Верхнядзвінскі раён – пераможца абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю

Актуально Экономика

Падведзены вынікі абласнога спаборніцтва за дасягенне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапсу ў 2022 годзе. У намінацыі «Сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур» у сваёй групе гаспадарак першае месца заняў Верхнядзвінскі раён. У ліку прызёраў абласнога спаборніцтва таксама ААТ «Шайцерава» – гаспадарка выйшла на трэцяе месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы рапсу.

Важкі ўклад у агульны каравай раёна ўнеслі хлебаробы ААТ «Шайцерава» (злева направа) Генадзь Грыгор’еў, Юрый Шыманскі, Марат Шкіндзер, Васіль Арлоўскі, Андрэй Стайноў, Віктар Шыманскі, Дзяніс Ясюкевіч і Руслан Казлоў.

Вынікі, атрыманыя верхнядзвінскімі хлебаробамі ў бягучым нялёгкім сельскагаспадарчым годзе, сапраўды, дастойныя: валавы збор зерневых і зернебабовых культур склаў 68676 тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,6 цэнтнера з гектара. Прырост да ўзроўню папярэдняга года дасягнуты ў 133%.
Найбольшы ўклад у агульны каравай унеслі працоўныя калектывы ААТ «Шайцерава», «Прудзінкі», «Нурава», «Баліны», КУВСГП «Дрысенскі» і «Каханавічы». Так, шайцераўскія хлебаробы атрымалі сёлета 11884 тоны зерневых і зернебабовых, у тым ліку 426 – кукурузы на зерне. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы склала 48,6 цэнтнера з гектара.
Непераўзыдзенымі майстрамі з’яўляюцца шайцераўцы і ў вытворчасці рапсу. У бягучым годзе атрымана 1269 тон гэтай каштоўнай культуры пры сярэдняй ураджайнасці 28 цэнтнераў з гектара.
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў Віцебску адбудзецца ўшанаванне перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. У ліку пераможцаў на святочную сцэну будуць запрошаны прадстаўнікі Верхнядзвінскага раёна. Ганарымся нашымі працаўнікамі і віншуем з перамогай!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *