1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей

Актуально Общество

-Добры дзень, — сустракае нас на ганку сціплага па сучасных мерках асабняка бадзёры, рухавы мужчына. Стройная постаць, вясёлыя, з хітрынкай вочы. Ну хто паверыць, што Вацлаву Якаўлевічу Сяргушку 80 гадоў? І здзіўляе не хітрынка ў позірку (гаспадарнікі, якія ведаюць Якаўлевіча, упэўнены — вакол пальца яго не абвядзеш), а менавіта весялосць. Бо лёс усміхаўся далёка не заўсёды…


Дзяцінства
Сям’я, у якой было чацвёра дзяцей, старэйшы — Вацлаў, жыла на хутары. Калі пачалася калектывізацыя, бацька ўступіў у калгас. Яму прапанавалі загадваць птушкафермай. Адмовіўся наадрэз: «Курэй мацаць не буду!». І зноў стаў аднаасобнікам. Зямельны ўчастак, зразумела, абрэзалі, а ў трыццаць дзевятым раскідалі дом, гаспадарчыя пабудовы. Лазню чамусьці не зачапілі.
Грымнула вайна. Вацлаву было 9 гадоў, але ён памятае, як бацька пайшоў у салдаты. Памятае і яго расповед аб чэрвені сорак першага. У Баравусе ўчарашнім сялянскім хлопцам выдалі па 5 патронаў да вінтоўкі і — на перадавую, уздоўж Дзвіны. А тут нямецкія самалёты, зямля трэслася ад выбухаў снарадаў і мін. Раненне, палон…
Цягнік з палоннымі рухаўся на захад. Масквічы, з якімі трапіў у вагон бацька, прапілілі ў падлозе адтуліну, і на адным з прыпынкаў усе кінуліся бегчы. Ноччу, арыентуючыся па Месяцы, паранены бацька трымаў кірунак да родных мясцін. Пашанцавала, дабраўся.
Зімой сорак трэцяга пачалася карная экспедыцыя. Сям’я Сяргушкаў ледзь паспела пакінуць вёску. Узялі з сабой карову, каня, збожжа пагрузілі на сані, дабраліся да ўзлесся і ўбачылі здалёк, як палае родная хата.
Бацьку, Якава Іванавіча, у партызаны не ўзялі, бо кульгаў пасля ранення, ды і чацвёра дзяцей трэба было карміць. Затое родны дзядзька Вацлава, А. І. Сяргушка, быў камісарам атрада «Бясстрашны» і адначасова сакратаром Дрысенскага падпольнага райкама партыі, камісарам Асвейскай партызанскай брыгады імя М. В. Фрунзе.
Зрэшты, пасля вызвалення нашых мясцін ад фашысцкай нечысці бацька зноў апрануў салдацкі шынель. І ў саставе сваёй часці з баямі дайшоў да Шауляя, дзе прапаў без вестак…
А на радзіме салдата не засталося пасля акупантаў ні кала, ні двара. Дзецям, а іх было ўжо пяцёра, ні апрануць, ні абуць няма чаго, радаваліся кавалку хлеба.
Юнацтва
Адзін з суседзяў прадаў Сяргушкам зруб для лазні. Узяліся ладзіць жыллё. У пятнаццаць гадоў Вацлаў навучыўся сталярнічаць. Зрабіў акно, дзверы, праўда, столь выклаў з жэрдак. Падлога засталася земляной.
Але ж трэба было вучыцца. Пачаў хадзіць у Пашэнькаўскую пачатковую школу. А да яе — некалькі кіламетраў, скрозь — хмызнякі, якія кішэлі ваўкамі.
-Я іх асабліва не баяўся, — усміхаецца Вацлаў Якаўлевіч, — бо меў надрэнны арсенал: аўтамат, рускую і нямецкую вінтоўкі. Прыклад ад аўтамата адвінціў. Ствол у адзін бок пад самаробны кажушок, дыск з патронамі — у другі…
Уступіў юнак у калгас. Адразу прапанавалі пасаду пчаляра — «начальнікам» над шасцю калодамі і двума вуллямі. Юнаку, а, па-сутнасці, яшчэ падлетку, справа прыйшлася па душы. Ад бацькі засталася літаратура па пчалярству, сёй-той спецыяльны рыштунак. Новыя вуллі рабіў самастойна, дапамагалі два дзядкі, аднаму 70 гадоў, другому на год больш.
Праз тры гады Вацлава накіравалі ў Ашмянскую школу пчаляроў. Затым прызвалі ў армію. Служыў, а ў кароткія мінуты адпачынку займаўся самаадукацыяй.
Станаўленне
Пасля звальнення ў запас Вацлаў працаваў загадчыкам зернетока, брыгадзірам. Выбралі яго сакратаром камсамольскай арганізацыі, прынялі кандыдатам у члены партыі. У гэты перыяд і праявілася яго рашучасць у адстойванні сваіх прынцыпаў. Выдзелілі калгасу 2 тоны элітнага насеннага зерня. А неўзабаве прыбыў упаўнаважаны з раёна, суддзя: «Здаць у дзяржфонд!». Падагнаў грузавікі і загадаў калгаснікам грузіць мяхі.
-Тут я не вытрымаў, — успамінае Вацлаў Якаўлевіч, — адкрыў борт машыны і пачаў гэтыя мяхі выкідваць. Суддзя кінуўся на мяне з мятлой, ды давялося ўпаўнаважанаму вярнуцца ў Дрысу ні з чым.
Гэта цяпер ветэран успамінае той эпізод з усмешкай. А было не да смеху. Усю калгасную партарганізацыю выклікалі на бюро. Праект пастановы: выключыць Сяргушку з кандыдатаў у члены КПСС, вызваліць ад пасады і аддаць пад суд.
-А я і кажу, — працягвае Вацлаў Якаўлевіч, — у турме хоць 800 грамаў хлеба даюць, а тут толькі 400. У адказ: вон! Я і пайшоў. Дагналі: «Працуй далей. І не памятай крыўды».
Пасля заканчэння Магілёўскай саўпартшколы В. Я. Сяргушка працаваў інструктарам райкама партыі. 27 верасня 1962 года, аккурат у дзень нараджэння, яго прызначылі старшынёй калгаса імя Леніна. Сустрэлі вяскоўцы не надта гасцінна. Маўляў, які з «птушаняці» гаспадар, ды яшчэ і нежанаты.
Год той, як назло, выдаўся вельмі няўдалым, усе пасевы вымаклі. Толькі 6 лістапада ўбралі ячмень, дакладней, тое, што засталося. Лён пакінулі «зімаваць». Але самага маладога ў раёне кіраўніка цяжкасці не збянтэжылі. Сёння ён сцвярджае, што вельмі дапамагла партарганізацыя, у той час яна налічвала 50 чалавек. Асабліва актыўную пазіцыю занялі звеннявыя А. А. Навіцкі і Д. А. Берднік. У далейшым першы з іх стаў кавалерам ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, другі — ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Наспела неабходнасць рэарганізацыі сельгасвытворчасці. Вацлаў Якаўлевіч пачаў укараняць пабрыгаднае размеркаванне працы. За кожнай — свой севазварот, свая тэхніка, канкрэтныя задачы. Зарадзілася сапраўднае, а не папяровае спаборніцтва.
Старшыня пайшоў на рызыку — засеяў ільном аж 220 гектараў. Але, як гаворыцца, удача ўсміхаецца смелым. Даўгунец урадзіў добра, з’явіліся ў калгасе грошы. З’явілася і магчымасць заняцца сацыяльнымі праблемамі.
Калі пабрыгаднае размеркаванне вытворчасці вычарпала сябе, В. Я. Сяргушка і старшыня калгаса імя Ільіча У. А. Быкаў сталі ініцыятарамі ўкаранення цэхавай арганізацыі працы. Перайшлі на дзевяціпольны севазварот, сканцэнтравалі ў адным месцы тэхнічныя сродкі, людскія рэсурсы. Толькі ў 1988 годзе ў калгасе імя Леніна было пабудавана 22 кіламетры палявых дарог, да вёсак — восем асфальтаваных і шэсць гравійных. Гаспадарка мела свой міні-асфальтавы завод, што дазволіла забяспечыць цвёрдым пакрыццём усе фермы.
Малыя аддаленыя вёскі аджылі сваё, людзі перасяліліся ў Антонава. І калі Вацлаў Якаўлевіч у тым жа 1988 годзе паехаў на Усесаюзны з’езд калгаснікаў, ён мог далажыць, што гаспадарка мае 76 кватэр (дамоў), Дом культуры, школу, дзіцячы сад, іншыя аб’екты сацкультбыту. Цяпер у Антонаве сем вуліц, а было калісьці толькі 30 сядзіб.
