Раённая газета «Дзвінская праўда» адзначае свой 90-гадовы юбілей. За гэты час яна прайшла вялікі і плённы шлях – дзевяць дзесяцігоддзяў нястомна працуе па ўсебаковым асвятленні жыцця раёна. І ад узросту толькі маладзее: з гадамі становіцца ўсё больш інфармацыйна насычанай, тэматычна разнастайнай, прыгожа аформленай. Пры ўсёй зменлівасці і багацці сучаснага інфармацыйнага поля раёнка карыстаецца нязменным попытам у чытачоў. Таму што ў яе арсенале – унікальная мясцовая тэматыка, прафесійная падрыхтоўка інфармацыі, даставернасць і аўтарытэт, здабытыя нялёгкай працай.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ,
галоўны рэдактар газеты «Дзвінская праўда»
Шаноўны ўзрост газеты «Дзвінская праўда» сведчыць аб высокай дзеяздольнасці перыядычнага выдання, яго надзейнасці і запатрабаванасці ў чытачоў. На працягу доўгіх гадоў газета піша аб шматлікіх падзеях нашага краю, яго людзях, здабытках і праблемах, з’яўляецца сапраўдным люстэркам жыцця. Выхаванне духоўнасці і патрыятызму, захаванне важнейшых чалавечых каштоўнасцяў, мабілізацыя жыхароў Прыдзвіння на стваральную дзейнасць – задачы, якія раёнка выконвае з нумара ў нумар. І за ўсю сваю гісторыю, акрамя ваенных гадоў, яна ні разу не прапусціла ніводнага свайго выпуска, а гэта ні многа ні мала амаль 10 тысяч нумароў і сотні тысяч матэрыялаў!
Гісторыя газеты – у імёнах журналістаў
Першы нумар раёнкі выйшаў 20 лістапада 1931 года. Да 1939 года газета насіла назву «Звязда на рубяжы», бо выходзіла на памежжы Расіі і Польшчы. Пасля аб’яднання заходніх абласцей з Беларускай ССР стала называцца «Патрыёт Радзімы», затым «Сцяг Перамогі», а ў 1963 годзе атрымала сённяшнюю назву «Дзвінская праўда». Гэта газета з’яўляецца пераемніцай і Асвейскай раёнкі «Ленінскі шлях», якая выходзіла да 1959 года, а пасля аб’яднання Асвейскага і Дрысенскага раёнаў злучылася з верхнядзвінскім выданнем.
Пачыналася раёнка з невялікага аркуша, затым працяглы час выходзіла на чатырох палосах – гэтыя пажоўклыя ад часу чорна-белыя старонкі, набраныя ўручную ў мясцовай друкарні, і сёння захоўваюцца ў архіве рэдакцыі, нагадваючы аб вялікай працы, якая ўкладзена ў фарміраванне інфармацыйнай прасторы.
Самыя старыя нумары раёнкі, якія знаходзяцца ў рэдакцыі, датуюцца 1939 годам. Іх прынесла пажылая жыхарка райцэнтра, якая расказала незвычайную гісторыю любові і павагі да газеты. У гэтых двух нумарах былі надрукаваны матэрыялы аб яе мужы, некалі перадавым работніку гандлёвай галіны. Мужчына беражліва захоўваў нумары і нават узяў іх з сабой на фронт у гады вайны – такім дарагім для чалавека было газетнае слова. Пасля газеты захоўваліся ў яго дома, а калі муж пайшоў з жыцця, удава перадала іх у рэдакцыю.
Да нядаўніх часоў лічылася, што ў ваенныя гады выйшла толькі некалькі нумароў раёнкі, але работа з архівамі паказала: газеты Дрысенскага і Асвейскага раёнаў сталі «партызанкамі» і з 1943 года выдаваліся ў падполлі.
Ардэнаносцамі вярнуліся ў родны раён былыя супрацоўнікі газеты Р. Рыц, Ф. Быкоўскі, А. Осіпаў, А. Куп-цоў, І. Касач. Афіцэр-артылерыст, настаўнік гісторыі Рувім Якаўлевіч Рыц быў першым пасляваенным рэдактарам раённай газеты і кіраваў ёю да 1954 года. У розныя гады калектыў рэдакцыі ўзначальвалі Л. Якубец-Якубчык, Л. Хаміцкі, В. Белавусаў. Ад літсупрацоўнікаў да рэдактараў прайшлі шлях П. Кавалеўскі, С. Цяста, Г. Шаршнёў, М. Арлоў, які рэдагаваў газету 23 гады. Былы супрацоўнік «Дзвінскай праўды» У. Раманоўскі стаў рэдактарам абласной газеты «Віцебскі рабочы».
За 90 гадоў у «Дзвінскай праўдзе» змянілася некалькі пакаленняў журналістаў, якія пакінулі свае імёны на старонках газеты і ў сэрцах чытачоў. Сярод іх В. Зелянкевіч, А. Паршута, М. Гінзбург, У. Станкевіч, А. Бядунька, П. Кавалеўскі, У. Ан-туськоў, Г. Зотаў, Д. Жук, І. Блахін, І. Сцяпанаў, В. Іваноў і іншыя. Сярод больш пазнейшай пляяды творцаў газеты – Э.Зубрыцкі, З. Дзямешка, У.Філімонаў, Л. Арлова, Т. Савейка, У. Шык, З. Ста-расценка, А. Бубала, В. Салаўёў, І. Пы-жова. Вялікі ўклад у выпуск газетных нумароў унеслі аператары А. Жыгач і Н. Кісель, карэктары В. Захарэвіч і Р. Місюн.
Традыцыі якаснага выпуску газеты перадаюцца з пакалення ў пакаленне і з’яўляюцца скарбонкай майстэрства і вопыту.
Тэмы дыктуе жыццё
Сёння «Дзвінская праўда» – сучаснае выданне, якое ўжо дзесяць гадоў выходзіць двойчы ў тыдзень на 8 палосах у каляровым выкананні і змяшчае ў разы больш інфармацыі, чым у папярэдні час. Тыраж газеты складае каля 3,5 тысячы экземпляраў, па насычанасці на колькасць насельніцтва яна займае адно з першых месц у вобласці. Адметна, што над выпускам газеты працуе значна менш людзей, чым раней – штат скараціўся з 18 да 11 чалавек, не патрэбна і праца вялікай колькасці лінатыпістаў, наборшчыкаў і друкароў. Гэта – вынік прыходу сучасных тэхналогій, камп’ютарнага набору і вёрсткі і істотнага павышэння кваліфікацыі і нагрузак на журналістаў.
Пашырылася і тэматыка газетных матэрыялаў, якія ахопліваюць усе сферы жыцця раёна.
Трывалыя і плённыя сувязі ў газеты з заснавальнікамі – раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў. Шырока асвятляюцца палітычныя і грамадскія кампаніі, прыёмы грамадзян і «прамыя тэлефонныя лініі», падчас якіх вырашаюцца праблемы жыхароў раёна.
Матэрыялы аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна друкуюцца пад рубрыкамі «Эканоміка», «Інавацыйны падход», «АПК: учора, сёння, заўтра», «Сацыяльная сфера». Журналісты пастаянна працуюць над тэмамі культурнай, прававой, ваенна-патрыятычнай тэматыкі, краязнаўчай і пазнавальнай накіраванасці. Асаблівая ўвага надаецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця, нацыянальных і духоўных каштоўнасцяў, добраўпарадкаванню і культуры быту. З’яўляецца вялікая колькасць матэрыялаў па маладзёжнай тэматыцы і выхаванні падрастаючага пакалення. Асвятляюцца тэмы развіцця прадпрымальніцтва, рамесніцтва, агратурызму, асабістых падсобных гаспадарак, эканоміі і беражлівасці.
У два апошнія гады асаблівы акцэнт зроблены на арганізацыю ў раёне работы па пераадоленні каранавіруснай інфекцыі, паляпшэнні медыцынскай дапамогі насельніцтву.
Заўсёды станоўча ўспрымаюць чытачы замалёўкі і нарысы аб людзях працы, знакамітых земляках. Штогод з’яўляюцца новыя аўтарскія праекты. Сярод найбольш папулярных: «Наш край», «Радавод», «Памяць пакаленняў – дзеці вайны», «Залатая паралель». Водгук у чытачоў знайшлі праекты «Аўтэнтычная творчасць» – па захаванні культурных традыцый краю і «Давайце знаёміцца» – аб паходжанні назваў населеных пунктаў Верхнядзвіншчыны.
Забяспечаны выпуск тэматычных старонак, у тым ліку прававой, маладзёжнай, культурна-духоўнай, экалагічнай, бяспекі жыцця, спорту і здароўя, адпачынку.
Ёсць у газеты і адметныя рысы, якія не сустрэнеш у іншых выданнях. Знаходзячыся ў прыгранічным раёне, яна падтрымлівае шматгадовыя сувязі з газетамі суседніх рэгіёнаў Расіі і Латвіі: «Эзерземе» Краслаўскага краю і «Призыв» Себежскага раёна. Штогод выходзяць сумесныя нумары газет да сустрэч на Кургане Дружбы, Дня еднасці народаў Беларусі і Расіі, падборкі інфармацыі «У нашых суседзяў». Пастаянна дзейнічае і рубрыка «Памежжа», у якой змяшчаюцца матэрыялы аб рэалізацыі пагранічнай палітыкі дзяржавы.
Пералічыць усе газетныя тэмы і праекты немагчыма, бо жыццё шматграннае, а перадаць яго на старонках газеты трэба як мага паўней.
У нагу з часам
Сённяшні калектыў рэдакцыі творчы і дзеяздольны. Тут працуюць два выпускнікі факультэта журналістыкі і два – факультэта беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржуніверсітэта. Знайшлі сваю тэматыку і выпрацавалі аўтарскі стыль намеснік галоўнага рэдактара Анна Зімацкая, вядучыя карэспандэнты Ксенія Тамашэвіч і Ларыса Зайцава, карэспандэнт Алёна Мароз.
Над наборам і электроннай вёрсткай плённа працуюць тэхнічны рэдактар Святлана Ляйчынская і аператар Анастасія Дытко. Фінансавымі справамі і рэкламай займаюцца галоўны бухгалтар Наталля Войніч і Кацярына Дытко. За чысцінёй і парадкам у рэдакцыі сочыць Ала Толуш. На журналісцкіх дарогах разам з намі вадзіцель Уладзімір Іваноў, бацька якога, дарэчы, працяглы час працаваў фотакарэспандэнтам рэдакцыі.
Нагрузкі ў сённяшніх супрацоўнікаў рэдакцыі вельмі высокія. Знайсці і сабраць інфармацыю, творча перапрацаваць і вобразна падаць чытачу, зрабіць фотаздымкі, вычытаць газетныя старонкі, зрабіць гэта ўсё аператыўна і дакладна і тут жа рушыць у пошук новых матэрыялаў – справа няпростая. У журналістаў практычна не бывае выхадных дзён і вольнага часу, такая гэта ўсеабдымная прафесія. Прычым патрабуе яна няспыннага руху: газета, як сама інфармацыя, імчыць наперад з вялікай хуткасцю. Сёння ад гэтай аператыўнасці залежыць попыт на выданне. Каб забяспечыць яго, рэдакцыя выпускае не толькі папяровую, але і электронную версію газеты. Сайт рэдакцыі прадстаўлены ў сацыяльных сетках vk.com, facebook.com, ok.ru, instagram.com. Агульная колькасць падпісчыкаў дасягае 10 тысяч.
Удасканальваецца дызайн як газеты, так і сайта. Абноўлены лагатыпы, уведзены анонсы, зроблены акцэнты на фотаздымкі, інфаграфіку, прыведзены ў гарманічнае спалучэнне каляровыя рашэнні.
Барацьба за чытача ў рэдакцыі – справа выжывання і развіцця. На працягу амаль дзесяці гадоў рэдакцыя працуе на самафінансаванні, інакш кажучы, не бярэ датацый з бюджэту. А значыць, павінна так утрымліваць тыраж і забяспечваць рэкламу, каб мець сродкі на выпуск газеты, а гэта справа не танная. Тым не менш за апошнія гады ўдалося ажыццявіць рамонт будынка і добраўпарадкаваць тэрыторыю рэдакцыі, набыць камп’ютарную тэхніку, забяспечыць іншыя гаспадарчыя патрэбы.
Стымул у працы – давер і любоў чытача
Аб творчым патэнцыяле рэдакцыі гавораць перамогі ў шматлікіх конкурсах прафесійнага майстэрства. Газета паспяхова ўдзельнічала ў дзесятках ведамасных творчых конкурсаў і ўзнагароджана Граматамі і Дыпломамі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства абароны, Міністэрства эканомікі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Дзяржпагранкамітэта, Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, іншых рэспубліканскіх і абласных структур, грамадскіх арганізацый.
У 2016 годзе калектыў «Дзвінскай праўды» стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф. Скарыны «Залатое пяро». У наступныя гады ў гэтым прэстыжным конкурсе перамагалі супрацоўнікі рэдакцыі ў асобных намінацыях.
А ў мінулым годзе газета «Дзвінская праўда» заваявала вышэйшую журналісцкую ўзнагароду ў Беларусі – стала лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» ў намінацыі Гран-пры «Лепшы праект года».
Калектыў рэдакцыі неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, заносіўся на раённую Дошку гонару.
Гэтыя высокія ўзнагароды – заслуга не толькі рэдакцыі газеты, але ўсіх яе партнёраў у працы, друкароў, работнікаў пошты, аўтараў і чытачоў. Яны дапамагаюць выданню захоўваць творчы настрой, развівацца, ісці наперад. Менавіта інтарэс і давер чытача з’яўляюцца галоўнымі стымуламі і арыенцірамі ў працы. Кожную тэму газета вывярае з тым, наколькі карыснай і патрэбнай яна будзе для людзей, якія выпісваюць раёнку, беражліва адносіцца да творчасці няштатных аўтараў, адказна ставіцца да вырашэння праблем, якія хвалююць падпісчыкаў.
Віншуем з юбілеем раёнкі усіх нашых сяброў і жадаем газеце далейшага плённага творчага шляху!