Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета бяспекі, на якім абмяркоўвалася павышэнне ролі гэтага калегіяльнага органа ў жыцці дзяржавы. Роля і паўнамоцтвы Савета бяспекі павінны быць сувымерныя з рызыкамі і пагрозамі цяперашняга часу, падкрэсліў Прэзідэнт.
У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні Савета бяспекі, была распрацоўка новага палажэння аб гэтым калегіяльным органе.
«Прынцыпова важна, каб новы акт заканадаўства, які ў дэталях рэгламентуе работу Савета бяспекі, не меў ніякіх абмежавальных грыфаў і стаў поўнасцю адкрытым для грамадства. Кожны жыхар Беларусі, асабліва ў цяперашніх умовах, павінен ведаць і бачыць, што ўсе рашэнні прымаюцца калегіяльна і адкрыта», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Важнейшай задачай Савета бяспекі быў і застаецца разгляд пытанняў унутранай і знешняй палітыкі ў кантэксце нацыянальнай бяспекі», – канстатаваў Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу, што дзейнасць усіх дзяржаўных органаў у пераадоленні сучасных выклікаў і пагроз павінна быць не толькі эфектыўнай, але і максімальна скаардынаванай.
«Улічваючы агрэсіўныя спробы ператварыць Беларусь, паводле тэрміналогіі Злучаных Штатаў Амерыкі, у «дзяржаву, якая не адбылася», мы павінны замацаваць за Саветам бяспекі новыя канкрэтныя, жыццёва важныя функцыі. Такое пашырэнне паўнамоцтваў будзе садзейнічаць забеспячэнню стабільнай і бяспечнай работы ўсёй дзяржавы і кожнага чалавека, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Усё гэта пытанні абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, пра якія і гаворыцца ў падпісаным мной 9 мая Дэкрэце».
Раскрываючы сутнасць прынятага 9 мая дэкрэта № 2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу», кіраўнік краіны растлумачыў, што дэкрэт патрэбны для таго, каб і члены Савета бяспекі, і мільёны грамадзян, якія падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, не хваляваліся за свой лёс: «Мы ўсе людзі. І, зразумела, у кожнага ёсць дзеці, унукі і іншае. І нашы непрыяцелі ў тым ліку павінны разумець, што такім чынам дэстабілізаваць краіну не атрымаецца».
Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта не значыць, што мы яго задзейнічаем адназначна. Толькі пры адным выпадку – пры замаху на жыццё і гібелі Прэзідэнта. Толькі!».
Ён таксама падкрэсліў яшчэ адзін момант: у выпадку, калі будзе задзейнічаны дэкрэт, галоўнае пытанне будзе аб выбарах Прэзідэнта і стабілізацыі ў краіне. «Але стабілізацыя будзе залежаць ад выбараў новага Прэзідэнта. І вось гэта пытанне павінна вырашацца пры ўдзеле губернатараў. Як і, магчыма, іншыя, якія вы вынесеце на пасяджэнне Савета бяспекі. Без губернатараў мы не вырашым ні адно пытанне ў краіне. Таму яны з правам голасу, як і ўсе члены Савета бяспекі. І будуць галасаваць па галоўным пытанні – калі, у якія тэрміны будуць праве-дзены выбары новага Прэзідэнта. Яны павінны быць да гэтага дачыненыя», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў і аб тым, як рыхтаваўся гэты дакумент: «Гэты дэкрэт мне ніхто не раіў – што, як… Наадварот, пяць разоў яго перапісвалі. Я прыняў рашэнне, каб усе рашэнні Савета бяспекі прымаліся тайным галасаваннем. Каб ніхто не стаяў над меркаваннем членаў Савета бяспекі».
«Што тут недэмакратычна, што тут не так? Вось сутнасць гэтага дэкрэта. А інтэрпрэтаваць яго можна па-рознаму, фантазіі ў людзей хапае. Але я хачу, каб вы разумелі, у чым сутнасць гэтага дэкрэта», – дадаў беларускі лідар.
Па матэрыялах БелТА.