Пляценнем з саломкі Тамара Уладзіміраўна Дзямешка захапілася падчас работы ў раённым Доме рамёстваў. І нягледзячы на тое, што прафесію жанчына даўно змяніла, займацца творчасцю не пакінула.
Тамара Дзямешка жыве ў в. Жыгулі Верхнядзвінскага раёна, працуе кантралёрам-касірам у «Евроопте». Летам у руплівай гаспадыні і пасля работы клопатаў хапае: трэба займацца агародам, сачыць за кветкамі, якія ўпрыгожваюць прысядзібны ўчастак, даглядаць невялічкі яблыневы садзік. Затое зімой, доўгімі цёмнымі вечарамі жанчына можа надаць увагу любімаму хобі: са звычайнай саломкі яна стварае арыгінальныя, стыльныя і неверагодна прыгожыя пано. Аб’ёмныя саламяныя кветкі аплятаюць драўляныя рамы, нібы дэкаратыўныя ліяны. Такая работа – памятны і заўсёды жаданы падарунак на свята, які ўдала ўпішацца ў любы інтэр’ер.
Пляценнем з саломкі Тамара Уладзіміраўна зацікавілася каля 15 гадоў таму, калі прыйшла працаваць у раённы Дом рамёстваў. Яе асноўнай спецыялізацыяй была кераміка, але гэта не перашкаджала спрабаваць сябе ў іншых відах творчасці. Майстрыца займалася вышыўкай крыжыкам, бісерам, ткала габелены і нават асвойвала бацік – роспіс па тканіне. Але больш за ўсё ёй спадабалася менавіта аб’ёмнае пляценне з саломкі, гэтае рамяство засталося ў яе жыцці і пасля змены месца работы.
– Хацелася б займацца і керамікай, але для гэтага патрэбна спецыяльная муфельная печ – вельмі дарагая рэч, – расказвае Тамара Уладзіміраўна. – Таму зараз я сканцэнтравалася толькі на саломцы. Калі дазваляе час, ствараю аб’ёмныя пано, кампазіцыі з кветак. Спрабавала рабіць аплікацыі, лялек, але зразумела, што «не маё».
Як адзначае майстрыца, знайсці добрую саломку ў Верхнядзвінскім раёне таксама няпроста і яна ўжо задумваецца аб тым, каб пачаць самой сеяць жыта. Чаго не зробіш дзеля творчасці!
Любімых работ у Тамары Уладзіміраўны няма, кожная з іх па-свойму значная і асаблівая. Але дома засталіся толькі чатыры: усе астатнія ўпрыгожваюць сцены ў дамах родных і знаёмых. Шмат кампазіцый сабралася ў сястры майстрыцы, якая жыве ў Расіі, а адно пано нават адправілася ў Нарвегію да яе сяброўкі.
Час ад часу саламяныя вырабы Тамары Дзямешкі можна ўбачыць на выставах раённага Дома рамёстваў – яна ахвотна працягвае супрацоўнічаць з былымі калегамі і з’яўляецца ўдзельніцай народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў.
Алёна МАРОЗ.