У Росіцу можна прыехать адпачыць і папрацаваць

Общество

Калі ў наш раён прыязджаюць госці, іх звычайна запрашаюць у Росіцу – расказаць аб трагічных і гераічных падзеях, што адбыліся тут у гады Вялікай Айчыннай вайны, наведаць санктуарый благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя і Антонія, падзівіцца на выключную прыгажосць тэрыторыі, дзе гарманічна спалучаюцца непаўторнасць беларускай прыроды і плён працы рук чалавечых. Наколькі зможам захаваць і прымножыць гэта багацце роднай старонкі залежыць ад нашай руплівасці.

З наступленнем цяпла ў Росіцы зноў усё квітнее і цешыць вока хараством фарбаў. Май-чэрвень – час, калі ў белыя, жоўтыя і ружовыя аблокі ўбіраюцца кусты і дрэвы, палымнеюць на клумбах цюльпаны, рознакаляровымі вясёлкамі ўспыхваюць фіялкі, гіяцынты, касачы.
Сёлета цвіценне асабліва буйнае: за карункамі бэзу, спірэі, фарзіцыі не бачна галінак. Выраслі ў высокія дрэвы экзатычныя магноліі: яны паспяхова прыжыліся на паўночнай зямлі і проста ўсыпаны матавымі ружова-белымі бутонамі. Па-свойску адчуваюць сябе тут і паўднёва-ўсходняя сакура, і дэкаратыўная яблыня з чырвонымі кветкамі, і лістападныя родадэндроны, і венгерскі бэз. Расквітнелі азалія, гартэнзія, вегейла. Хутка да іх далучацца язмін, баярышнік «скарлет» і каліна «бульданеж».


З кожным годам вядомы росіцкі святар айцец Чэслаў, які валодае рэдкім дарам кветкавода і дызайнера, пашырае сваю калекцыю «экзотаў». Нядаўна на ўчастку з’явіліся новыя гатункі гліцыніі. Асаблівы гонар гаспадара – дэкаратыўныя дрэвы катальпа і паўлоўнія, якія маюць надзвычай прыгожыя кроны і вылучаюцца доўгім цвіценнем. У Беларусі гэтыя дрэвы практычна не сустракаюцца, але на тое ў айца Чэслава і слава ўнікальнага кветкавода, што прыжыўляе ў Росіцы рэдкія дзівосныя расліны.
Непаўторным каларытам вылучаецца і ўся тэрыторыя касцёла, дзе арганічна спалучаюцца векавыя дрэвы, вечназялёныя кустарнікі, горкі з каменя і сажалкі з рознакаляровымі гарлачыкамі. Айцец Чэслаў з радасцю паведамляе, што збываецца яго мара зрабіць Росіцу месцам гнездавання адметных беларускіх птушак – буслоў. Каля касцёла гэтай вясной пасялілася ўжо пяць бусліных сем’яў, а мясцовыя жыхары просяць святара дапамагчы «прывабіць» птушак і на іх падвор’і. На вадаёмах ля касцёла селяцца лебедзі, берагі возера ўпрыгожылі німфеі, а ўздоўж іх высаджаны плакучыя івы.


Безумоўна, уся гэта прыгажосць патрабуе вялікай працы. Пробашч касцёла айцец Аляксандр і айцец Чэслаў з ранку да позняга вечара завіхаюцца на тэрыторыі, імкнучыся ўтрымаць у парадку немалую гаспадарку. На дапамогу час ад часу прыязджаюць валанцёры з розных гарадоў, Верхнядзвінска, Бігосава, настаўнікі і вучні школ. Але рабочых рук яўна не хапае. Каб захаваць навакольную прыгажосць, патрэбны пастаянны догляд: праполка, абкоска, абрэзка кустоўя. Святары звяртаюцца за дапамо-гай да ўсіх, хто можа аказаць яе.
Айцец Чэслаў запрашае ў Росіцу «пажыць, папрацаваць і адпачыць». Непадалёку ад касцёла абсталяваны Дом пілігрыма, дзе ёсць усе ўмовы для пражывання. «Чаму б людзям, якія стаміліся ад тлуму будзёнага жыцця, не пабыць тут які тыдзень, палюбавацца прыродай, кветкамі, адпачыць душой. А благаслаўлёная праца на свежым паветры – толькі на карысць», – сцвярджае святар. Спадзяюцца гаспадары і на дапамогу выхаванцаў летніх дзіцячых лагераў, якія плануецца адкрыць тут летам.


Дарэчы, у раёне была ўжо традыцыя арганізаванай дапамогі касцёлу. З наступленнем кавіду работы былі прыпынены. Самы час адрадзіць яе.
У нашым краі не так многа куточкаў, дзе так як у Росіцы можна атрымаць асалоду ад навакольнай прыгажосці і духоўны пасілак, які выпраменьвае святое месца. Росіцу ведаюць далёка за межамі раёна – гэта святыня з’яўляецца скарбонкай нашай памяці і гонару. Святары расказваюць, што сюды наведваюцца экскурсіі і пілігрымкі не толькі з Беларусі, але і замежных краін. Пасля адступлення пандэміі прага такіх вандровак адчуваецца асабліва. З’явілася магчымасць аднавіць духоўна-культурныя мерапрыемствы, якімі славіцца святыня. Наш абавязак – захаваць гэту скарбніцу роднай зямлі і спрыяць яе развіццю.
Яніна Пакульневіч.
Тэлефон а. Чэслава +375(29)2112545.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *