За чысціню рэк і вадаёмаў

Экологическая страница "Крынічка"

Пракуратурай раёна сумесна з Верхнядзвінскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету праверана выкананне заканадаўства аб рэжыме ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палос суб’ектамі гаспадарання.


Выяўлены шэраг парушэнняў сельскагаспадарчымі арганізацыямі патрабаванняў да размяшчэння і эксплуатацыі аб’ектаў, якія могуць выклікаць біялагічнае забруджванне верхавых і падземных вод. У прыватнасці, гэта датычыць СП «Асвейскі», дзе гноевыя сцёкі з жывёлагадоўчага комплексу траплялі ў балота, а адтуль у меліярацыйны канал, злучаны з ручаём, які ўпадае ў сажалку в. Міхаліна.
Парушэнні ўстаноўлены таксама ў дзейнасці ААТ «Антонава-Агра» і «Прудзінкі», дзе існавала пагроза забруджвання ракі Дрыса сцёкамі ад складзіраванага на тэрыторыі фермы гною. Падобны малюнак назіраўся і ў СВК «Вужыца», розніца толькі ў тым, што там існавала небяспека парушыць экалогію ракі Сар’янка.
Трэба сказаць, што пракуратурай раёна кіраўнікам большасці названых гаспадарак былі вынесены прадпісанні, якія ўжо выкананы, пагроза забруджвання рэк ухілена. А ў адносінах СП «Асвейскі» па патрабаванні пракурора пачаты адміністрацыйны працэс за ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 15.51 КоАП Рэспублікі Беларусь, дакладней, за незахаванне рэжыму ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палос або на водазаборах, іх забруджванне.
Нелішнім будзе напомніць, што ў адпаведнасці з Водным кодэксам Рэспублікі Беларусь для папярэджання зубруджвання, засмечвання і аслаблення водных аб’ектаў, а таксама для захавання асяроддзя знаходжання аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету на тэрыторыях, якія прылягаюць да водных аб’ектаў, устанаўліваюцца ахоўныя зоны. А ў іх межах — палосы строгага ахоўнага рэжыму.
Парушэнне Кодэксу прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да трыццаці, на юрыдычную асобу — да пяцідзесяці базавых велічынь.
П. СУХАЎ,
старшы памочнік пракурора раёна, юрыст 3 класа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *