Час вялікага малака

Жизнь сельских Советов

На раённы семінар-нараду па пераводу жывёлы на летне-пашавае ўтрыманне былі запрошаны галоўныя заатэхнікі, ветурачы сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райветсанцыі і рай-племстанцыі.

 

 

Праводзілі яго начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў, намеснік начальніка па жывёлагадоўлі З. М. Палавая, дырэктар райплемстанцыі У. Г. Путро, в.а. галоўнага ветурача А. Г. Хадаронак.

Вопытам па арганізацыі выпасу, асемянення, утрымання маладняку падзяліліся спецыялісты ААТ «Сакалоўшчына» і ААТ «Прудзінкі». А тэхналогію атрымання вялікага малака ў ААТ «Шайцерава» ставілі ў прыклад усім жывёлаводам.

Сёлета шайцераўцы выгналі рагуль у поле ўжо напрыканцы красавіка. Пагалоўе БРЖ налічвае 2340 галоў, з якіх 696 — дойны статак. Падчас пашавага перыяду тут практыкуюць «закрыты» тып даення — рука чалавека не кранаецца малака. Зробленыя некалі перасоўныя даільныя ўстаноўкі з малакаправодам за больш як пятнаццаць гадоў выкарыстання даўно прыжыліся — надоі з кожным годам толькі павялічваюцца, ды і малако атрымліваюць гатункам «экстра».

Апрабаваную тэхналогію, на жаль, не пераймаюць іншыя гаспадаркі раёна. Хаця яна не патрабуе вялікіх выдаткаў, дастаткова купіць бочку, у якую з малака-правода паступае малако. Такая дойка значна аблягчае працу даярак, якія вымушаны насіць цяжкія 40-кілаграмовыя бітоны.

З пачаткам пашавага перыяду ААТ «Шайцерава» зноў апынулася ў лідарах. Ва ўрочышчы «Выпасы» на кругласутачным утрыманні знаходзіцца 130 галоў. У сярэднім надойваюць па 22 літры малака на карову пераважна гатунку «экстра». Акрамя дойных, тут кормяцца і нецелі, якія павінны мець прыплод у гэтым сезоне. Такое сумеснае ўтрыманне жывёлы дае добры вынік — рагулі перастаюць баяцца аператараў, прывыкаюць да даення і канцэнтратаў.

Буйная рагатая жывёла выпасваецца на сямікампанентнай культурнай пашы. Усяго ў гаспадарцы іх дзве, астатнія — травасумесі. Каб усё пагалоўе атрымала высакаякасны пажыўны рацыён, статкі перамяшчаюць.

-На фермах «Шайцерава-1,2,3» ўсю зіму мы атрымлівалі малако толькі гатункам «экстра», — гаворыць галоўны заатэхнік С. П. Судакова. — І зараз не намераны адступаць. — Шайцерава заўсёды славілася перадавікамі. Гледзячы на іх, падцягнуліся і аператары з Ляшчылава.

У «Выпасах» вытрыманы ўсе тэхналогіі. У жывёлы ёсць пастаянны доступ да паілак. Бочка пафарбавана так, каб менш награвалася вада. Акрамя таго, жывёле даюць неабходныя канцэнтраты. Для асемянення прама ў полі ёсць станок, за станам жывёлы пільна сочыць ветурач-гінеколаг, асемянатар С. В. Судакоў.

Для падвозу даярак выдзелілі дзве машыны. Сёлета пашы раскінуліся па розных кутках гаспадаркі, а паспець трэба на ўсе тры дойкі своечасова. Тым больш, што малако неабходна даставіць як мага хутчэй у халадзільнікі.

На пашы задзейнічаны тры пастухі, якія працуюць пазменна, і тры даяркі — дзве пастаянныя і адна зменная. Вялікія надоі атрымліваюць аператары машыннага даення Алена Віктараўна Дрыжова, Таццяна Уладзіміраўна Шыманская, Ала Пятроўна Сырэвіч. Менавіта Алу Пятроўну прама ў поле прыехала павіншаваць з першым месцам у абласным спаборніцтве па вытворчасці малака старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, якая ўручыла ёй падзяку за добрасумленную працу і дасягненне лепшых вынікаў у вытворчасці малака.

Дарэчы, пакуль што ў ААТ «Шайцерава» ёсць толькі адзін працоўны сапернік, які не адстае па надоях. Гэта суседнія «Прудзінкі». Такі расклад толькі падштурхоўвае на добры вынік.

Ксенія ЯРАШЭВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: (Злева направа) А. В. Дрыжова, С. П. Судакова, А. П. Сырэвiч.

Фота аўтара.

18/05/2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *