Людзі кажуць, што няма мяжы дасканаласці. Майстрыца з в. Баліны Любоў Іванаўна Новікава даказвае гэта кожны дзень: яна асвоіла ўжо каля 20 відаў розных тэхнік і рамёстваў і спыняцца на дасягнутым не збіраецца!
Любоў Іванаўна нарадзілася ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Вывучылася ў Мінскім педагагічным вучылішчы на настаўніка малодшых класаў, пасля атрымала вышэйшую адукацыю ў педагагічным інстытуце імя М. Горкага па спецыяльнасці руская мова і літаратура. Працавала ў школах Мінскай і Магілёўскай абласцей. А ў 1986 годзе здарылася страшнае – адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і Любоў Іванаўна з сям’ёй была вымушана перабрацца ў Віцебскую вобласць, далей ад атрутнага паветра.
Другую малую радзіму жанчына знайшла ў вёсцы Баліны Верхнядзвінскага раёна. Тут яна шмат гадоў працавала настаўніцай у мясцовай школе. А калі вый-шла на заслужаны адпачынак, стала яшчэ больш часу ўдзяляць любімаму занятку – творчасці.
– Рукадзеллем займаюся з дзяцінства, – расказвае Любоў Іванаўна. – У нас на Магілёўшчыне гэта было вельмі развіта, асабліва вышыўка: у кожнай хаце ручнікі на іконах і на рамках з фотаздымкамі; вышытыя абрусы, падзоры для ложка, падушкі. Так я і навучылася ад жанчын вышываць гладзю, крыжыкам; вязаць на спіцах і кручком. Зараз на пенсіі асвойваю новыя віды рукадзелля.
Ручному ткацтву Любоў Іванаўна навучылася ў раённым Доме рамёстваў, наведаўшы некалькі заняткаў, але з большай часткай новых тэхнік майстрыца знаёміцца праз інтэрнэт. За гады захаплення творчасцю яна паспела паспрабаваць амаль што ўсё: у розны час вышывала бісерам і стужкамі; займалася саломкай – пляла шкатулкі, фігуркі людзей і жывёл; рабіла фіранкі на дзверы і аркі ў тэхніцы макрамэ; складала папяровых птушак-арыгамі… Любоў Іванаўна выдатна ўмее работаць з бісерам: вышывае, стварае кветкі, калье і каралі, аплятае велікодныя яйкі – калегі з Дома рамёстваў параўноўваюць іх са знакамітымі Фабержэ. Асаблівай увагі заслугоўвае ткацтва бісерам арыгінальных і стыльных упрыгожванняў, якое жанчына асвоіла самастойна па аналогіі з ручным ткацтвам габеленаў.
Не так даўно майстрыца «пазнаёмілася» з пэчворкам, або лапікавым шыццём – стварэннем новых вырабаў з абрэзкаў тканіны; пашыла некалькі джынсавых сумак, падушкі і нават капялюш. Зацікавіла яе і японская тэхніка кінусайга, так званы «пэчворк без іголкі». А зараз Любоў Іванаўна захапілася работай з фааміранам: у яе руках адна за адной «расцвітаюць» яркія кветкі з гэтага прыемнага аксаміцістага матэрыялу.
– Вольнага часу зараз хапае, баўлю яго за творчасцю, – распавядае майстрыца. – Займаюся фааміранам, пасля на машынцы что-небудзь пашыю. У перапынку сама сабе сыграю на гармоні, песню праспяваю, адпачну – і зноў за работу.
Муж Аляксей Піліпавіч хобі Любові Іванаўны адабрае. Калі патрэбна, рамантуе швейную машыну, дапамагае сагнуць дрот або прыбіць рэйку, каб павесіць макрамэ. Пайшлі ў бацьку і тры сыны, усё ўмеюць рабіць сваімі рукамі: могуць і шпалеры паклеіць, і электрычнасць правесці. Нягледзячы на тое, што раз’ехаліся па розных населеных пунктах, увесь час падтрымліваюць сувязь з бацькамі, прыязджаюць у госці. Два з іх сталі пагранічнікамі, а трэці, Ігар, абраў шлях творчасці – народны калектыў «Дзвінскія напевы», які ён узначальвае, вядомы ва ўсім Верхнядзвінскім раёне. Для кожнага з сыноў маці вышыла бісерам ікону ў якасці абярэга.
Любоў Іванаўна ахвотна супрацоўнічае з раённым Домам рамёстваў, з’яўляецца ўдзельнікам народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў. У «скарбонцы» жанчыны вялікая колькасць грамат і дыпломаў, а за плячыма – шматлікія выставы раённага і абласнога ўзроўню. Віцебск «бачыў» і яскравыя велікодныя яйкі, і габелены, і пано, вышытыя стужкай.
Фотаздымкі ўсіх гатовых работ Любоў Іванаўна выкладае на сваю старонку ў «Одноклассниках». Самі вырабы часта дорыць на памяць родным, сябрам і знаёмым. Астатнія ўпрыгожваюць дом, «разліваюць» яркія фарбы па сценах і полках. І колькасць іх толькі павялічваецца!
– Знаходжу ў інтэрнэце новыя тэхнікі і стараюся іх асвоіць, – дзеліцца майстрыца. – Выканаю некалькі работ – і шукаю што-небудзь яшчэ. Я не стаўлю сабе мэту давесці майстэрства да дасканаласці, мне проста цікава, як гэта можна зрабіць. Таму, калі пачынаю дастаткова разумець працэс і вынік работы мяне задавальняе, вучуся нечаму іншаму. Апошняй была кінусайга, зараз нават і не ведаю, што яшчэ паспрабаваць. Буду зноў шукаць у інтэрнэце якую-небудзь арыгінальную тэхніку!
Алёна МАРОЗ.