Галоўная задача-жніво

Актуально Общество

Пракаменціраваць ход уборачных работ мы папрасілі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзіміра Уладзіміравіча Быкава:

 

Шмат работы ў гэтыя дні ў работнікаў сушыльнай гаспадаркі ААТ «Бялькоўшчына» Андрэя Нарубіна і Канстанціна Бараненкава.

 

 

Уборку гаспадаркі раёна вядуць і пры святле фар.

-Уборка ніколі не бывае лёгкай. Рэдка выпадае сезон, калі спрыяльнае надвор’е стаіць, як у мінулым годзе, працяглы час. Таму хлебаробы прызвычаіліся працаваць у самых складаных кліматычных умовах, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну, выхопліваючы ў прыроды любую магчымасць звезці з палёў хлеб. Сёлета гэта задача для нашага раёна мае асаблівую актуальнасць: ураджай выспеў выдатны, кожны гектар дае ў сярэднім 38 з паловай цэнтнера. Гэта самы высокі паказчык у вобласці — верхнядзвінскія хлебаробы пакінулі далёка ззаду нават славутых аршанскіх, дубровенскіх і талачынскіх земляробаў. А такая гаспадарка, як ААТ «Шайцерава», стабільна трымае ўраджайнасць у 50 цэнтнераў. Звыш 40 маюць ААТ»Прудзінкі», «Бялькоўшчына», «Антонава-Агра», КУВСП»Верхнядзвінскі», «Каханавічы». І ў гэтым няма нічога выключнага. Добры хлеб — вынік мэтанакіраванай работы аграрыяў раёна па павышэнні культуры земляробства. Раней Верхнядзвіншчына традыцыйна лічылася кормаздабываючым рэгіёнам. Але, дзякуючы правільнай гаспадарчай палітыцы, мы навучыліся вырошчваць важкія ўраджаі збожжа і сёння ўваходзім у першую групу гаспадарак, якія, згодна абласной праграме, закліканы забяспечыць істотнае павелічэнне хлебнага караваю Віцебшчыны.
Але ёсць у пераможнага «медаля » і свой зваротны бок: чым вышэй ураджай — тым цяжэй яго ўбраць. Першая палова жніва ішла добрымі тэмпамі — яе адолелі да 10 жніўня.А затым неба пачало хмурыцца. Пры няўстойлівых умовах надвор’я павышаецца небяспека зацягнуць уборку, а значыць, згубіць значны працэнт намалоту. Вось чаму майстры поля прымяняюць часам неардынарныя меры па выратаванні ўраджаю. У ноч на аўторак, напрыклад, уборка ішла пры святле фар. Хлебаробы выкарысталі момант, калі надвор’е паспрыяла: сухавей захаваў палі ад расы,- і працавалі амаль да самай раніцы. Асабліва напружана вялі жніво ў сельгаспрадпрыемствах «Асвейскі», «Лявонішана», «Верхнядзвінскі», «Каханавічы», «Шайцерава», «Баліны». Працаваць уначы вельмі складана: камбайнам не хапае праходнасці, перашкаджае светлавое абмежаванне, механізатары павінны быць максімальна засяроджаны, каб не дапусціць зніжэння якасці ўборкі. Але людзі разумеюць важнасць моманту — чым больш удасца зрабіць у спрыяльныя суткі, тым вышэй шанц выратаваць ураджай у цэлым. Камбайнеры «Асвейскага» Андрэй Фралёнак і «Каханавіч» Міхаіл Шабан намалацілі кожны каля 80 тон збажыны, Леанід Садкоў з «Балін» — 70 тон, Уладзімір Шкіндзер і Міхаіл Шкіндзер з «Шайцерава»- больш чым па 60 тон. А ўсяго гэтыя круглыя суткі работы далі ў раёне рэкордны намалот : 5052 тоны збожжа. Такім чынам, істотна падрос і агульны паказчык жніва: на Верхнядзвіншчыне ўбрана 60 працэнтаў зерневых плошчаў, намалочана каля 60 тысяч тон збожжа. А прудзінкаўскія хлебаробы ўбралі ўжо 85% збажыны, «Бялькоўшчына», «Вужыца», «Антонава-Агра» — каля 75%.
Узоры сапраўднага майстэрства нашым хлебаробам давядзецца паказваць і надалей — прагнозы надвор’я пакуль не абнадзейваюць. А значыць, давядзецца выхопліваць кожнае пагодлівае «акенца», а магчыма, жаць і ў сырое надвор’е, даючы максімальную нагрузку сушыльным гаспадаркам. Балазе, яны надзейныя: да 31 сушылкі сёлета дадаліся 3 новыя лідскай вытворчасці.
Разам са жнівом вядуцца іншыя палявыя работы. Трэба закладваць аснову будучага ўраджаю: да 20 жніўня пасеяць азімы рапс, да 20 верасня- поўнасцю завяршыць сяўбу азімых. Гаспадаркі цярэбяць лён, убіраюць травы другога і трэцяга ўкосаў, пачалі ўздымаць зябліва.
Час у вёсцы вельмі напружаны. Уборачным работам падпарадкавана жыццё не толькі сельскай гаспадаркі, але ўсяго народна-гаспадарчага комплексу. Бо ад іх вынікаў залежыць агульны дабрабыт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *