Два скліканні Верхнядзвінскі раён (у ліку іншых рэгіёнаў) у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь прадстаўляў У. Ю. Скавародка. На пачатку новай выбарчай кампаніі дэпутат Парламента расказвае аб сваёй дзейнасці ў вышэйшым прадстаўнічым органе краіны.
-У канцы чэрвеня закончыла работу дзесятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Уладзімір Юр’евіч, якія яе вынікі?
-Па-першае, усё намечанае выканана. Разгледжана больш 120 пытанняў, аператыўна вырашаны тыя з іх, якія былі прадыктаваны актуальнымі праблемамі развіцця нашага грамадства. Прыярытэтам сесіі стала работа па стварэнні ўмоў для абнаўлення эканомікі, забеспячэння яе хуткага росту ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія дыктуе цяперашні дынамічны час. Сярод важнейшых дакументаў, што прыняты на сесіі, законапраекты аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і дзейнасці, аб інвестыцыях і камерцыйнай тайне. Тым самым створаны ўмовы для таго, каб крэдытная, падатковая і мытная палітыка дзяржавы насіла стымулюючы характар, а прадпрымальніцкая ініцыятыва атрымала далейшае развіццё.
Пастаянная камісія па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці, дзе я з’яўляюся намеснікам старшыні, сур’ёзна працавала над удасканаленнем Банкаўскага кодэксу. З мэтай умацавання стабільнасці фінансавага сектара эканомікі павышана самастойнасць Нацыянальнага банка, пашыраны яго паўнамоцтвы па наглядзе за банкаўскай сферай. Камерцыйным банкам забаронена спаганяць дадатковыя плацяжы за карыстанне крэдытамі.
Для таго, каб эфектыўна рашаць праблемы прадпрыемстваў, што аказаліся ў складанай фінансавай сітуацыі, падрыхтаваны праект Закона «Аб эканамічным нядобрабыце (банкруцтве)».
Значымым вынікам мінулай сесіі стала прыняцце новага Жыллёвага кодэксу. Яго нормы накіраваны на ўзмацненне абароны правоў уласнікаў жылых памяшканняў, павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг. Вялікае сацыяльнае значэнне маюць палажэнні, якія тычацца абароны правоў на жыллё дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. У цэлым у сацыяльнай сферы зроблены асаблівы акцэнт на ўзмацненне падтрымкі найбольш маючых у тым патрэбу катэгорый грамадзян. Унесены папраўкі ў Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні», што дазволіць шырэй прыцягваць некамерцыйныя арганізацыі для падтрымкі інвалідаў, цяжка і безнадзейна хворых людзей, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, што павысіць даступнасць і якасць такіх паслуг. Інвалідам трэцяй групы прадастаўляецца права на скідку ў 50% кошту лекавых сродкаў, якія выдаюцца па рэцэптах, дзеці ва ўзросце да 3-х гадоў будуць атрымліваць такія лекі бясплатна.
Разгледжаны вялікі блок дакументаў у галіне культуры. Урэгуляваны пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця кінематаграфіі, выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, падтрымкі прафесійнай і аматарскай творчасці. І такая ўвага да гэтай сферы не выпадковая, бо гэта важнейшая ўмова дастойнай будучыні нацыі.
Сярод значных рашэнняў адзначу меры, накіраваныя на ўмацаванне абароннага патэнцыялу краіны, узмацненне барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам, абаротам наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Унесены змяненні ў заканадаўства аб ахоўнай дзейнасці, аб зброі.
Праведзена сур’ёзная работа па ўдасканаленні дзейнасці Следчага камітэта, органаў дзяржбяспекі, унутраных спраў. Карэктыроўцы падвергліся законы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Прыняты закон аб амністыі, пашырэнні практыкі прымянення пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Працягвалася заканадаўчае забеспячэнне рэфармавання судовай сістэмы.
Каля 40 законапраектаў прынята для развіцця міжнароднай дагаворна-прававой базы. Сярод іх неабходна асабліва выдзеліць ратыфікацыю пагадненняў паміж Беларуссю і Расіяй, якія накіраваны на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў газавай галіне, дакументаў у рамках Мытнага саюза, дагавора аб зоне свабоднага гандлю дзяржаў Садружнасці.
У рамках міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі ўдзел больш чым у 50 міжнародных мерапрыемствах, найбольш значымыя з іх звязаны з паглыбленнем інтэграцыі на прасторы СНД і павышэннем ролі парламентаў у гэтым працэсе. Прайшлі сустрэчы з парламентарыямі Расіі, Кітая, В’етнама, прадстаўнікамі шэрагу міжнародных арганізацый.
-Акрамя законатворчай дзейнасці, Вы пастаянна працуеце ў сваёй выбарчай акрузе. Некалькі слоў аб гэтым.
-Як і раней, імкнуся рэгулярна бываць ва ўсіх чатырох раёнах Міёрскай выбарчай акругі №24, сёлета ўжо правёў 22 асабістыя прыёмы грамадзян і «прамыя» тэлефонныя лініі, прыняў больш 80 выбаршчыкаў. Разгледжана каля 90 вусных і пісьмовых зваротаў грамадзян па пытаннях работы транспарту, камунальнай гаспадаркі, паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання і інш.
-У краіне працягваецца чарговая выбарчая кампанія. Якія планы ў Вас на будучыню ў сувязі з гэтым?
— У 110 акругах, дзе будуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты, ужо вызначаны склад акруговых выбарчых камісій, якія і будуць займацца выбарамі. Калі вы звярнулі ўвагу, Міёрскай выбарчай акругі ўжо няма, яна перайменавана ў Полацкую сельскую, таксама №24. Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Калі гаварыць асабіста пра мяне, то я быў дэпутатам двух скліканняў і на будучыя выбары балаціравацца не планую. Спадзяюся, што выбаршчыкі прымуць актыўны ўдзел у выбарах і прагаласуюць за кандыдата ў дэпутаты пятага склікання, які стане дастойна прадстаўляць у парламенце іх інтарэсы.
-Ці азначае гэта, што ў дэпутатаў пачаліся працяглыя канікулы?
-Некаторыя з цяперашніх дэпутатаў прымуць удзел у выбарчай кампаніі, і для іх наступае напружаны перыяд. Частка дэпутатаў, як і я, знаходзяцца ў чарговым водпуску, пасля якога мы зноў акунёмся ў законатворчую дзейнасць. Наперадзе ў нас яшчэ адна сесія, і самую сур’ёзную ўвагу трэба надаць падрыхтоўцы праекта рэспубліканскага бюджэту на 2013 год, у якім неабходна ўлічыць суадносіны эканамічных рэалій і патрэб грамадства, што надта не проста. Так што ўсё ідзе сваёй чаргой без расслаблення. Адзначу, што і ў водпуску пастаянна падтрымліваю кантакты з кіраўніцтвам раёнаў, імкнуся быць у курсе падзей, праблем і задач, якія стаяць перад імі, аказаць неабходную дапамогу і садзейнічанне ў іх рашэнні.
У заключэнне выказваю словы падзякі кіраўніцтву Верхнядзвінскага, Міёрскага, Полацкага і Расонскага раёнаў, сельскіх і пасялковых Саветаў, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, усім выбаршчыкам за ўзаемаразуменне і ўзаемадзеянне ў рабоце. На працягу васьмі гадоў пастаянна адчуваў вашу падтрымку і дапамогу ў рашэнні тых пытанняў і праблем, якія ставілі перада мной выбаршчыкі. Не ўсе з іх удалося рашыць у поўнай меры, асабліва тыя, якія патрабавалі значных фінансавых і матэрыяльных выдаткаў, за што прашу дараваць мне.
Жадаю кожнаму жыхару выбарчай акругі моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, цярпення і вытрымкі, аптымізму, поспехаў ва ўсіх добрых справах і пачынаннях.
Впечатляющий объем работы проделан нашим депутатом. Спасибо ему за это! Желаю дальнейших успехов на ниве искреннего служения нации, обществу, и главное — государству.