У Верхнядзвінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе стала добрай традыцыяй пры падвядзенні вынікаў работы за вучэбны год вызначаць лепшых спартсменаў.
Іх выбіраюць з ліку выпускнікоў, якія актыўна займаліся ў спартыўных секцыях на працягу доўгага перыяду, дабіліся значных вынікаў у асабістых заліках, абаранялі гонар раёна на спаборніцтвах розных узроўняў.
Сёлета ганаровага звання «Лепшы юны спартсмен» удастоены Вадзім Кавалёнак з СШ № 2, Дзяніс Варывода з СШ № 1 і гімназіст Мікіта Белазор, якія пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Сцяпанавіча Чарнавока авалодалі майстэрствам гульні ў футбол і дастойна выступалі на шматлікіх турнірах.
Зараз у юнакоў адказная пара — абітурыентская кампанія, якая вызначыць, хто стане студэнтам. Мікіта Белазор бачыць сябе прафесіянальным спартсменам ці трэнерам, марыць аб факультэце фізвыхавання Віцебскага дзяржуніверсітэта.
Людміла АРЛОВА.