Юбілей адзначае святар Росіцкага касцёла

Духовность

Юбілейны дзень нараджэння адзначае настаяцель Росіцкага касцёла Святой Троіцы Часлаў Курэчка.

Наўрад ці ёсць патрэба прадстаўляць гэту асобу: айца Часлава ведаюць не толькі на Верхнядзвіншчыне, але далёка за межамі раёна. Святар з вялікім духоўным і творчым патэнцыялам, таленавіты арганізатар, клапатлівы і гасцінны гаспадар, камунікабельны і сардэчны чалавек, ён заслужыў павагу і высокае прызнанне ва ўсёй Беларусі. Парафію айца Часлава Курэчкі наведваюць высокія дзяржаўныя асобы і валанцёры з розных куткоў краіны, у Росіцу прыязджаюць экскурсіі з блізкага і дальняга замежжа, сюды прыбываюць тысячы пілігрымаў з усяго свету. Заслугі Часлава Курэчкі за ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці і прапагандзе здаровага ладу жыцця адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Айцец Часлаў — лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны”, уладальнік многіх іншых прэстыжных узнагарод. Але працуе, як гаворыць сам, не за славу. А каб зрабіць душу чалавека чысцей, а зямлю нашу – прыгажэй.
Раённая газета неаднойчы расказвала аб ініцыятывах і дасягеннях росіцкага святара. Аднак звярнуцца да яго асобы ў чарговы раз варта не толькі з нагоды юбілею. Айцец Часлаў – чалавек няспыннага пошуку і руху, у якога што ні дзень – цікавая ідэя, што ні месяц – арыгінальны праект. І сёння тут увасабляюцца ў жыццё новыя задумы. Менавіта гэта апантанасць справай і нястомная энергія дазволілі яму ператварыць Росіцу ў сапраўдны духоўны цэнтр нашага краю і клічуць сюды зноў і зноў.
У Верхнядзвінскім раёне айцец Часлаў працуе 13-ы год. А ўсяго святарскі стаж перавышае два дзесяцігоддзі. Родам з Браслаўшчыны, ён выхоўваўся ў працавітай і пабожнай сям’і, рана пачаў самастойнае жыццё: па заканчэнні тэхнікума працаваў поварам, служыў на Паўночным флоце. Адчуўшы святарскае пакліканне, закончыў Рыжскую духоўную семінарыю і вярнуўся ў родную Беларусь.


Цяпер ніхто не сумняваецца, што менавіта Божы провід накіраваў яго ў Росіцу – месца, дзе патрабавалася служэнне менавіта такога неардынарнага і захопленага справай чалавека з выключным талентам згуртоўваць людзей на стварэнне. Зямля з гераічнай і трагічнай гісторыяй заслугоўвала таго, каб аб ёй даведаліся ў свеце, каб яна служыла людзям крыніцай духоўнасці. Гэту задачу адраджэння і ўзяўся выконваць падзвіжнік веры.
Менавіта асаблівая гісторыя Росіцы стала падмуркам у будаўніцтве святаром і яго паплечнікамі моцнага духоўнага цэнтра. Адноўленыя па расказах сведкаў і архіўных звестках падзеі ляглі ў аснову будучага санктуарыя благаслаўлёных мучанікаў. У лютым 1943 года Росіца трапіла пад карніцкую экспедыцыю, у якой загінула 1528 чалавек. У гэтых трагічных абставінах святары-марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра праявілі надзвычайную моц духа – да канца выканалі сваю місію, прыняўшы пакутніцкую смерць. Подзвіг росіцкіх ксяндзоў увекавечаны касцёлам — яны кананізаваны ў 1999 годзе.
Айцец Часлаў стаў надзейным арганізатарам і натхняльнікам работы па адраджэнні Росіцкай святыні з яе глыбокім духоўным сэнсам. Валодаючы талентам пераканання і мастацкім чуццём, ён ператварыў касцёл у месца паломніцтва тысяч людзей. Двойчы ў год праводзяцца дні ўспаміну росіцкіх пакутнікаў, на якія збіраюцца пілігрымы з Беларусі і замежжа, каб памаліцца і папрасіць дапамогі заступнікаў у розных патрэбах.
Росіца сустракае іх асобай атмасферай любові і прыгажосці. Айцец Часлаў імкнецца надаць святому месцу адпаведны яго велічы выгляд. У храме праведзены рамонт, адноўлены канструкцыі і фрэскі, зроблены агароджа і дваровы комплекс з альтанкамі, ліхатарамі, мосцікамі, дарож-камі, зялёнымі газонамі і кветнікамі. Абсталяваны мемарыял памяці на месцы гібелі Благаславёных. Да возера вядзе алея з туй і барбарысу, якія сімвалізуюць цярністы шлях пакутнікаў. Сваё сімвалічнае значэнне маюць ліпавая і дубовая алеі, плакучыя івы, рознакаляровыя кветнікі.
Касцёльная тэрыторыя патанае ў кветках, якімі гаспадар святыні займаецца з асаблівай любоўю і выключным густам. Адных толькі відаў квітнеючых раслін і кустоў – звыш 300. Кожную вясну ён высаджавае 1528 цюльпанаў – па колькасці ахвяраў росіцкай трагедыі. Кветкі акружаюць святыню з усіх бакоў, прычым радуюць вока не толькі прывычныя ружы ці вяргіні, але і экзатычныя магноліі, а на возеры – рознакаляровыя німфеі. Ператварэнне Росіцы ў райскі куточак, які прыцягвае людзей, даецца цяжкай працай: святар сам ускопвае кветнікі, афармляе клумбы, садзіць кветкі, высякае кустоўе. А яшчэ ўмела далучае да рэалізацыі сваіх праектаў іншых.
– Усё, што ўдалося зрабіць у Росіцы, – плён сумесных намаганняў, – сцвярджае айцец Часлаў. – За гэта шчыра ўдзячны раённай уладзе, мясцовым арганізацыям і сельскаму Савету, добраахвотным памочнікам з нашага раёна і валанцёрам з іншых мясцін. Але ў тым, што на яго ініцыятывы адгукаюцца, зноў жа заслуга святара. Немагчыма заставацца раўнадушным, бачачы, якую важную справу робіць айцец Часлаў, як імкнецца прынесці карысць людзям.
Знаходзіць ён аднадумцаў і ў рэалізацыі духоўна-культурных мерапрыемстваў. У Росіцы абсталяваны Дом пілігрыма, праводзяцца сустрэчы сем’яў, маці і бацькі, святы кветак, працуюць дзіцячыя лагеры адпачынку, ладзяцца сумесныя калядныя і велікодныя ўрачыстасці. Гаспадар святыні ўмее надаць ім асаблівы “росіцкі” настрой з сяброўскай атмасферай, духоўнай узнёсласцю і чысцінёй, тэматычным убраннем тэрыторыі, святочнай ілюмінацыяй, феерверкамі, адмысловым пачастункам. Толькі ў Росіцы можна ўбачыць столькі бусліных гнёздаў і пікіруючых птушак вакол святыні, лебедзяў і карункі гарлачыкаў на возеры, квітнеючыя каскады кветак і кустоў па берагах. А яшчэ – пакаштаваць духмяную грыбную поліўку і іншыя стравы, якія айцец Часлаў рыхтуе з прафесійным майстэрствам і стараннем, як і ўсё, што робіць у жыцці.
У гэтыя дні актыўна працуе на добраўпарадкаванні. Падрых-тоўка да новага сезону тут пачалася яшчэ ў лютым – мяккая зіма дазваляла. Высейваў расаду, арганізоўваў падрэзку і высечку кустоў і нават рыхтаваў дзёрн для кветнікоў. З апошніх яго праектаў – абсталяванне Пляца мучанікаў, дзе ўстаноўлены Крыж і зроблены мемарыял памяці. Удалося адрэстаўрыраваць у Віцебску былыя касцёльныя вароты, іх устанавілі на ўваходзе на Пляц, як сімвал Брамы ў вечнасць. Частка пліткі, якой выкладзены шлях да Крыжа, – з той самай падлогі, на якой росіцкія пакутнікі сядзелі перад дарогай у агонь. Неўзабаве ля мемарыялу з’явіцца восем валуноў з благаславеннямі са Святога Пісання, дзе вернікі змогуць прайсці з малітвай Крыжовую дарогу.
На касцёльнай тэрыторыі плануе ўдасканаліць ландшафтны дызайн, зрабіць тэрасу з кветак і кустоў да помніка воіну-вызваліцелю, ажыццявіць новыя задумы, аб якіх пакуль не расказвае. Айцец Часлаў вельмі тонка і вобразна ўспрымае прыроду і ўмее звязаць яе праявы з жыццём чалавека. Кожная расліна ў яго мае значэнне і падкрэслівае непаўторнасць гэтага свету. Аб адным шкадуе – месца на ўсё не хапае, кветак столькі, што няма куды садзіць.
А як хапае на ўсё часу і сіл? На такое пытанне святар адказвае проста і шчыра: “ Гэта прыемныя справы. Калі любіш людзей, хочаш рабіць ім дабро, ачышчаць іх душы, то праца толькі на радасць. Да таго ж, якая асалода бачыць плён сваіх рук! У нас ужо распусціўся першы цюльпан, даўно цвітуць прымулы і крокусы, а днямі прыляцелі буслы. Глядзіш на ўсё – душа спявае!”. Айцец Часлаў у хвіліну адпачынку сядае на любімую лаўку і радуецца белакрылым птушкам і ўсяму дзівоснаму хараству прыроды. Але доўга “медытаваць” яму не ўдаецца.
– Каб і хацеў засумаваць, не магу, – з прысутным яму гумарам заўважае гаспадар. – Гадзіны не праходзіць, каб хто не “улез” у двор: то госці, то памочнікі. А я і рады: значыць, людзям тут добра, значыць, працую недарэмна.
Людзі ахвотна прыязджаюць да святара, бо знаходзяць у яго пасілак душы, падмацоўваюцца парадамі, мудрай навукай, сардэчным яднаннем. Айцец Часлаў спадзяецца, што 16 мая ў Росіцы адбудзецца вялікая ўрачыстасць: пасвячэнне ў святарства новага марыяніна. Да гэтай даты плануе таксама сабраць пілігрымаў на свята сям’і, парадаваць цвіценнем веснавых кветак.
Азіраючыся на пройдзены шлях, святар заўважае, што не памыліўся ні ў выбары справы свайго жыцця, ні ў месцы, дзе ўвасабляе свой патэнцыял.
– Я зрадніўся з гэтай зямлёй, якая прагне спагады, малітвы і працы, – гаворыць айцец Часлаў. – І хацеў бы застацца тут назаўсёды.
Несумненна, і росіцкая зямля знайшла свайго сейбіта, які пакіне на ёй неўміручую спадчыну, якая будзе даваць добрыя ўсходы.
Яніна Пакульневіч.

Вiншуем!
Ад усёй душы віншуем з юбілейным днём нараджэння настаяцеля Росіцкага касцёла Святой Троіцы айца Часлава Курэчку!
Шаноўны айцец Часлаў!
Дзякуем за Вашу нястомную працу, цярпенне, мудрую навуку і добразычлівасць да людзей.
Няхай добры Бог адорыць Вас доўгім і плённым пастырскім шляхам, Маці Божая атуляе сваёй любоўю і апекай. Божага благаславення і падтрымкі ва ўсіх Вашых справах, здароўя і плёну ў працы!
Вернікі Верхнядзвінскай парафіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *