Па беларускаму абраду

Жизнь сельских Советов

Упершыню ў Верхнядзвінскім ЗАГСе цырымонія шлюбу праведзена ў поўнай адпаведнасці з беларускімі абрадавымі традыцыямі.

Як адзначыла начальнік аддзела ЗАГС Р. А. Лынько, вяселле Сяргея Шышко і Аксаны Масквічовай было арганізавана па індывідуальнаму сцэнарыю, падрыхтаванаму з дапамогай работнікаў культуры. У ім прадугледзелі ўсе народныя абрадавыя традыцыі. Маладых сустракалі з беларускім рушніком, караваем і крынічнай вадой. Нявесце павязвалі руку чырвонай стужкай — абярэгам, а жаніху клалі ў туфлю манетку — для заможнага жыцця. Маладыя разам ступалі на рушнік, клалі далоні на хлебнае зерне, запальвалі сямейны агеньчык. А бацькі прынялі на вечнае захоўванне ключ ад сямейнага замка. Каб шлюб быў моцным і багатым, малолі збожжа, будучую гаспадыню частавалі мёдам і садзілі на поўную бочку — каб нараджалася шмат дзяцей. А маладому завязвалі для таго каляровы пояс.

Маладажоны падарылі дзецям з дамоў сямейнага тыпу спецыяльна заказаныя тарты, а прыёмным маці — кветкі. Малыя ж віншавалі маладых песнямі і вершамі.

Абрад вельмі спадабаўся гасцям і выклікаў пажаданні ў адрас культработнікаў праводзіць яго ў якасці платнай паслугі насельніцтву.

23/10/2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *