Как праздновали юбилеи Победы в 60-70 годы прошлого века

Память

Свята Вялікай Перамогі ва ўсе часы было асаблівай датай для нашага народа. У архіве рэдакцыі захаваліся нумары газет з рэпартажамі аб тым, як праходзіла святкаванне ў розныя дзесяцігоддзі. Першыя гадавіны Дня Перамогі “зіхацелі” ад ззяння ордэнаў і медалёў на грудзях удзельнікаў вайны, якія выходзілі на святочнае шэсце і мітынгі памяці. Пазней, калі ветэранаў станавілася ўсё менш, свята паступова набывала фармат памяці, якую падхоплівалі маладыя пакаленні. Мы пагарталі газеты, са старонак якіх вее жывой гісторыяй.

1960-я гады
Да вялікіх святаў у тыя часы ўсе калектывы рыхтавалі працоўныя падарункі. І да 15-й гадавіны Вялікай Перамогі жывёлаводы рапартавалі аб высокіх надоях малака. Адметна, што Дрысенскі раён і тады займаў першае месца ў вобласці па яго вытворчасці. Лідарамі спаборніцтва былі даяркі арцелі “Запаветы Ільіча”, якія за чатыры месяцы атрымалі на карову па 800-900 кг малака. Зразумела, працэс даення тады ішоў уручную.
Былыя ўдзельнікі вайны працавалі на самых адказных вытворчых участках. Менавіта яны найчасцей былі героямі і аўтарамі газетных артыкулаў. Цікава расказваў аб сваім ваенным, а затым працоўным шляху брыгадзір трактарнай брыгады калгаса імя Леніна П. Касач. У гады вайны ён працаваў на танкавым заводзе, а пасля Перамогі – з мірнымі сталёвымі конямі. Выпрацоўка на трактар у брыгадзе Касача складала 660 гектараў умоўнага ворыва, што было высокім дасягненнем. Хаця ў гаспадарцы хапала ручной працы, імкліва наступала механізацыя ўсіх вытворчых працэсаў, да 1960 года была завершана электрыфікацыя гаспадаркі.
Для сучаснікаў з высокахуткасным інтэрнетам наўрад ці зразумелыя інфармацыйныя тэхналогіі таго часу. Але вялікім дасягненнем для раёна было паведамленне начальніка райканторы сувязі А. Шалухі аб тым, што да 15-годдзя Вялікай Перамогі ў раёне завершана радыёфікацыя вёскі: абсталявана 10 радыётрансляцыйных вузлоў, забяспечана работа 6387 радыёкропак і 1500 – радыёпрыёмнікаў.
Зразумела, нямала артыкулаў прысвячалася баявым подзвігам нашых продкаў. Аб удзеле ў баях па вызваленні Віцебшчыны расказаў супрацоўнік райваенкамата У. Мароз. Падрабязна дзеліцца ўспамінамі аб рэйкавай вайне ў Дрысенскім раёне былы начальнік штаба партызанскага атрада імя Кірава Дрысенскай партызанскай брыгады А. Хаткевіч.
Аб святкавані Дня Перамогі ў Дрысе паведамляецца так: «9 мая ў памяшканні раённага Дома культуры адбыўся ўрачысты сход працоўных Дрысы, прысвечаны святу Перамогі. З дакладам аб 15-й гадавіне з дня перамогі над фашысцкай Германіяй выступіў тав. Лагуцін».
Святкаванне 20-й гадавіны Вялікай Перамогі ў раёне праводзілася ўжо не толькі ў райцэнтры, але і на Кургане Дружбы, які быў насыпаны на стыку трох брацкіх рэспублік. І ўдзел ва ўрачыстасцях прымалі як жыхары Верхнядзвіншчыны, так і сябры з памежных раёнаў Расіі і Латвіі.
На мітынгу ў райцэнтры да помнікаў усклалі вянкі і першыя веснавыя кветкі – пралескі. Перад землякамі выступіў былы камандзір партызанскага атрада імя А. Неўскага У.У. Гардзей.
Аб сваім баявым шляху на старонках газеты расказаў палкоўнік у адстаўцы, інструктар РК КПБ Н. Савіцкі, які вызваляў Полацк і поўдзень Дрысенскага раёна. Н. Савіцкі узначальваў штаб 79-й брыгады 19-га танкавага корпуса, у складзе якога ваяваў у Крыме, а затым – на Віцебшчыне і ў Прыбалтыцы.
Аперацыю па падрыве варожага эшалона непадалёк ад Беніслаўскага раз’езду апісвае былы камандзір групы падрыўнікоў партызанскага атрада імя Кірава І Дрысенскай партызанскай быгады А. Васіленак.
З першых вуснаў вядзецца аповед аб барацьбе з ворагам камандзіра І Дрысенскай партызанскай брыгады А. Грыгор’ева, былога сакратара Асвейскага падполля РК ЛКСМБ В. Хвежанкі, былога камандзіра партызанскай групы атрада “Баявы” С. Казачонка.
Чытаючы гэтыя ўнікальныя расказы непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, не пакідае пачуццё захаплення маштабам кожнай гэтай асобы – людзей, якія здзейснілі сапраўдныя подзвігі і пры гэтым засталіся сціплымі, добразычлівымі, з пачуццём гумару, імкненнем прыносіць найбольшую карысць на сваіх працоўных пасадах. Такім было яно, пакаленне пераможцаў.
1970-я гады
Да 25-годдзя Вялікай Перамогі раённая газета выйшла ў двухкаляровым адлюстраванні, што для таго часу было прагрэсіўным крокам, які патрабаваў немалых высілкаў друкароў. На яе старонках змешчаны здымкі фотахронікі ТАСС франтавой пары, а таксама святкавання 9 мая 1945 года.
Сярод герояў-землякоў, якія адзначалі пераможную вясну ў Берліне, К.Ю. Бондар з Крывасельцаў. У газетным артыкуле расказваецца аб франтавых дарогах капітана ў адстаўцы, які камандаваў процітанкавай батарэяй. Канстанцін Юльянавіч усю вайну ваяваў на перадавой: змагаўся пад Сталінградам, на Курскай дузе, на Дняпроўскім плацдарме, прайшоў з баямі Польшчу, фарсіраваў Віслу, ваяваў пад Варшавай і рушыў на Берлін. Яго гарматы змоўклі толькі пад рэйхстагам, на сцяне якога пакінуў свой подпіс храбры воін. А такімі ўзнагародамі, якія атрымаў за свой гераізм афіцэр-артылерыст, могуць пахваліцца нямногія нават сярод славутых франтавікоў. К.Ю. Бондар адзначаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, Аляксандра Неўскага, многімі баявымі медалямі. Пасля вайны вядомы ў раёне франтавік дапамагаў узнімаць з руін народную гаспадрку.
Раёнка расказвае таксама аб баявых подзвігах камандзіра партызанскага падраздзялення Г. Кабзуна, вядомага ў раёне супрацоўніка міліцыі, а у вайну партызана атрада імя Фрунзе У. Лебедзя, артылерыйскага разведчыка В. Тараненкі.
9 мая верхнядзвінцы праходзяць урачыстым шэсцем да гарадскога сквера, дзе адбываецца ўрачысты мітынг. Урачыстасці ладзяцца і ў Асвеі, дзе мясцовыя жыхары ўскладаюць вянкі да помніка-абеліска загінуўшым воінам і на брацкую магілу. На мітынгу выступіў бацька загінуўшага пры вызваленні Асвеі капітана Чырвонай Арміі Чэкніна Іван Васільевіч Чэкнін, які прыехаў на свята Перамогі з Украіны.
Да трыццатай гадавіны Перамогі жыхароў раёна вітае са старонак газеты першы сакратар райкома КПБ У. Цацоха. Ён расказвае аб удзеле землякоў у барацьбе з фашысцкімі акупантамі. Верхнядзвіншчына панесла велізарныя страты, тут загінуў кожны другі жыхар, знішчаны аб’екты народнай гаспадаркі. Але мужныя і ахвярныя людзі выстаялі: тысячы патрыётаў самааддана змагаліся з ворагам і выгналі фашысцкую нечысць з роднай зямлі. Кіраўнік нагадаў аб працоўных дасягненнях, якімі сустракаюць свята жыхары раёна. Плануецца атрымаць з гектара па 27,5 ц збожжа, 170 – бульбы, 5,1 – льновалакна, мець на сто га сельгасугоддзяў па 502 ц малака і 105,5 – мяса.
Цэнтральныя ўрачыстасці Дня Перамогі праводзіліся ў гарадскім парку, дзе гасцей віталі кіраўнікі раёна: ветэраны вайны і прадстаўнікі працоўных калектываў. Пасля мітынгу адбыўся вялікі святочны канцэрт. Урачыстасці адбыліся ва ўсіх буйных населеных пунктах раёна.
Падрыхтавала
С. АЛЯКСАНДРАВА.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *