Яшчэ адзін працоўны рэкорд на хлебнай ніве ўстанавіў камбайнер ААТ «Шайцерава» Васіль Косаў. Зусім нядаўна Васіль Паўлавіч стаў першым «тысячнікам» у раёне, а неўзабаве намалаціў дзве тысячы тон зерня і рапсу!
З працоўнымі перамогамі на жніве майстра поля віншавалі старшыня райвыканкама Васіль Шылаў, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Аляксей Гарбуль, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Зуй. Яны ўручылі хлебаробу Граматы і падарункі, выказалі шчырыя словы падзякі за працу, пажадалі здароўя, дабрабыту і новых працоўных перамог.
І хаця Васіль Паўлавіч ужо прывык да ўвагі – неаднаразова станавіўся лідарам на ўборцы зерневых і зернебабовых, а ў мінулым годзе нават паставіў два рэкорды ў адзін дзень – упершыню ў гісторыі гаспадаркі намалаціў 251 тону зерня за дзень і звыш 3400 тон з пачатку ўборкі, – усё ж крыху хваляваўся. Прыемна і ганарова прымаць узнагароды і віншаванні.
Дырэктар гаспадаркі Міхаіл Гумнянкоў адзначае працоўную хватку Васіля Косава, які ўлічвае кожную дробязь, любіць тэхніку і разбіраецца ў ёй і, увогуле, вельмі надзейны работнік. Пачаў працаваць у «Шайцерава» яшчэ да службы ў арміі, і нават на старэнькай «Ніве» у яго ўсё ладзілася. А зараз умела кіруе магутным New Holland.
Амаль па 1500 тон зерневых і рапсу запісалі на свае рахункі Дзяніс Ясюкевіч на «Ліда-1600» і Сяргей Ліпаўка – на КЗС-GS12AI. Вадзіцель Міхаіл Шкіндзер перавёз 2180 тон зерня, а яго калега Аляксандр Місюк –1866 тон.
Сёння шайцераўцы вядуць жніво на апошніх гектарах. Атрымана на круг 43 цэнтнеры збожжа. У засекі засыпана амаль 9 тысяч тон.
Хлебаробы УВП «Вужыца-Агра», СП «Боркавічы» і «Каханавічы» ужо завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур. І хаця ў гэтыя дні па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі хлебаробаў застаецца жніво, настаў час паклапаціцца аб будучым ураджаі. Убраныя палі заворваюцца, ідзе падрыхтоўка глебы і сяўба азімага рапсу.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.