Юбілейная дата ў Бігосава

Актуально Наш край

У гэтым годзе Бігосава святкуе адразу два юбілеі: 155-годдзе з дня заснавання населенага пункта і 95-годдзе чыгуначнага вакзала – архітэктурнага помніка і «візітнай карткі» аграгарадка.

Бігосава – аграгарадок у паўночна-заходнім напрамку ад Верхнядзвінска, цэнтр Бігосаўскага сельсавета і чыгуначная станцыя на лініі Полацк – Даўгаўпілс. Паселішча раскінулася на рацэ Росіца непадалёк ад мяжы з Латвійскай рэспублікай, таму тут змешчаны пагранічная застава і аддзяленне пагранічнага кантролю. Колькасць насельніцтва – 1658 чалавек (па інфармацыі на 1 студзеня 2021 года).
Бігосава мае развітую інфраструктуру: у аграгарадку ёсць бальніца, сярэдняя школа, Дом культуры, школа мастацтваў, дзіцячы сад, аддзяленні сувязі і банка, прамысловыя і прадуктовыя крамы, праваслаўны храм Архангела Міхаіла, каталіцкая парафія Святой Тройцы. Градаўтваральнае прадпрыемства – ААТ «Інвет» (былы завод «Зоаветінструмент», пабудаваны ў 1957 годзе). Аграпрамысловая сфера прадстаўлена прадпрыемствам ААТ «Баліны».

Гісторыя Бігосава пачынаецца ў 1866 годзе падчас увядзення ў эксплуатацыю ўчастка «Полацк – Дынабург» Рыга-Арлоўскай чыгункі, калі на месцы цяперашняга аграгарадка з’явілася станцыя Георгіеўская. Па некаторых звестках, пабудавана яна была на сродкі памешчыка Мальхаў фон Анкерфельда і назву атрымала ад яго маёнтка Геаргіянава. «Днём нараджэння» станцыі, а значыць і аг. Бігосава, прынята лічыць 20 кастрычніка 1866 года, калі праз яе прайшоў першы цягнік.
Спачатку Георгіеўская складалася толькі з драўлянага будынка станцыі, пакгаўза і жылога дома, але паступова пашыралася. У 1901 годзе быў пракладзены шлях для адчэпкі вагонаў, з’явіліся дамы для грузчыкаў і чыгуначнікаў. У 1904 годзе станцыя ўваходзіла ў склад Сушкоўскай воласці, налічвала тры двары і 23 жыхары, абслугоўвалася Росіцкай паштова-тэлеграфнай канторай.
Галоўная славутасць Бігосава – чыгуначны вакзал. Гэта помнік архітэктуры стылю мадэрн з абарончымі матывамі, які быў пабудаваны ў 1924-1926 гг. Будынак адметны тым, што арганічна аб’ядноўваў новыя на той час павевы ў архітэктуры і практычнасць пагранічнага аб’екта. Строгі і сіметрычны, як крэпасць, узвышаўся ён над чыгуначным палатном, уражваючы сваёй веліччу. А чаргаванне цаглянай і драўлянай кладкі толькі падкрэслівала гэтае незвычайнае спалучэнне грувасткасці і лёгкасці.
Вось як апісваецца бігосаўскі вакзал у кнізе «Памяць» Верхнядзвінскага раёна: «Цэнтральная частка вакзала квадратная ў плане, накрыта двусхільным дахам. Па вуглах – чацверыковыя зубчастыя вежы з высокім шатровым пакрыццём. Да цэнтральнай часткі з абодвух бакоў – з захаду і ўсходу – прымыкаюць двухпавярховыя і аднапавярховыя аб’ёмы. Сцены двухпавярховых бакавых крылаў аздоблены лапаткамі, прарэзаны вялікімі прамавугольнымі вокнамі. Такія ж аконныя праёмы маюць аднапавярховыя часткі будынка.
Рысы абарончага дойлідства прасочваюцца ў выступах сцен і аздабленні ўнушальных фасадаў, комінаў, у наяўнасці ніш, зубцоў і г.д. Дзякуючы гэтаму, будынак мае манументальны і рамантычны характар, што асабліва характэрна для паўднёвага фасаду, перад якім знаходзіўся сквер з фантанам».
Цікавай гісторыяй, звязанай з вакзалам, падзяліліся ў мясцовай бібліятэцы. У 1934 годзе праз чыгуначную станцыю Бігосава правозілі труну з целам Леаніда Вітальевіча Собінава – сусветна вядомага рускага опернага спевака, аднаго з лепшых лірычных тэнараў. Ён памёр у Рызе па дароге ў Маскву, і на савецка-латвійскую мяжу адразу ж была накіравана дэлегацыя для сустрэчы труны. З гэтай мэтай у Бігосава прыехалі калегі, сябры і знаёмыя памерлага – тагачасныя знакамітасці І.С. Казлоўскі, А.І. Аляксееў, О.Л. Кніпер-Чэхава, М.Г. Прудкін, М.Л. Мельтцэр, М.В. Шчаглоў, С.Н. Дубінін, А.В. Уладзіміраў і сакратар Леаніда Собінава Е.К. Еўстаф’ева.
Праводзіць у апошні шлях куміра прыйшлі і мясцовыя жыхары – перон быў перапоўнены. Група камсамольцаў загадзя схадзіла ў лес у пары кіламетраў ад станцыі і прынесла яловыя галінкі, з якіх пасля зрабілі гірлянды для афармлення. Калі цягнік з Рыгі прыйшоў, труну перанеслі ў прычапны багажны вагон, а на пероне пачаўся жалобны мітынг. Многія з прысутных артыстаў у сваіх успамінах пра гэты дзень адзначаюць цеплыню і чуласць бігосаўцаў, якія сустрэлі іх на вакзале і з гатоўнасцю дапамаглі ў нялёгкую хвіліну.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Бігосава было акупавана нямецкімі войскамі, са станцыі вывозілі насельніцтва для працы ў Германіі. У ваколіцах паселішча разгарнуўся партызанскі рух. Бігосаўскі вакзал «перажыў» і акупацыю, і рэйкавую вайну, але ў 1982 годзе Віцебская дыстанцыя шляху, якая з’яўлялася карыстальнікам будынка, знесла большую частку ўсходняга крыла. Пазней вакзал быў адрэстаўрыраваны і па гэты дзень уражвае людзей, якія прыбываюць на станцыю Бігосава, сваёй строгай прыгажосцю.

Ці ведаеце вы, што…

Сучасную назву паселішча атрымала вельмі незвычайным спосабам: у 1910 годзе мясцовыя памешчыкі разыгралі ў карты права перайменаваць чыгуначную станцыю. У спаборніцтве перамог Вітольд Нітаслаўскі, які вырашыў даць ёй «імя» ў гонар свайго маёнтка Бігусава (зараз – вёска Вопытная). «Бігос» або «бігус» – традыцыйная польская страва з квашанай капусты і мяса. Прыкладна ў 30-я гады ХХ ст. назва станцыі стала больш русіфікаванай – Бігосава.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *