Другая палова жніва выдалася турботнай: дажджы не толькі збіваюць рабочы рытм у полі, але павышаюць нагрузкі на сушыльныя гаспадаркі. Збожжа ідзе павышанай вільготнасці: трэба нямала пастарацца, каб давесці яго да патрэбнай кандыцыі і захаваць ураджай.
Для дапрацоўкі збожжа ў раёне створана надзейная сушыльная база. Прычым год ад году яна абнаўляецца і папаўняецца сучаснымі тэхналагічнымі комплексамі. Да 31 наяўнай сушылкі сёлета далучыліся яшчэ тры — лідскай вытворчасці. Яны ўпрыгожылі двары ААТ «Бялькоўшчына», «Шайцерава» і КУВСП «Верхнядзвінскі». Сушылкі ззяюць навізной і радуюць высокай прадукцыйнасцю, якая ў дзесяць разоў перавышае магутнасць ранейшых польскіх.
У ААТ «Бялькоўшчына» мы прыехалі ў самы разгар рабочага дня: зернетакі поўніліся звозімым з палёў збожжам. Ураджай у гаспадарцы добры: 39,5 цэнтнера з гектара, а вось якасць яго патрабуе «карэкціроўкі» — вільготнасць збожжа павышаная. Абедзьве сушылкі працуюць на поўную магутнасць. Але калі польская КЗС-25 перапрацоўвае ў суткі 40 тон збожжа, то новая «Ліда КЗС-30» — каля 300 тон!
Аператары новай сушылкі Вячаслаў Гусеў і Андрэй Нарубін вытворчым працэсам задаволены: працаваць лягчэй, чым раней, але трэба мець адпаведную падрыхтоўку. Сачыць за работай лідскай сушылкі даво-дзіцца на камп’ютары. Аператары асвоілі навуку і выдатна спраўляюцца з абавязкамі.
Іх калегам Аляксандру Кострыцы і Уладзіміру Карняленку, якія заняты на польскай сушылцы, даводзіцца больш завіхацца ля механізмаў, але норму ў 40 тон яны нязменна выконваюць. Працуе сушылка на пячным і біяпаліве. Гаспадарцы дапамагаюць на зернетаках як мясцовыя жыхары, так і гараджане, і школьнікі — многія прыязджаюць з горада, каб падзарабіць. Старанна працуюць памочнікі ад БРСМ Сяргей Сінкевіч, Алег Захараў, Уладіслаў Фамін і Уладзіслаў Гры-дзюшка.
У выніку гаспадарка перавышае план па продажы дзяржаве харчовай пшаніцы, пачала адгружаць піваварны ячмень.
Кіпіць работа і на зернатаку КУВСП «Верхнядзвінскі». Адказны за сушыльную гаспадарку Міхаіл Малей, які ўжо 10 гадоў як вядзе гэту справу, з гонарам паказвае новую «Ліду». Яна ўведзена ў строй напачатку жніўня і ўзяла на дапрацоўку асноўную частку ўраджаю гаспадаркі. Вытворчы працэс поўнасцю механізаваны. Збожжа дастаўляецца з палёў на спецыяльна абсталяваную пляцоўку. Затым транспарцёрамі загружаецца ў машыну, дзе ідзе папярэдняя ачыстка, а пасля трапляе ў пячныя шахты. Тут і адбываецца сушка збожжа. Як толькі яно дасягае патрэбных 13-14% вільготнасці, яшчэ раз праганяецца цераз ачышчальную ўстаноўку і выгружаецца ў бункер. Такім чынам, сушылка можа прымаць за суткі 300 тон збожжа вільготнасцю 16-18%. Але паколькі сёння зерне ідзе з паказчыкам 20-22%, працэс дапрацоўкі больш марудны. І ўсё ж нават пры высокай вільготнасці збожжа КУВСП «Верхнядзвінскі» здолеў адным з першых у раёне выканаць дзяржзаказ па продажы харчовай пшаніцы. Прычым якасць ураджаю адмысловая: збожжа праходзіць двайную ачыстку.
Калі мы аглядалі сушылку, Міхаіл Пятровіч якраз абучаў новага работніка Сяргея Балбеку. «Трэба быць вельмі ўважлівым, — гаварыў ён, — ведаць параметры механізмаў, тэхнічныя даныя, прычыны ўзнікнення непаладак і спосабы іх выпраўлення». Неабходна таксама ўлічваць асаблівасці сушкі харчовага і фуражнага збожжа. Адказнасць на работніках зернетакоў высокая, але людзі разумеюць важнасць справы і робяць усё магчымае, каб захаваць урадажай.
Сёння ў ААТ «Бялькоўшчына» перапрацавана 4921 тона збожжа, у КУВСП «Верхнядзвінскі» — 4039 тон. А ўсяго ў раёне цераз такі прайшло каля 70 тысяч тон хлеба новага ўраджаю. Поўнасцю выкананы дзяржзаказ па продажы харчовай пшаніцы. Ідзе нарыхтоўка піваварнага ячменю. У сувязі з дажджамі нагрузка на сушыльныя гаспадаркі павялічваецца. Але ніводзін кілаграм збожжа не застанецца без апрацоўкі.
Л. ЗАЙЦАВА.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.