У Верхнядзвінскім раёне клапоцяцца аб захаванасці ўраджаю

Актуально Жизнь сельских Советов

(Злева направа) аператары зернесушыльнага комплексу Аляксандр Папковіч і Сяргей Хламок працуюць зладжана і старанна.

На зернесушыльным комплексе ААТ «Прудзінкі» у гэтыя дні кіпіць работа. Адзін за адным пад’язджаюць грузавікі з налітым золатам насеннем пшаніцы. Задача аператараў – адправіць на зернеток ураджай у ідэальным стане, каб ён змог захавацца да вясны.
З абавязкамі паспяхова спраўляецца брыгада ў складзе Аляксандра Папковіча і Сяргея Хламка. За добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю аператары адзначаны Падзякай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу.
– З пачатку жніва перапрацоўка збожжа вядзецца ў бесперапынным рэжыме, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Курыкша. – Увесь сабраны хлеб, перад тым як адправіць на захоўванне, трэба давесці да патрэбнага ўзроўню вільготнасці – ён не павінен перавышаць 14%. Так зерне і захоўваецца лепш, і хваробы яго не паражаюць.
На зернесушыльнай устаноўцы КЗСВ-30 падчас уборачнай кампаніі працуюць чатыры аператары – па два ў змену. За ўсімі працэсамі сочаць Аляксандр Папковіч і Сяргей Хламок, яго сын і цёзка Сяргей Хламок і Вадзім Шурубнёў. Аператары працуюць зладжана і старанна, імкнучыся зрабіць як мага больш.
Зернесушыльны комплекс, нягледзячы на «сталы» узрост, мае добрую прадукцыйнасць. У цэлым ён дазваляе за суткі апрацаваць да 500 тон збожжа, так што «прудзінкаўцы» паспяваюць за змену высушыць практычна ўсё, што намалочана за дзень, і закласці ўраджай на захоўванне.
– Няпростая гэта справа, – гаворыць Сяргей Папковіч. – Рабочая змена пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і працягваецца 24 гадзіны. За гэты час нават прысесці некалі – кіраванне працэсамі адбываецца ўручную. Трэба паспець пракантраляваць вільготнасць збожжа на ўваходзе ў сушыльны апарат, яго стан унутры, а таксама пераканацца ў тым, што на выхадзе ўраджай мае неабходную для захоўвання вільготнасць. Неабходна таксама сачыць за тэхнічным станам агрэгатаў, каб не здарылася паломка. Лік цяпер ідзе на хвіліны. Хлебны канвеер не церпіць прамаруджвання.
* * *
ААТ «Прудзінкі» – у пяцёрцы лідараў раёна па тэмпах уборкі зерневых і зернебабовых культур, убрана ўжо звыш паловы плошчаў. Штодня ў палі выходзяць 7 зернеўборачных камбайнаў, 5 грузавых аўтамабіляў задзейнічаны на адвозцы збожжа.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *