Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачы па найбольш актуальных і вострых тэмах парадку дня.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, паставіў задачы перад аграрным сектарам, выказаўся аб вострай сітуацыі на граніцы з мігрантамі, даў даручэнні па рэагаванні на санкцыі Захаду ў адносінах да Беларусі, выказаўся на тэму лячэння ў Беларусі пацыентаў ад каранавіруса.
Задачы перад аграрным сектарам
У першую чаргу кіраўнік дзяржавы адзначыў сітуацыю ў плане завяршэння асенніх палявых работ. Па аб’ектыўных прычынах яшчэ застаюцца невялікія аб’ёмы кукурузы і цукровых буракоў. Увогуле па ўсіх культурах у краіне ў гэтым годзе сабрана каля 9 млн т збожжа.
«Гэта нядрэнны ўраджай па бягучым годзе. Дастаткова для таго, каб забяспечыць насельніцтва хлебам, хлебабулачнымі вырабамі, а таксама кармамі пагалоўе жывёлы, якое ў нас ёсць і якое мы плануем мець у будучым годзе», – заявіў Прэзідэнт.
Цэны на цукар, як і ў цэлым на прадукты харчавання, вельмі нядрэнныя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, і гэта дасць магчымасць паправіць і ўмацаваць фінансавае становішча гаспадарак.
Пасля даручэнняў Прэзідэнта, якія прагучалі раней, значна актывізавана і зяблевае ворыва. «Сёння будзе пад 80 працэнтаў узарана зябліва. Гэта добры працэнт, ніколі такога не было, але ні ў якім выпадку нельга спыняцца», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на падкормку азімых культур і даручыў за зімовы перыяд максімальна падрыхтавацца да ранняй сяўбы, адрамантаваць і падрыхтаваць тэхніку да палявых работ у новым сезоне.
Апошняе пытанне Прэзідэнт назваў тактычным: «За зіму трэба вызначыць цэнтры, куды мы, калі неабходна, звязём энерганасычаную тэхніку: камбайны і трактары. МТЗ, «Гомсельмаш» іх дапамогуць адрамантаваць, аднавіць, а дзесьці і абслужыць».
Стратэгічная задача, у тым ліку на перспектыву, – меліярацыя. «Захаванне ўрадлівасці зямель і наогул захаванне зямель – гэта святы абавязак дзяржавы, – падкрэсліў беларускі лідар. – Трэба вызначыць за зіму ўсе крыніцы фінансавання. Гэта не чыстая меліярацыя, а аднаўленне таго, што не рабілі гадамі, дзесяцігоддзямі. Каналы выкапалі, дрэнаж паклалі і забылі. 60 гадоў прайшло, і прырода пачала адваёўваць гэтыя землі».
Прэзідэнт таксама лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб аднаўленні ў раёнах работы перасовачных механізаваных калон для вырашэння меліярацыйных задач. «Іх трэба стварыць у тых раёнах, дзе яны патрэбны», – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Таксама, на яго думку, у раёнах неабходна аднавіць так званыя «сельгастэхнікі» – прадпрыемствы, якія займаюцца эксплуатацыяй, забеспячэннем запаснымі часткамі і рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі. «У будучым годзе кожны губернатар будзе здаваць экзамен на прадмет адраджэння «сельгастэхнік», вось гэтых райаграсервісаў. Яны патрэбны для сельскай гаспадаркі», – упэўнены беларускі лідар.
Аб рэфармаванні прадпрымальніцкай дзейнасці
Адной з тэм стала рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Прэзідэнт нагадаў, што ім была пастаўлена задача павысіць ступень удзелу суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Урад выпрацаваў пэўныя падыходы, і на зацвярджэнне кіраўніка дзяржавы ўнесены праект указа «Аб дзейнасці суб’ектаў малога прадпрымальніцтва».
«Суб’екты малога прадпрымальніцтва адыгрываюць істотную ролю ў нашай эканоміцы – стварэнне новых рабочых месцаў, паскарэнне эканамічнага росту, у тым ліку за кошт пераразмеркавання працоўных рэсурсаў з малаэфектыўных сектараў. Наша задача – забяспечыць такія ўмовы, каб пераходныя працэсы праходзілі з мінімальнымі эканамічнымі стратамі і прагназуемай сітуацыяй у прадпрымальніцкім асяроддзі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асноўныя прынцыпы – гэта стварэнне роўных канкурэнтных умоў для ўсіх, хто ўдзельнічае ў бізнесе, і справядлівасць у выплаце падаткаў.
Пра эпідсітуацыю: расслабляцца ні ў якім разе нельга
Прэзідэнт канстатаваў, што захваральнасць на COVID-19 у Беларусі стала паступова змяншацца і аб гэтым можна гаварыць не з асцярожным аптымізмам, як раней, а з упэўненасцю: «Спад захваральнасці відавочны». Прычым гэта характэрна нават для Мінска, дзе да нядаўняга часу былі высокія паказчыкі захваральнасці.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць паступова вяртаць да звычайнай работы тыя клінікі, якія раней былі перапрафіляваны пад лячэнне хворых з каранавірусам. Аднак зніжэнне захваральнасці нельга лічыць падставай, каб расслабляцца, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт даручыў звярнуць на сітуацыю ў Мінску, дзе, паводле яго даных, даволі шмат пацыентаў з цяжкім лячэннем хваробы. «Я папярэдзіў ужо ўчора вечарам міністра аховы здароўя і ўсіх адказных, асабліва вас, Наталля Іванаўна (Качанава, старшыня Савета Рэспублікі. – Заўвага БЕЛТА), з Кухаравым (Уладзімір Кухараў, старшыня Мінгарвыканкама. – Заўвага БЕЛТА), якія адказваюць за Мінск, – цяжкахворыя і смяротнасць, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Цяжкахворых вельмі шмат. Таму звярніце на гэта ўвагу».
Прэзідэнт нагадаў: на лячэнне хворых на каранавірус з дзяржаўнага бюджэту затрачваюцца значныя грошы. Медыкі павінны гэта разумець і адказна, разумна, эканомна ставіцца да расходавання лякарстваў, медыкаментаў, дыягнастычных сродкаў, падкрэсліў беларускі лідар.
Аб сітуацыі на граніцы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прасіў Міністэрства абароны Расіі праз Прэзідэнта гэтай краіны, каб яны падключыліся да дзяжурства на граніцах Беларусі і Саюзнай дзяржавы. Ён назваў страшным парушэннем стральбу польскіх сілавікоў у бок Беларусі.
Раней былі зафіксаваны факты, калі такія выстралы праводзіліся паверх галоў мігрантаў, якія знаходзяцца на граніцы з Польшчай.
«За мінулыя суткі палякі паспрабавалі выштурхнуць на нашу тэрыторыю больш за тысячу чалавек. Вы разумееце, ловяць іх там, аж да граніцы Германіі, а можа, і ў Германіі, вывозяць на граніцу і ў розных месцах пачынаюць выштурхоўваць. Праўда, ні адзін чалавек на нашу тэрыторыю не прайшоў, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Збіваюць, ламаюць рэбры, каб не відаць было. Людзі ўсе ў сіняках, збітыя, пераламаныя. Выкідваюць іх проста на дзяржаўную граніцу».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова звярнуць увагу на пытанні дапамогі бежанцам на граніцы, асабліва цяжарным і дзецям. У тым ліку кіраўнік дзяржавы даручыў падвезці бежанцам сухіх дроў.
«Вы бачыце, што адбываецца на дзяржаўнай граніцы і вакол яе. Скажу адкрыта: не такая гэта вялікая праблема, як яе цяпер раздулі ў СМІ. Але я СМІ не асуджаю. Таму што гэта мае моцны папераджальны характар. Цяпер звярнулі ўвагу на Беларусь. Але такіх маршрутаў 3-5 у свеце, па якіх ідуць мільёны тых, хто бяжыць ад вайны. Вось сканцэнтравалі цяпер увагу на беларуска-польскай, літоўскай і латышскай граніцах. І ўжо ўвагу пачынаюць удзяляць і беларуска-ўкраінскай граніцы. Яна таксама непакоіць і мяне. Напэўна, і Расію», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад урадам шэраг задач аб дапамозе бежанцам. У прыватнасці, дзяцей мігрантаў у Беларусі размесцяць у аздараўленчым лагеры, цяжарным жанчынам і хворым будзе аказана неабходная медыцынская дапамога.
Па матэрыялах БелТА.