Як паведамлялася ўжо, Верхнядзвінск адзначыў Дзень горада і правёў XIV рэгіянальнае дзіцячае свята мастацтваў «Двина-Дзвіна-Daugava».
Здавалася, надвор’е ў гэты дзень выпрабоўвала верхнядзвінцаў на трываласць: час ад часу хмурнела неба і сыпаў дождж. Але хіба можна не прыйсці на дзень нараджэння, асабліва калі яго адзначае родны горад, а значыць, усе мы?! Да гэтага дня верхнядзвінцы рыхтаваліся, запрашалі гасцей, прадумвалі вялікую святочную праграму. Як добрыя гаспадары, навялі парадак на вуліцах і ў дварах, упрыгожылі горад кветкамі і сцягамі, а ў зоне адпачынку ля вадаёма паставілі нават выдатную «Каравелу»!
Асаблівасцю горада з’яўляецца яго прыгранічнае размяшчэнне. І на свята сюды прыехалі не толькі суседзі з Віцебскай вобласці, але дэлегацыі і творчыя калектывы з Расіі, Латвіі і Літвы. Гасцей сустракалі хлебам-соллю і запрашалі ў гарадскі парк, дзе было на што паглядзець і ацаніць, які ён, старажытны горад над Дзвіной!
Аб гісторыі роднага Верхнядзвінска расказвалі на выставе «Фальклор Белай Русі» юныя мастакі дзіцячай школы мастацтваў. Як тлумачыў наведвальнікам дырэктар ДШМ Я. Шугаль, створана гэта выстава на аснове кнігі ЦБС «Легенды і паданні Верхнядзвіншчыны». Работы выхаванцаў школы дэманстраваліся на абласных і рэспубліканскіх выставах, а днямі юныя мастакі вярнуліся з вядомага на Віцебшчыне пленэра імя мастака І. Хруцкага, дзе занялі другое месца!
Не было раўнадушных ля экспазіцыі сельскіх Саветаў «Абыйдзі ўвесь белы свет — мой найлепшы сельсавет». На гэты раз сельскія гаспадары дзейнічалі не паасобку, а стварылі адзін вялікі двор з выставамі народных умельцаў, выявамі мясцовых славутасцяў, пачастункам і музычным суправаджэннем. Чапаеўскія і сар’янскія творцы прадставілі цудоўныя мастацкія работы: іконы сар’янскага мастака К. Піскуновіча і выразаныя з дрэва непаўторныя карціны гаўрылінскага майстра В. Шляхто. Упрыгожвалі выставу вырабы з бісеру сакратара Бялькоўшчынскага сельвыканкама С. Крывіцкай. Асвейцы зрабілі прыгожы рукатворны макет свайго знакамітага возера. Дзёрнавіцкі сельсавет, які славіцца ўраджаямі бульбы, падрыхтаваў з яе стравы нацыянальнай кухні, а Шайцераўскі, Валынецкі і Боркавіцкі паказалі поспехі ў мяса-малочным накірунку. Стол ламіўся ад прысмакаў, а весялілі гасцей артысты з Каханавіч і Росіцы. Як заўсёды, клуб «Расіца» Бігосаўскага сельсавета сустракаў гасцей спевамі і пачастункам.
Традыцыяй стаў удзел у раённых мерапрыемствах буйнейшых прадпрыемстваў Верхнядзвіншчыны. Ім ёсць што паказаць: прадукцыя масласырзавода заваёўвае замежны рынак, сыры маюць еўрапейскія сертыфікаты якасці, а сыроватка ідзе на экспарт аж у Кітай! Наведвальнікі любяць прадэгуставаць і малочныя вырабы, і прыгожыя духмяныя прысмакі хлебазавода, і выдатную выпечку райспажыўтаварыства. Вабіў усіх майскі мёд з пчальніка райаграсервісу, які прапаноўвала Т. Спірыдзёнак. Паказала прадпрыемства і сваю славутую машыну «Дзвіна» у новым выкананні — з японскім рухавіком. Намеснік дырэктара Д. Абуховіч адзначыў, што на палях вобласці працуе ўжо каля сотні машын, вырабленых нашымі майстрамі. Сваю прадукцыю дэманстравалі ААТ «Інвет», завод сталярных вырабаў, ільнозавод.
Гасцей, і асабліва маленькіх, вабілі багатыя гандлёвыя рады райспажыўтаварыства, прылаўкі з цацкамі і сувенірамі, атракцыёны. Прама ў парку быў арганізаваны здраўпункт, дзе можна было замерыць ціск і атрымаць кансультацыю аб здаровым ладзе жыцця. Аддзяленне дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў запрашала на «Кірмаш дабрыні», дзе за ахвяраванні можна было набыць сувенір, зроблены рукамі наведвальнікаў аддзялення. Працавалі выстава клуба «Ветэран», фотавыставы В. Салаўёва «Гісторыя фестывалю» і «Верхнядзвінск. Старонкі гісторыі», а таксама экспазіцыя ЦБС «Верхнядзвіншчына літаратурная».
Дзень горада — сапраўднае раздолле для майстроў народнай творчасці. Гэта лепшая магчымасць паказаць свой талент і рэалізаваць мастацкую прадукцыю. На свята былі запрошаны Дамы рамёстваў, клубы народнай творчасці і мастакі з многіх раёнаў вобласці і рэспублікі. Уразілі ландшафтныя кампазіцыі на зрэзе бярозы браслаўскага ўмельца У. Лук’янца, вырабы з саломкі і габелены з Ушачаў, майстэрня народных промыслаў са Слоніма, плеценая мэбля майстра з Браслава Л. Баркоўскага. Наш Дом рамёстваў пад кіраўніцтвам дырэктара А. Макеенак паказаў цэлы россып вырабаў, выкананых у рознай тэхніцы народных промыслаў.
Натхнёныя плёнам рук чалавечых, удзельнікі свята сабраліся на галоўнае дзейства, якое разгортвалася на паркавай сцэне. Жыхароў і гасцей горада павіншавала са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Козел. Яна адзначыла, што горад святкуе свой 626-ы дзень нараджэння. Такое свята выклікае пачуццё гонару за сваю зямлю, прымушае ўзгадаць старонкі гісторыі, знакамітых людзей нашага краю і ганарыцца ўсім, што здабыў Верхнядзвінск ратным подзвігам і нястомнай працай. Галоўнае ж — кожны бачыць сваё дачыненне да жыцця роднага горада, імкнецца зрабіць яго прыгожым, утульным і заможным, прыўнесці ў агульны дом часцінку душэўнай цеплыні.
Асобыя словы падзякі ў Дзень горада — людзям, якія шмат працуюць дзеля яго добраўпарадкавання. Намеснік старшыні райвыканкама С. Валковіч і начальнік аддзела ЖКГ І. Тойранен нагадалі, што горад у шосты раз заняў першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па добраўпарадкаванню і ўзнагародзілі пераможцаў раённага конкурсу на ўзорнае падвор’е. У горадзе лепшымі гаспадарамі прызнаны Аляксандр і Святлана Мароз, Галіна і Віталь Глушневічы, Валянцін і Валянціна Вабішчэвічы, Дзмітрый і Наталля Сіманковічы, Сяргей і Любоў Лазоўскія. Сярод сельскіх жыхароў перамаглі Ілія і Аўгуст Даргель з в. Геронкі, Міхаіл і Алена Касапалікавы з в. Бароўка, Вячаслаў і Галіна Макеенкі з г. п. Асвея, Дзіна і Руслан Макарчыкі з в. Юзэфова, Вера і Васіль Стрэха з в. Мушына, Тамара Шкунова і Сяргей Сцепулёнак з в. Бігосава, Галіна і Васіль Якілюнасы з в. Валынцы. У намінацыі «Лепшае маладзёжнае падвор’е» пераможцамі сталі Барыс і Аляксандра Ананчанкі з аграгарадка «Прудзінкі», Сяргей Парцянкін і Вольга Новікава з в. Мыкава, Таццяна Церахава з в. Вусце, Наталля і Уладзімір Уліновічы з в. Юзэфова.
Вялікую падзяку юныя жыхары Верхнядзвінска выказалі прадпрыемству «Інтэрсервіс» і яго кіраўніку М. Вараб’ю за дапамогу ў добраўпарадкаванні горада і асабліва за з’яўленне новага гульнёвага комплексу «Каравела».
Па традыцыі ў сваё свята горад вітаў нованароджаных і доўгажыхароў. У адметную дату на свет з’явіўся новы яго жыхар Цімафей Шышко. А самымі шматвопытнымі землякамі з’яўляюцца доўгажыхары А. Фралёнак з Зашчырына, В. Мароз з Жоўніна, Р. Міхно з Асвеі, Ю. Паўловіч з Сенькава, якім пераваліла за 100 гадоў. А таксама К. Мажэйка, Ф. Тварановіч і А. Манкевіч, узрост якіх набліжаецца да гэтага шаноўнага рубяжу.
Верхнядзвінцы віталі пераможцаў іншых святочных намінацый. Самымі адданымі гледачамі культурных мерапрыемстваў названы Г. Ахламёнак і В. Хадкевіч, старажыламі аматарскай творчасці — Р. Шыпіла, Н. Майсюк, Ф. Анджан і А. Бубала. У намінацыі «Юныя таленты» адзначаны К. Ходас, К. Мароз, А. Канашонак, А. Кураш, М. Тамашэвіч, А. Малей і А. Шкецік.
Шчырымі апладысментамі ўзнагароджвалі гледачы шматдзетныя сем’і раёна. Госцем свята стала сям’я Далгіх: Святлана Уладзіміраўна, Алег Уладзіміравіч і іх дзеці Кацярына, Наталля, Вераніка, Арцём і Ілля. «Зорачка» раёна Вераніка Далгіх — удзельніца музычнага праекта тэлеканала «ОНТ» — падарыла ўдзельнікам свята цудоўную песню. Дарэчы, свае нумары прадставілі гасцям падчас свята артысты РДК.
Віншаванні і падарункі атрымалі сямейныя юбіляры: «сярэбраныя» -Людміла і Юрый Вышылавы, і «залатыя» -Аляксандр і Валянціна Мядзюта. Эстафету моцнага сямейнага жыцця яны перадалі маладажонам Марыне Пацалуенак і Антону Вінаградаву, якія нядаўна справілі вяселле.
Ганарацца жыхары горада сваімі лепшымі спартсменамі. Начальнік аддзела ФКСіТ В. Багушэвіч назваў пераможцаў круглагадовай раённай спартакіяды. Сярод сельскіх удзельнікаў гэта калектывы ААТ «Шайцерава», «Інвет» і «Бялькоўшчына», сярод гарадскіх — райгаз, райспажыўтаварыства і РАУС.
І вось доўгачаканы момант свята: на сцэне — удзельнікі фестывалю «Дзвіна-Двина-Daugava». Начальнік раённага аддзела культуры Т. Сыраватнікава адзначае, што сёлета да нашага прыдзвінскага берага прычалілі лодкі творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Літвы. Каралевы свята — вядучыя Вераніка Карнавухава і Вікторыя Антановіч -запрасілі на сцэну юных танцораў і спевакоў, якія на працягу некалькіх гадзін радавалі гледачоў сваім майстэрствам.
Пераможцамі фестывалю сталі: у намінацыі «Лепшая харэаграфія» — верхнядзвінскі ўзорны харэаграфічны танцавальны калектыў «Лялькі» (кіраўнік Л. Гуйда). У намінацыі «Лепшы вакаліст» — выхаванка ўзорнай студыі «Жаваранкі» Вольга Мішурная (кіраўнік Н. Акуневіч). У намінацыі «Лепшая вакальная група» — калектыў «Таночак» з літоўскага Вісагінаса (кіраўнік І. Урбанавічэне).
Дыпломамі ўзнагароджаны ансамблі «Маленькая кампанія» і «Рассыпуха» з Расіі, «Эжы» з Латвіі, «Сузор’е» з Літвы, «Зараніцы» і «Гармонія» з Беларусі.
Свята бурліла не толькі на сцэнічнай пляцоўцы. Дзеці і моладзь з задавальненнем каталіся на конях Асвейскай КСШ і глядзелі паказальныя выступленні яе выхаванцаў, наведвалі выставу кавальскага і ганчарнага майстэрства, бралі майстар-клас па вырабу лялек і іншых цацак.
Як заўсёды, нямала было аматараў спартыўных выступленняў і конкурсаў. Сёлетняе свята захапіла сваімі «Вялікімі гонкамі», у якіх удзельнічалі каманды многіх працоўных калектываў.
А яшчэ можна было наведаць «Рэтра-гасцёўню», пакатацца на лодках па Дзвіне, паўдзельнічаць у розных конкурсах і дыскатэках.
Працягвалася свята ў Сар’янскім СДК, дзе была арганізавана праграма «На балі ў Лапацінскіх». А завяршылася яно цудоўным спонсарскім падарункам — феерверкам! Каб горад над Дзвіной плыў далей светлым, сяброўскім, шырокім шляхам.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.