Верхнядзвінская майстрыца знаходзіць натхненне ў бяроз

Актуально Культура

Замест пэндзляў – звычайны клей, замест фарбаў – бяроста. Настаўніца Бігосаўскай школы Галіна Віктараўна Тушкіна вырабляе сапраўдныя шэдэўры, «малюючы» карціны драўнянай карой.

Галіна Віктараўна родам з Верхнядзвінска, скончыла сярэднюю школу №2. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава на мастацка-графічным факультэце. Пасля вучобы па размеркаванні трапіла ў г. Крычаў Магілёўскай вобласці, год працавала настаўніцай у мясцовай школе. Бліжэй пазнаёміўшыся з этнаграфіяй раёна, захапілася ганчарствам – на Магілёўшчыне гэта рамяство вельмі добра развіта. Галіна Віктараўна папрасіла выдзеліць ёй спецыяльную муфельную печку і разам з дзецьмі пачала ствараць невялікія вырабы з гліны, якая, па ўспамінах майстрыцы, там была незвычайная: белая, зялёная, ружаватая.
Адпрацаваўшы належны тэрмін, Галіна Віктараўна вярнулася ў Верхнядзвінскі раён. Творчасць не закінула – займалася і аплікацыямі з саломкі, і мастацкім роспісам, і макрамэ. Вучылася па кнігах, натхнялася народнай творчасцю. А каля сямі гадоў таму, гуляючы па лесе, выпадкова звярнула ўвагу на кавалак бярозавай кары. Пакруціла ў руках, разгледзела і падумала, што гэта выдатны матэрыял для творчасці. Нашы дзяды і прадзеды для чаго толькі бяросту не ўжывалі: рабілі з яе посуд, скрыначкі і іншыя прадметы побыту, упрыгожвалі хату! Вось і Галіна Віктараўна вырашыла паспрабаваць.
Ніякіх майстар-класаў Галі-на Віктараўна не брала, эксперыментавала сама, спадзеючыся толькі на ўласную фантазію. З таго часу ўвесь свой творчы патэнцыял яна накіроўвае на стварэнне пано спачатку малюе эскіз, а пасля клеіць тонкія шматочкі бяросты розных адценняў. Кару не падфарбоўвае, не лакуе – пакідае яе ў натуральным прыродным стане. Клей выкарыстоўвае толькі лідскі, бо ад яго не застаецца плямаў, ён не жоўкне, не цямнее і не псуе бяросту.
Збірае матэрыял для творчасці Галіна Віктараўна ў лесе – яна вельмі любіць прагулкі на свежым паветры і сумяшчае прыемнае з карысным. З жывых дрэваў зрэзаць кару можна пасля сокаадлучэння, тады гэта ім не пашкодзіць, але для стварэння пано падыдуць і сухія або спілаваныя галіны, якія можна знайсці літаральна пад нагамі. Для пано майстрыца выкарыстоўвае толькі бярозавую кару – ніякай іншай.
– Пра бяросту магу гаварыць бясконца! – дзеліцца Галіна Віктараўна. – Па маіх падліках, яна мае 72 адценні колеру! Іншыя майстры, мабыць, і больш налічвалі. У залежнасці ад таго, дзе расце дрэва, бяроста можа быць фіялетавай, бэзавай, жоўтай… А яшчэ яна лекавая, калі працую з карой, адчуваю сябе вельмі добра. Здаецца, ад яе зыходзіць нейкая цеплыня, «дыханне» бярозкі. Я ў яе «закаханая» і не думаю, што змагу яшчэ нечым займацца з такім захапленнем.
Натхненне Галіна Віктараўна чэрпае ў прыродзе, нярэдка пасля прагулак «нараджаюцца» новые чароўныя пейзажы. Станавіліся «музамі» для майстрыцы і помнікі архітэктуры – знакамітыя храмы Верхнядзвіншчыны. Падыходы да такой работы значна адрозніваюцца: калі для выявы краявідаў кару лепш проста рваць, каб не атрымлівалася ненатуральных, залішне роўных ліній, то архітэктура наадварот патрабуе дакладнасці і акуратнасці – тут ужо неабходна карыстацца нажніцамі, старанна выразаючы кожную дэталь.
Галіна Віктараўна – нас-таўнік абслугоўваючай працы ў Бігосаўскай сярэдняй школе, а яшчэ вядзе «гурткі» ад Верхнядзвінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, таму творчасцю звычайна займаецца па вечарах пасля работы – у цішыні і спакоі. Час, неабходны для стварэння аднаго пано, залежыць ад складанасці і памераў карціны. Напрыклад, на выяву Росіцкага касцёла спатрабавалася каля двух месяцаў, а пейзаж фармата А4 майстрыца можа зрабіць нават за вечар.
Падтрымлівае захапленне Галіны Віктараўны і муж Пётр: дапамагае рэзаць кару, ужо нават ведае, якая больш падыдзе для работы, разбіраецца ў яе адценнях; разам з жонкай ходзіць у лес за матэрыяламі і вельмі здзіўляецца, калі яна вечарам вырашае чамусьці не займацца сваёй любімай справай.
Галіна Тушкіна – актыўны ўдзельнік народнага клуба народных майстроў і мастакоў-аматараў пры раённым Доме рамёстваў. За сем гадоў «бярозавыя» пано сталі яе «візітнай карткай» і пакарылі сваёй прыгажосцю і ўнікальнасцю людзей з самых розных куточкаў нашай – і не толькі! – краіны. Работы майстрыцы год за годам выклікаюць сапраўдны ажыятаж на «Славянскім базары ў Віцебску», прыцягваюць да сябе ўвагу на тэматычных выставах і вялікіх святах як у Верхнядзвінску, так і іншых гарадах Беларусі. Тыя, хто бачыць пано з бяросты ўпершыню, заўсёды пытаюцца, з чаго яны зроблены, а калі чуюць адказ – не вераць. Здаецца неверагодным, што з простай кары можна рабіць такія цудоўныя карціны! Але прыклад Галіны Віктараўны даказвае: рукі майстра ператвараюць у сапраўднае мастацтва нават самыя звычайныя рэчы і матэрыялы. Усё магчыма, калі чалавек шчыра любіць сваю справу і ўкладвае ў творчасць не толькі сілы, але і душу.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *