Майстрыца з Антонава адраджае аўтэнтычнае рамяство

Наш край

Надзея Захарыч
з в. Антонава адраджае на Верхнядзвіншчыне аўтэнтычнае рамяство стварэння лялек-мотанак.
Гэтым старажытным майстэрствам Надзея захапілася ў 2012 годзе. Тады яе дачка Валянціна прымала ўдзел у конкурсе творчых работ «Бабулін куфэрак». Тэмай для свайго даследавання пад назвай «Што за цуд – гэтыя творы бабуліных рук!» дзяўчына выбрала традыцыйныя рэчы, якія з вялікай адказнасцю і любоўю выраблялі многія пакаленні беларускіх жанчын; закранула і лялькі-мотанкі. Надзея, зацікавіўшыся, прынялася дапамагаць збіраць матэрыялы – і «уцягнулася».
Кожная лялька мае свае функцыі і асаблівасці: абрадавыя вырабляюць для пэўнага свята ці значнай падзеі, абярэжныя – для абароны ад няшчасцяў і злых духаў, а гульнявыя – для дзяцей. Звычайна яны маюць памеры далоні, пальцаў або даўжыні рукі да локця. Надзеі больш падабаюцца маленькія. Часцей за ўсё майстрыца робіць лялек безаблічнымі: не малюе ім ні вочы, ні рот, ні нос. Яна тлумачыць: нашы продкі верылі, што без твару ў ляльку не могуць трапіць злыя духі, і тады цацка нясе ў сабе толькі дабро.
Абярэгавая лялька робіцца ў адзін прысест на працягу дня, без дапамогі нажніц і іголак. Тканіна рвецца рукамі, матаецца і звязваецца ніткамі. У залежнасці ад прызначэння лялькі нашы продкі маглі набіваць яе рознымі прыроднымі матэрыяламі – сухімі травамі, зернем.
– Каб зрабіць ляльку, неабходна мець не толькі вольны час, але і шчырае жаданне, – расказвае Надзея. – Абавязкова трэба настроіцца на станоўчыя эмоцыі. Калі лялька прызначаецца пэўнаму чалавеку, успомніць яго, падумаць, што хочаш укласці ў работу. Тады ўсё атрымаецца.
Зараз Надзея Захарыч з’яў-ляецца актыўнай удзельніцай народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў пры раённым Доме рамёстваў. Акрамя тэкстыльных лялек, займаецца вязаннем цацак-амігурумі. У 2015 годзе яна ўпершыню трапіла на «Славянскі базар у Віцебску», дзе прэзентавала свае работы, прыняла ўдзел у конкурсе народнай цацкі і лялькі «Забава», а таксама пазнаёмілася з іншымі майстрамі. Пасля Надзея бывала на фестывалі ў 2019 і 2021 гадах, прадстаўляючы народныя рамёствы на верхнядзвінскім падворку.
Працуючы бібліятэкарам у Шайцераўскай бібліятэцы, Надзея Захарыч захапляе «лялечнай» справай малодшае пакаленне. Пад яе кіраўніцтвам ўдзельнікі дзіцячага гуртка «Чамучкі» не толькі чытаюць кнігі, але і знаёмяцца з беларускімі народнымі традыцыямі, спрабуюць самі вырабляць гульнявых лялек-мотанак. А значыць, рамяство нашых продкаў будзе жыць і развівацца!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *