Гандаль ужо даўно выйшаў за межы сваіх ведамасных структур. Хто ім толькі цяпер не займаецца!.. Адкрываюць гандлёвыя кропкі індывідуальныя прадпрымальнікі і ўнітарныя прадпрыемствы, усё больш з’яўляецца фірменных магазінаў. Разгорнута шырокая сетка прадпрыемстваў гандлю райспажыўкааперацыі. І ўсе змагаюцца за свайго пакупніка. Канкурэнцыя жорсткая, затое пакупнікам — на карысць. Дзякуючы таварнаму багаццю маем магчымасць выбраць найбольш прыдатную па якасці і цане прадукцыю.
І ў гэтым сэнсе ў Верхнядзвінску вылучаецца фірменны магазін «Ян-сырароб» ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», які размяшчаецца ў мікрараёне. Магазін адрозніваецца профілем гандлю, асартыментам тавараў і колькасцю наведвальнікаў.
-Ствараючы свае фірменныя магазіны (другі працуе ў в. Яніна), мы не хацелі паўтараць ужо існуючыя, — гаворыць начальнік аддзела збыту і забеспячэння ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» С. М. Цыра. — Асноўная задумка была — прадставіць верхнядзвінцам і гасцям горада ў шырокім асартыменце ўласную прадукцыю і побач — брэндавы тавар лепшых айчынных вытворцаў.
Мясныя вырабы пастаўляюць Віцебскі, Глыбоцкі і Міёрскі мясакамбінаты, а курыныя паўфабрыкаты — Віцебская бройлерная фабрыка. Секцыю малочных прадуктаў папаўняюць яшчэ вырабы Полацкага і Аршанскага камбінатаў. Тут можна купіць лепшыя гатункі беларускага піва — «Рэчыцкае», «Лідскае», марачныя віны і каньякі. Хлебабулачная прадукцыя прадстаўлена вырабамі верхнядзвінскага хлебазавода.
Немалаважны факт: у сваіх фірменных магазінах закупляюць прадукты (таксама і ў лік зарплаты) усе работнікі ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод». Так што прынцып «Гандаль — для пакупніка» ажыццяўляецца спаўна.
НА ЗДЫМКУ: загадчык магазіна «Ян-сырароб» Т. А. Кандратовіч і прадаўцы Л. В. Масальская, А. М. Мішута, І. А. Малей клапоцяцца аб асартыменце тавараў, заўсёды гасцінна сустракаюць пакупнікоў.
Віншуем усіх, хто мае дачыненне да гандлю, з прафесійным святам.
Людміла АРЛОВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.