У Каханавічах прайшло свята аматарскіх аб’яднанняў

Актуально Жизнь сельских Советов

Свята аматарскай творчасці пад такой назвай прайшло ў аграгарадку Каханавічы – у прыгожым скверы, які носіць імя нашага земляка, вядомага грамадскага дзеяча, літаратара, збіральніка мясцовага фальклору Ігната Храпавіцкага.

На палянцы гасцей запрашала дакрануцца да беларускай спадчыны алея рушнікоў “Матчына песня”. Тут жа разгарнулася выстава-прэзентацыя аматарскіх аб’яд-нанняў і клубаў па інтарэсах раёна.
На свята завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Козел, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Масквічова, старшыня Каханавіцкага сельскага Савета Сяргей Вільчык, былы старшыня Валерый Ярмоленка, мясцовыя жыхары.
Вітаючы прысутных, Ірына Козел адзначыла прыгажосць гэтага гістарычнага месца і пажадала, каб свята не проста “прыжылося” на каханавіцкай зямлі, але стала яго сапраўдным брэндам.
Аб сваёй дзейнасці на сустрэчы распавядалі аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах раёна. Клубу “Ветэран” сёлета спаўняецца 30 год з дня прысваення звання “народны”. Яго ўдзельнікі спяваюць, займаюцца краязнаўствам і турызмам. Лепшымі гаспадынямі раёна з’яўляюцца ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца”. Майстры на ўсе рукі – гэта пра народны клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў раённага Дома рамёстваў. Неардынарных творчых людзей розных прафесій, інтарэсаў і поглядаў, злучыла народнае аматарскае аб’яднанне “Сучаснік” раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Тараса Хадкевіча.


Славяцца сваімі знаходкамі прадстаўнікі народнага клуба “Белыя вароны” Каханавіцкай бібліятэкі, захавальнікі сакрэтаў прыгажосці і здароўя з Асвейскага ГДК, майстры жанру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з другаснай сыравіны клуба па інтарэсах “Рукатворныя цуды” з Сар’і, рукадзельніцы жаночага клуба “Кудзесніцы” Валынецкага СДК і жаночы клуб “Субяседніца” Антонаўскага СДК. У кампаніі з імі – прадстаўнікі інтэлектуальнай суполкі аматараў кнігі і чытання з Відокскага, Сенькаўскага і Дзёрнавіцкага клубаў-бібліятэк.
І вось загучаў звонкі гармонік, запрашаючы на сцэну майстроў прыпевак. Прыклад паказала сапраўдны майстар прыпевак Ніна Кулагіна з Валынцаў. Музычную эстафету падхапілі Анастасія Махоцкая, Валянціна Пісарава, Алена Новікава, Лаліта Фісюк, Тамара Шыкунова, Наталля Ляшкевіч, Зінаіда Шлапак, Таццяна Курмель, Зінаіда Жырава і вакальная група “Дзяўчаты” з Дзёрнавічаў.
Дзе песні, там ніяк не абыйсціся без танцаў. Народны танец “На рэчаньку” паказала Любоў Марынская. Арына Дзенісёнак нагадала пра “Падэспань”, а кіраўнік народнага клуба “Ветэран” Марына Шчасная разам са сваёй камандай выканалі танец “Базар”. Жадаючым паказаць танцавальнае майстэрства была прапанавана полька.


Узгадаць, у якія ўборы прыбіраліся нашы матулі ды бабулі, таксама вырашылі ўдзельнікі свята. Атрымаўся сапраўдны паказ мод. Па сцяжынцы парку, быццам па подыуму, ва ўбраннях з матчыных куфэркаў прайшліся прыгажуні. Сукенкі з крымплену з адкладнымі каўнерыкамі, шыфонавыя свабоднага крою, упрыгожаныя дробнымі карункамі, з шалікамі ды хустачкамі – колькі ўспамінаў выклікалі яны ў людзей старэйшага пакалення!
Прадоўжыла мерапрыемства канцэртная праграма “Спявай, Каханачка!”, пасля якой прагучала шмат цёплых, шчырых слоў удзячнасці арганізатарам і ўдзельнікам свята. З пажаданнямі здароўя, цярпення, мудрасці Валерый Ярмоленка ўручыў абярэгавы кушак Сяргею Вільчыку. Сатканы верхнядзвінскімі майстрыцамі, ён здаўна быў не толькі ўпрыгожваннем, але і абярэгам, сімвалам доўгага працоўнага і жыццёвага шляху.
Падзякаваўшы ўдзельнікам свята за добры настрой, а мясцовай ўладзе за супрацоўніцтва і паразуменне ў арганізацыі раённага свята, дырэктар РЦКіНТ Святлана Канавальчанка аб’явіла пераможцаў раённага конкурсу на лепшае аматарскае аб’яднанне і клуб па інтарэсах “Разам – мы сіла!”, які доўжыўся з пачатку года. Дыпломам лаўрэата III ступені адзначаны жаночы клуб “Субяседніца”. Дыпломам II ступені ўзнагароджана народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца”. Пераможцам стаў народны клуб “Ветэран”.
Лепшай танцавальнай парай свята прызнаны дуэт Пятра Слабады і Таццяны Бачарэнка. Асобна журы адзначыла танцавальнае майстэрства Марыны Кіч і Алены Новікавай.
Выявіў пераможцаў і конкурс прыпевак “На ўсю акругу!”. У намінацыі “Эх, хараша прыпевачка!” перамагла Зінаіда Шлапак. Званне “Майстар прыпеўкі” заваявала Лаліта Фісюк, а “Званчэй за ўсіх” была Таццяна Курмель. Гран-пры конкурсу прысуджана Зінаідзе Жыравай.
Узнагароды атрымалі ўсе ўдзельнікі свята. Словы ўдзячна-сці прагучалі ў адрас спонсараў – Каханавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Стралкоўскага лясніцтва і СП “Каханавічы”.
На працягу некалькіх гадзін у парку гучалі смех, жарты, музыка, спевы і танцы, а яшчэ – шчырыя апладысменты гледачоў. Тут сустрэліся інтарэсы, захапленні, мары і добры настрой мноства творчых людзей, сапраўды шчаслівых, калі збіраюцца разам!
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *