Васіль Шылаў, старшыня райвыканкама:
– Сёння мы бачым: нават у неспрыяльнае дажджлівае надвор’е на кірмаш прыйшло многа людзей, а значыць, такія святы гандлю Верхнядзвінскаму раёну патрэбны. Тавары, прадстаўленыя сельскагаспадарчымі і прамысловымі прадпрыемствамі, карыстаюцца попытам у пакупнікоў, а гэта гаворыць аб тым, што кірмашы трэба праводзіць, прычым, не толькі раз у год. Жыхары раёна павінны мець магчымасць купіць мясцовую прадукцыю ў шырокім асартыменце і па цэнах ад вытворцы.
А прапанаваць нашы прадпрыемствы могуць многае: на кірмашы ёсць збожжа, бульба, мясныя вырабы, прадукцыя перапрацоўшчыкаў. Шчодрыя восеньскія прылаўкі сведчаць аб тым, што раён добра папрацаваў на вырошчванні і ўборцы ўраджаю, вытворчасці мяса і малака. Нядаўна мы вярнуліся з абласных «Дажынак», дзе атрымалі ўзнагароды за першыя месцы ў галоўных намінацыях спаборніцтва на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў. Калі ж ёсць вытворчыя паказчыкі – будуць і прадукцыя да стала людзей, і заробак, за які яе можна набыць.
Усім удзельнікам кірмашу сёння ўручаны Падзякі райвыканкама, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Гэта адзнака вытворчых дасягненняў і падзяка за сённяшняе прыгожае свята гандлю, якое нашы вытворчыя калектывы падарылі верхнядзвінцам.
У апошні час усё часцей гучыць меркаванне, што сельскагаспадарчыя кірмашы губляюць актуальнасць: у магазінах можна купіць усё – ад мяса да бульбы, дык ці варта арганізоўваць гандаль на рыначных плошчах. Але традыцыйныя кірмашы ў буйных населеных пунктах як і раней збіраюць вялікую колькасць наведвальнікаў. Ярка і гучна праходзяць яны ў Верхнядзвінску: з маляўнічымі прылаўкамі, музыкай і прыпеўкамі, бойкім гандлем. Сёлета нават бесперапынны вераснёўскі дождж не спыніў жадаючых назапасіць на зіму прадукцыю ад сельгасвытворцаў, купіць саджанцы, мёд, рыбу, мясныя вырабы, прысмакі для дамашняга стала. У магазінах, сапраўды, ёсць даволі тавару, але на кірмашы ён вылучаецца асаблівымі спажывецкімі якасцямі, асартыментам і цаной, шмат больш прывабнымі для пакупнікоў.
На подступах да рыначнай плошчы наведвальнікаў традыцыйна сустракаюць рознакаляровыя рады саджанцаў, кветак, дэкаратыўных раслін плодапітомнікаў і прыватных гаспадароў. Вялікае гандлёвае месца сярод гэтай зеляніны і рознаквецця займае Верхнядзвінскі лясгас. Прапановы прадпрыемства самыя разнастайныя: саджанцы, піламатэрыялы, «ацыліндроўка», венікі, іншыя прадукты пабочнай вытворчасці. Сёлета тут надзвычай багаты выбар мёду – лясгасаўцы назапасілі самыя розныя «лекавыя» гатункі і актыўна прадаюць іх насельніцтву.
Увогуле, кірмаш – гэта не толькі гандаль прывычным таварам, але і, свайго роду, дэманстрацыя навінак ад вытворцаў. Яны выкарыстоўваюць магчымасць прэзентаваць новую прадукцыю і пазнаёміць пакупнікоў з яе перавагамі.
– Сёлета прадставілі вялікі асартымент дробнаштучнага кандытарскага тавару, – расказвае старшыня Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўтаварыства Ірына Тамашэвіч. – А гэта і булачкі, і ватрушкі, і піражкі з грыбамі, грушамі, бананамі, лімонамі, малочнымі начынкамі, і кексы з арэхамі і разынкамі, і рулеты з павідлам і рознымі крэмамі. Кандытарскі цэх асвоіў мноства новых вырабаў, якія літаральна «разлятаюцца» сярод пакупнікоў. Хаця выраб гэтай «дробнай» прадукцыі працаёмкі, а цэны невысокія, ідзём насустрач спажыўцу – будзем насычаць ёю не толькі гарадскія прылаўкі, але і аўтамагазіны. Калі ёсць попыт, яго трэба задавальняць, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі змагаемся за кожнага пакупніка.
Кааператары як заўсёды прапаноўвалі наведвальнікам багаты выбар рыбы ад пастаўшчыка – жывой, свежамарожанай і вэнджанай, мясныя вырабы свайго перапрацоўчага цэха, бакалею, напіткі. А над усім гэтым багаццем узвышаўся шыкоўны кірмашовы каравай, выраблены майстрамі Расонскага
хлебазавода Верхнядзвінскага філіяла райспажыўтаварыства.
Апошнімі навінкамі пры-ваблівалі пакупнікоў і прылаўкі хлебазавода. Як расказалі вытворцы, яны прывезлі на кірмаш дзесяткі гатункаў хлеба – ржанога, падавога, пшанічнага. Сярод навінак – вельмі смачны хлеб з кунжутам «Талака», які прапаноўваюць пакаштаваць гасцям. Папулярнасцю карыстаюцца верхнядзвінскія сушкі і белабулачныя вырабы. А яшчэ хлебапёкі здзівілі новымі палосачкамі «Ле хрусцье» з імбіром, карыцай і іншымі водарамі, якія ацэняць аматары здаровага харчавання.
Новую прадукцыю масласырзавода амаль што няма патрэбы прадстаўляць: асартымент верхнядзвінскіх сыроў абнаўляецца з месяца ў месяц і знаходзіць прыхільнікаў далёка за межамі раёна. Пакупнікі кірмашу маглі набыць папулярныя вырабы самых розных найменняў і спажывецкіх вартасцей.
Значную частку гандлёвай плошчы заняла прадукцыя ААТ «Інвет». Акрамя вядомых вырабаў для сельгасвытворчасці, былі шырока прадстаўлены тавары народнага попыту, у тым ліку новыя апрысквальнікі, посуд, тара. Інветаўцы звярнулі ўвагу на тое, што якасць вырабаў з палімераў маркі «Інвет», таксама як і цэны, выгадна адрозніваюцца ад прапаноў канкурэнтаў і таму карыстаюцца попытам у пакупнікоў.
Сваю прадукцыю на кірма-шы прадставілі райаграсервіс, ААТ «Верус», завод сталярных вырабаў. А дровы, якія прывезлі на спецтэхніцы прадстаўнікі райпаліўзбыта, былі раскуплены ў адно імгненне.
Пераважная большасць наведвальнікаў прыязджаюць на кірмаш за прадукцыяй сельскіх гаспадарак: збожжам, бульбай, свінінай, ялавічынай, баранінай. І сельгасвытворцы пастараліся задаволіць попыт: усе гаспадаркі прадавалі зерне, насенне, гародніну. ААТ «Нурава» гандлявала бульбай, а яшчэ яе прывезлі суседзі з ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна. Выдатныя гатункі элітгаса прыйшліся даспадобы пакупнікам.
Кожная гаспадарка паказала на кірмашы свае дасягненні: ААТ «Шайцерава» гандлявала вырабамі ўласнага мясаперапрацоўчага цэха; СП «Асвейскі» прадавала ялавічыну і бараніну; СП «Каханавічы» прывезла прадукцыю ферм і мясцовага кафэ; ААТ «Баліны» пахвалілася здабыткамі насенняводчай гаспадаркі. Прыгожымі падворкамі і звонкімі прыпеўкамі вабілі працаўнікі сельгаспрадпры-емстваў «Вужыца-Агра», «Сака-лоўшчына», «Дрысенскі» і іншых, дзе можна было не толькі купіць патрэбную прадукцыю, але і паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, палюбавацца на вырабы з гародніны і кветак і нават пачуць рэцэпты традыцыйных мясцовых страў. У кожнай гаспадаркі раёна былі свае знаходкі, якія паказвалі, што сяляне ўмеюць не толькі добра працаваць, але і прыгожа прадставіць свае здабыткі.
Актыўны ўдзел у свяце гандлю прынялі прадстаўнікі розных суб’ектаў гаспадарання, прыватныя сельскія гаспадаркі, фермеры, пчаляры. Асаблівым попытам карысталася прадукцыя паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны бор»: недарагая рыба і адмысловы мёд сабралі на плошчы самую вялікую чаргу.
Даставіць тавары дадому дапамагалі прадстаўнікі райаграсервіса і ТЦСАН. А святочны настрой наведвальнікам кірмашу ўзнімалі работнікі культуры.
Аглядаючы гандлёвыя рады і выказваючы ўдзельнікам кірмашу падзяку за працу, старшыня райвыканкама Васіль Шылаў адзначыў, што прадукцыю, якая карыстаецца асаблівым попытам у людзей, трэба шырэй прапаноўваць у шырокі доступ. Выязны гандаль у больш вузкім фармаце варта праводзіць часцей: гэта выгадна і вытворцам, і спажыўцам. У нас ёсць выдатныя натуральныя прадукты, якія найбольш патрэбны людзям і павінны быць на іх стале. Кірмашы ж дазваляюць не толькі гандляваць імі, але захоўваць народныя традыцыі і той адметны каларыт, які ўласцівы нашаму народу.
* * *
Восеньскія кірмашы адбудуцца 2 кастрычніка:
у г.п. Асвея – на плошчы Святога Георгія;
у аг. Бігосава – на плошчы перад Домам культуры.
Пачатак у 8 гадзін.
С. Дзвінская.