Белорусская кухня – ад «Расіцы»

Актуально Культура

Народнае аматарскае аб’яднанне гульні, кухні і фальклору «Расіца» прыняло ўдзел у абласным фестывалі «Дзвінскі смак». Дзеянне адбывалася ў прыгожым кутку Віцебшчыны – на тэрыторыі музея-сядзібы І. Рэпіна «Здраўнёва».
Бігосаўскія гаспадыні гасцінна сустракалі наведвальнікаў выставы-продажу і прапаноўвалі ўсім жадаючым пачаставацца і набыць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Чаго тут толькі не было! Дранікі з мясам і грыбамі, бліны з капустай, рысам, яйкамі і зелянінай, дамашні хлеб, піражкі з павідлам, вішняй, капустай, хрусты.
У гліняных збанах пакупнікоў чакалі бярозавы і вішнёвы сок, журавінавы морс, напітак з чорных парэчак. Тут жа – духмянае варэнне. А дамашнія сала і каўбаса, а бульба са скваркамі – якія прыемныя пахі даносіліся ад сталоў!
Хоць і шмат страў нагатавалі гаспадыні, але жадаючых набыць тое, што спадабалася, было значна больш. За некалькі гадзін увесь асартымент быў раскуплены.
Багаты пачастунак прыйшоўся даспадобы не толькі гасцям з розных куткоў Беларусі, але і замежным.
Нямала цікавых знаёмстваў, прыемных уражанняў падаравала мерапрыемства! І ячшэ раз пацвердзіла – смачней за стравы беларускай кухні, прыгатаваныя гасціннымі гаспадынямі, няма нічога!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *