Новыя перамогі «Лялек»

Актуально Культура

Больш за 20 гадоў працы, сотні ўзнагарод разнастайных конкурсаў і невымерная колькасць таленту – усё гэта ўзорны дзіцячы калектыў «Лялькі».
Дзіцячы харэаграфічны калектыў «Лялькі» быў створаны пры раённым Доме культуры ў 1998 годзе, а ўжо ў 2001-м атрымаў ганаровае званне «ўзорны». З таго часу гэта адзін з вядучых верхнядзвінскіх калектываў. Амаль што ніводнае свята не абыходзіцца без іскрамётных танцаў юных зорак – асабліва рэгіянальны фестываль мастацтваў «Двина – Дзвіна – Daugava».
Зараз «Лялькі» налічваюць 46 творчых, таленавітых і актыўных удзельнікаў. Кіруе калектывам Людміла Сяргееўна Гуйда – выдатны педагог, харэограф, цікавы і неабыякавы чалавек. Дзеці яе любяць і паважаюць, на заняткі ходзяць з задавальненнем. Людміла Сяргееўна стварае і ставіць на сцэне шмат новых аўтарскіх танцаў, увесь час іх паляпшае і ўдасканальвае. Таксама пры раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці працуе харэаграфічная група для самых маленькіх, выхаванцы якой пасля ўваходзяць у склад «Лялек». А выпускнікі калектыву нярэдка звязваюць сваё жыццё з харэаграфіяй, вучацца ў каледжах мастацтва і ва ўніверсітэце культуры.
У снежні «Лялькі» дыстанцыйна прынялі ўдзел у IX адкрытым аглядзе-конкурсе харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карун-кі», прысвечаным заслужанаму дзеячу культуры Беларусі І.А. Серыкаву. Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да танцавальнага спаборніцтва ў гэты раз ішла цяжка – надвор’е не спрыяла рэгулярным заняткам, дзеці хварэлі, – маленькія артысты старанна, з зай-здроснай настойлівасцю хадзілі на рэпетыцыі. І іх намаганні не былі марнымі! «Лялькі» паказалі выдатныя вынікі: атрымалі Дыплом «За зберажэнне і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны», Дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі «Лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава» сярод удзельнікаў 13-15 гадоў, Дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі «Лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка, нацыянальныя матывы» сярод удзельнікаў 9-12 гадоў і Дыплом лаўрэата III ступені – сярод удзельнікаў змешанай групы.
Дырэктар РЦКіНТ Святлана Дзмітрыеўна Канавальчанка адзначыла: усе дасягненні калектыву – заслуга не толькі маленькіх артыстаў і іх настаўніцы.
– Асобныя словы ўдзячнасці хачу сказаць бацькам. За іх цярпенне, стойкасць, за тое, што літаральна жывуць разам з нашым калектывам – наведваюць ўсе канцэрты, калі спатрэбіцца – «працуюць» касцюмерамі, пераапранаюць дзяцей. І асабліва адзначу Дар’ю Стайнову і Валянціну Лапушынскую – гэтыя дзве мамы заўсёды побач, дапамагаюць у паездках, вырашаюць арганізацыйныя пытанні, – сказала Святлана Дзмітрыеўна.
Мінулы год быў не багаты на канцэрты, фестывалі і конкурсы, але нават у гэты няпросты перыяд «Лялькі» працягвалі працаваць і пацвярджаць сваё майстэрства. Спадзяёмся, што бягучы 2021-ы будзе для калектыву больш «ураджайным» і актыўным, поўным цікавых падзей і новых уражанняў!
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *