Свята штораз здзіўляе багатымі на фантазію і пачастункі падворкамі сельсаветаў, шчодрым ураджаем каштоўных журавін, песнямі і танцамі. А яшчэ – магчымасцю назіраць найпрыгажэйшую карціну – шэрыя журавы ў гэты час спыняюцца тут падчас асенняй міграцыі. Калі яшчэ такое ўбачыш?!
У рамках фестывалю традыцыйна праходзіць абласны конкурс песні і музыкі «Жураўліны звон». Прадэманстраваць песеннае майстэрства сюды прыязджаюць калектывы з самых розных куточкаў Віцебшчыны. Сёлета пазмагацца за тытул пераможцы сабраліся 15 калектываў.
Халоднае надвор’е не стала перашкодай для майстроў песні – змяняючы адзін аднаго на сцэне, яны радавалі слухачоў вясёлымі і лірычнымі народнымі спевамі, нязменна ўзнімаючы настрой звонкімі галасамі і артыстызмам.
Верхнядзвінскі ансамбль «Ярыца» прымаў удзел у гэтым конкурсе ўпершыню. У яго рэпертуары багата твораў, але на суд журы і слухачоў абралі два.
– Песню «Гарэла сасна» спявалі акапэльна, – расказала музычны кіраўнік «Ярыцы» Майя Рубель. – Песня сумная, лірычная, выконвалі яе вельмі даўно, і вось, карыстаючыся выпадкам, вырашылі «вывесці ў свет». Зусім непадобная на яе песня «Кацілась калода» з рэпертуара «Лялькі Карпарэйшн». Зрабілі сваю аранжыроўку, дадалі рэп і харэаграфію. Атрымалася арыгінальна і цікава. На конкурс прыехалі розныя калектывы, але мы адчувалі сябе ўпэўнена. Увогуле, хачу адзначыць, што музычнае свята было яркім, добра арганізаваным – нам спадабалася.
Па выніках конкурсу ансамбль «Ярыца» заняў III месца. Віншуем і ганарымся!
Анна ЗІМАЦКАЯ.