ААТ «Нафтан» больш дзесяці гадоў шэфствуе над сельгас-прадпрыемствамі Верхнядзвінскага раёна. І стала надзейным памочнікам працаўнікоў вёскі.
Сёлета дапамагчы справіцца не толькі з уборачнай, але і з іншымі відамі работ, у раён прыехалі 14 механізатараў і 9 вадзіцеляў з «Нафтана» са сваёй тэхнікай.Тры механізатары і два вадзіцелі працуюць у СП «Каханавічы».
Васіля Грабоўскага і Сяргея Іванова засталі за работай — хлопцы аралі глебу пад азімы рапс. І хаця ёсць штодзённы нарматыў па гэтых відах работ, выконваць яны значна больш. Такая напорыстасць крыецца не толькі ў працавітасці мужчын, але і ў матэрыяльным выражэнні. Завод захоўвае сярэднемесячны заробак, заробленае тут выплочвае гаспадарка па сваіх расцэнках.
Увогуле, Васіль Антонавіч Грабоўскі — вопытны механізатар, дапамагае нашым сельгаспрадпрыемствам больш 11 гадоў. Сяргей Станіслававіч Іваноў прыехаў у «Каханавічы» за гэты сезон другі раз і застанецца да самай восені. На МТЗ-1221 і 1522 з плугамі яны са дня свайго прыезду (25 ліпеня) узаралі 25 і 26 гектараў глебы адпаведна.
Акрамя іх у гаспадарцы працуюць на адвозцы саломы механізатар Мікалай Казьянін, адвозцы зерня на ток, склады і КХП вадзіцелі Уладзімір Лявонаў (284 тоны) і Сяргей Васілеўскі (421 тону).
Размясцілі нафтанаўцаў у двухпавярхоўках, побач з канторай і мехмайстэрнямі. Аднак жыллё састарэлае, вада ў кране ёсць, а каналізацыі няма. Кормяць тры разы за дзень, ды так, што, як гавораць самі хлопцы, і не з’есці ўсяго — вялікія порцыі. Аднак хацелася б і самім прыгатаваць. Для гэтага, канешне, ёсць электрычная плітка, маразільная камера. Але ў такую спякоту няма дзе захаваць малако, каўбасы, яйкі, іншыя прадукты — халадзільніка няма. Як і тэлевізара. Хоць ён асабліва і не патрэбны — у вольны час хлопцы адсыпаюцца, настолькі стамляюцца за дзень.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена Уладзіміраўна Зуй папрасіла адміністрацыю сельгаспрадпрыемства ўстанавіць халадзільнік і тэлевізар, вырашыць іншыя бытавыя праблемы. Дырэктар сельгаспрадпрыемства А. З. Махмудаў паабяцаў задаволіць патрэбы працаўнікоў. Толькі з душавымі давя-дзецца пачакаць — іх рэканструкцыя ў мехмайстэрнях толькі пачалася.
Ксенія ЯРАШЭВІЧ.