — тут па розных прычынах сяўбу праводзіць таксама складана. Лічу, што за два дні зерневую групу, а таксама лён і рапс, пасеем. Застануцца бульба, кукуруза, якая размесціцца на 5 тысячах гектараў, іншыя культуры, тэрміны сяўбы якіх больш працяглыя.
Трэба заўважыць, што нязвыклае майскае цяпло паглыбіла і іншыя клопаты: трэба шмат сіл аддаваць барацьбе са шкоднікамі і пустазеллем. Пры гэтым нельга забываць, што і корманарыхтоўка падганяе: травы абяцаюць выспець датэрмінова. Так што працуем напружана — кожны ж веснавы дзень на вагу золата.
С. ДЗВІНСКАЯ.