Цэхавая арганізацыя працы сябе апраўдала. У 1962 годзе ўраджайнасць збожжа складала 4,9 цэнтнера з гектара, у 1976-м сабралі на круг па 43,3 цэнтнера.
Давялося Сяргушку выступаць на семінары кіраўнікоў у Віцебску. Прысутнічаў Пётр Міронавіч Машэраў. І прапанаваў вывучаць вопыт верхнядзвінцаў.
-Праз нейкі час, — распавядае Вацлаў Якаўлевіч, — з’явіўся да нас непрыкметны старычына. Я, маўляў, карэспандэнт, хачу пабачыць, як жывяце тут. Гасцяваў у мяне два дні, не адыходзіў ні на крок. Нарэшце з’ехаў. Мінула колькі часу — выклікаюць у Саўмін. Аказваецца, гэта быў зусім не карэспандэнт, а чыноўнік, якому даручылі азнаёміцца з цэхавай арганізацыяй працы ў калгасе імя Леніна.
У агульных рысах мая справаздача ў Савеце Міністраў складалася з наступнага: адзіны севазварот, спецыялізацыя не толькі вытворчага падраздзялення, але і кожнага работніка, канцэнтрацыя тэхнікі і механізмаў, сацкультбыт, як у горадзе. Памятаю, калі размова зайшла аб спецыялізацыі, то сказаў наступнае: «Першую сякеру я насаджваў на тапарышча цэлы дзень, 63-ю — за пару мінут».
Аб дасягненнях калгаса імя Леніна пісаў часопіс «Сельское хозяйство Белоруссии». Многія гаспадаркі не толькі нашага раёна ўзялі на ўзбраенне як вопыт цэхавай арганізацыі працы, так і сістэму замацавання кадраў. Было заведзена: адпрацаваў чалавек у калгасе (не абавязкова на асноўнай вытворчасці) два гады — атрымлівай 35% заробку за гэты перыяд. Пакінеш рабочае месца без уважлівых прычын — вярні грошы. Прадугледжваліся таксама іншыя льготы для людзей. Сярэдні ўзрост працаздольных калгаснікаў у 1990 годзе складаў крыху больш 38 гадоў. Дарэчы, знаёміцца з гэтай сістэмай прыязджаў у Антонава старшыня аднаго з кагасаў Міёрскага раёна, будучы член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі У. Ю. Скавародка.
На заслужаны адпачынак Вацлаў Якаўлевіч пайшоў у 1993 годзе. Узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі.
-Заслужыў, — смяецца знакаміты старшыня, — пяць узнагарод і дванаццаць вымоў па партыйнай лініі. Праўда, тагачасны першы сакратар райкама партыі У. А. Цацоха жартаваў: «Эх ты, мы рыхтавалі цябе на Героя. Не дацягнуў…».
Перад пенсіяй паспеў Вацлаў Якаўлевіч зрабіць яшчэ адну добрую справу для вяскоўцаў: завяршыў будаўніцтва Антонаўскай школы-сада. Вось дзе давялося прыкласці ўсю гаспадарскую спрытнасць. Мяняў салому на лес у Расонскім раёне, распілоўваў на дошкі, мяняў іх на блокі-перакрыцці ў Латвіі. Затое атрымаўся будынак-прыгажун.
В. Я. Сяргушку — 80 гадоў. Але спакой яму толькі сніцца. Мясцовыя жыхары часта звяртаюцца за дапамогай, парадай. І Вацлаў Якаўлевіч робіць усё магчымае, як у гады дэпутацтва. Менавіта пры яго актыўным удзеле абсталявана платформа на мясцовым чыгуначным прыпынку. А як пакінуць без увагі трох унукаў? Ды і любімая з дзяцінства справа — пчалярства — цягне з неадольнай сілай. Больш 140 вулляў — не жарт. Між іншым, дарункамі пчолак, якіх даглядае В. Я. Сяргушка, не раз частаваліся выхаванцы школы.
У гэтыя дні Вацлава Якаўлевіча віншуюць былыя паплечнікі, кіраўнікі розных узроўняў, аднавяскоўцы, сябры. Далучаемся да іх і мы. Шчыра жадаем моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму.
Мікалай АРЛОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей

  1. С интересом прочитали со знакомыми материал — спасибо автору.К сожалению, людей, которые много значили для района, после выхода их на пенсию вспоминают не так часто. А ведь у них огромный опыт и богатая жизнь. Хотелось бы почаще читать о заслуженных людях нашего края на страницах газеты.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *