Урачыстасці ў Росіцкім касцёле

Актуально Духовность

У Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

У час Святой Літургіі.

 

Айцец Часлаў Курэчка (на першым плане) і госці святыні.

Сёлета ўгодкі кананізацыі росіцкіх пакутнікаў адзначаліся разам са стагоддзем самой святыні. Таму прадстаўніцтва духоўных асоб і гасцей Храма было асабліва вялікім. На ўрачыстасці прыбылі вядомыя каталіцкія служыцелі Беларусі і замежжа: біскуп Пінскі Казімір Вялікаселец, вікарый генеральны Віцебскай дыяцэзіі Францішак Кісель, дэлегат ордэна Марыянаў Польскай правінцыі Томаш Адам Новачэк. Удзел у росіцкай сустрэчы прымалі святары з розных куткоў Беларусі, прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы, сёстры законныя. Свецкую ўладу на ўрачыстасцях прадстаўлялі супрацоўнікі райвыканкама на чале з намеснікам старшыні У. Я. Якаўлевым і старшыня Сар’янскага сельвыканкама А. У. Урбан.
Горача вітала перапоўненая святыня шматлікіх пілігрымаў, якія адолелі сотні кіламетраў, каб прынесці на святую росіцкую зямлю свае ахвяраванні і сведчанне веры. Сёлета ў Росіцу прыбылі тры пешыя і адна веласіпедная пілігрымкі. Вернікі з Полацка ў колькасці 45 чалавек ішлі 4 дні і адолелі 105 кіламетраў. З Друі прыбыло 108 пілігрымаў, якія за 3 дні прайшлі 80 кіламетраў. Цэлых 8 дзён доўжыўся шлях 91 пілігрыма з Барысава — пешшу яны адолелі 260 кіламетраў. Самай далёкай была дарога 18 веласіпедыстаў з Жодзіна — за 5 дзён яны праехалі 310 кіламетраў. Акрамя таго, многія вернікі прыбылі на аўтобусах і машынах.
Чаму людзей так прыцягвае гэта месца і з кожным годам у яго большае прыхільнікаў? Як сказаў пробашч касцёла Святой Троіцы айцец Часлаў Курэчка, калі ў Росіцы адбываецца Святая Літургія, здаецца, замірае ўвесь свет. Гэтых хвілін сустрэчы з намоленым месцам многія людзі чакаюць увесь год. Яны імкнуцца сюды з розных куткоў свету, каб пакінуць тут свае малітвы і просьбы, падсілкавацца магутнай духоўнай энергетыкай Росіцы, ачысціцца ад граху і атрымаць вялікія Божыя ласкі. У водгуках і лістах, якія пакідаюць у Росіцы пілігрымы, сведчанні сапраўдных цудаў: маральнага і фізічнага аздараўлення, пазбаўлення ад алкаголю, уратавання шлюбаў і іншыя. Як гавораць тут: Росіца чыніць цуды!
І на гэты раз Святая Літургія аб’яднала ў адным духоўным імкненні да Бога сотні людзей. Удзельнікаў супольнай малітвы прывітаў дэлегат ордэна Марыянаў з Варшавы айцец Томаш Адам Новачэк. Ён адзначыў, што Благаслаўлёныя пакутнікі Юрый і Антоній — ікона не толькі гэтай зямлі, але ўсяго свету. Яны не пакінулі сваю паству і свядома пайшлі ў агонь, тым самым далі прыклад сілы духа, паслядоўнасці і трываласці ў вызнаванні веры, вялікай ахвярнасці і любові, да якіх заклікае хрысціянства.


Ведучы Святую Імшу, біскуп Казімір Вялікаселец сказаў, што пакутніцкая смерць Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча — сведчанне наследавання Хрыста на Крыжы. Як Ён аддаў жыццё за людзей, так росіцкія пакутнікі выканалі Хрыстову запаведзь любіць бліжняга, як самога сябе. Высокі прыклад любові вельмі актуальны сёння, калі пагоня за матэрыяльнымі дабротамі ў свеце выклікае духоўнае спусташэнне. Да чаго прыводзіць страта духоўнасці, нагадвае гісторыя: калі няма любові, чалавек забівае чалавека, разгараюцца войны, аж да такой крывапралітнай і жудаснай, якой была другая сусветная вайна. Ніякія заваёвы цывілізацыі не выратуюць, але паглыбяць канфлікты сярод людзей, калі яны пазбавяцца Хрыстовага запавету любові. Гэта перасцярога сучаснай «сытай» Еўропе і ўсяму свету, дзе час ад часу ўспыхваюць войны і крызісы на глебе падзелу матэрыяльных даброт. Подзвіг духа, які ўчынілі росіцкія святары, мае неацэннае значэнне ў сцвярджэнні сапраўдных каштоўнасцей. І сёння ён асабліва актуальны, бо вучыць любові, дабрыні, ахвярнасці, міласэрнасці, спагадлівасці, чысціні, якіх так не хапае сучаснаму грамадству. «Нам патрэбна вера, — падкрэсліў святар, — бо яна кантралюе сумленне і дае чалавеку сапраўдныя багацці. Як сказана Хрыстом — шукайце валадарства Божага і ўсё вам будзе дадзена»…
Пасля начной Літургіі на месца пакутніцкай смерці святароў і мірных жыхароў Росіцы рушыла працэсія Святла. Кіламетровая рака агеньчыкаў цякла ад Храма да Крыжа, адбіваючыся ў водах возера яркімі сполахамі. Непаўторнае відовішча пакідае незабыўнае ўражанне: хвалюючае і ўзнёслае, яно нібы вяртае нас у тыя далёкія дні, калі людзі ішлі гэтай дарогай у свой апошні зямны шлях.
Урачыстасці доўжыліся малітвай праслаўлення і працягваліся ў суботу, калі адбыліся Святая Імша і працэсія каля касцёла. У святыні гучалі малітоўна-музычная праграма і канцэрт духоўнай і класічнай музыкі.
Малітвы ў розных патрэбах будуць узносіцца да Бога ў Росіцкім храме кожны дзень. Касцёл, які ўражвае сваім прыгожым знешнім абліччам, і далей будзе добраўпарадкоўвацца, здзіўляць гасцей новымі здабыткамі, заахвочваць да роздуму і малітвы. Айцец Часлаў запрасіў сюды ўсіх, хто жадае духоўнага ўзбагачэння і падтрымкі росіцкіх Благаслаўлёных — моцных і шчодрых апекуноў нашай зямлі.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



5 комментариев по теме “Урачыстасці ў Росіцкім касцёле

  1. Программа «Истоки» сняла замечательный фильм о нашей Росице. Есть в Интернете. Посмотрите!

  2. Спасибо, Кастусь за подмогу. Пятница — цейтнот и полный аут! Еще рекомендую там же — в «Истоках» -посмотреть и другие выпуски. Особенно запомнился про Орден Капуцинов. В том же фильме есть интервью и о. Томаша — нашего предыдущего священника.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *