Надзейная крынiца пазнання

Духовность

Якія толькі назвы ні даюць бібліятэцы! «Храм кнігі», «Захоў-вальнік вечнасці», «Дом жыцця», «Кніжная палата», «Аптэка для душы», — гэта ўсё пра яе, нашу нязменную культурную спадарожніцу. І як бы ні ішлі ў наступ сёння электронныя носьбіты інфармацыі, бібліятэка захоўвае сваю папулярнасць і запатрабаванасць. Бо кніга застаецца такой жа, як і раней, надзейнай крыніцай пазнання і духоўнага развіцця.

Нездарма зацверджаны Указам Прэзідэнта ў 2001 годзе Дзень бібліятэк шырока адзначаецца ў краіне. Нагадаем, што дата гэта звязана з днём нараджэння Галоўнага кнігасховішча краіны — Нацыянальнай бібліятэкі. Зараз у Беларусі сфарміравана бібліятэчная сістэма, якая ўключае больш за 9 тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк з сукупным фондам каля 200 мільёнаў экземпляраў. Звыш 13 тысяч чытачоў штогод наведваюць бібліятэчныя ўстановы нашага раёна. Кнігавыдача складае 256692 экземпляры. Да паслуг верхнядзвінцаў 26 бібліятэк з фондам 278038 выданняў. Адметна, што дзесяць бібліятэк маюць статус бібліятэк аграгарадкоў. Яны размешчаны ў добраўпарадкаваных памяшканнях, аснашчаны сучасным спецыяльным і камп’ютарным абсталяваннем. Усяго ў бібліятэках 11 камп’ютараў, шэсць маюць выхад у інтэрнэт, працуе электронная пошта. Бібліятэкі з’яўляюцца сапраўднымі інфармацыйнымі цэнтрамі, якія максімальна задавальняюць запатрабаванні насельніцтва. На камп’ютарах бібліятэк устаноўлены электронны каталог ЦРБ — такім чынам ёсць доступ да інфармацыі аб наяўнасці ў бібліятэчным фондзе патрэбнай літаратуры. У пяці бібліятэках аграгарадкоў адкрыты публічныя цэнтры прававой інфармацыі. Арыентавацца ў бязмежным моры навінак, тэматычных выданняў, важнейшых падзей у жыцці краіны і свету дапамагаюць кніжныя выставы. Бібліятэкі не толькі задавальняюць попыт на інфармацыю, але з’яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі культурнага жыцця населеных пунктаў. Тут створаны гурткі і клубы па інтарэсах, адзначаюцца разнастайныя святы і мерапрыемствы, арганізоўваюцца Дні вёсак, збіраецца гісторыка-культурная спадчына, праводзіцца краязнаўчая работа, афармляюцца куткі беларускага побыту. З задавальненнем наведваюць вяскоўцы «Літаратурную гасцёўню» ў Асвейскай бібліятэцы, клубы «Аптыміст» — у Валынецкай, «Архідэя» — у Дзёрнавіцкай, «Рукадзельніца» — у Лявонішанскай, «Філя» — у Сар’-янскай. У арсенале бібліятэк — шматлікія мерапрыемствы, на якія ахвотна збіраюцца людзі розных узростаў. Гэта экалагічныя гадзіны, літаратурныя вечары, сустрэчы з ветэранамі вайны, вядомымі творцамі нашага краю, гадзіны духоўнасці і музыкі, выставы кулінарыі і народных промыслаў. Бібліятэкі не застаюцца ў баку ад ніводнай падзеі, якой жыве народ. Вось і нядаўна разам адзначылі Дзень беларускага пісьменства. У Лявонішанскай бібліятэцы прайшоў вечар «Нам кнігу падарыў Скарына», у Боркавіцкай — урок ведаў «Пад зоркай Еўфрасінні», у Сар’янскай — «Слава Францыска не ведае межаў…», У ЦРБ — мультымедыйная презэнтацыя «Верхнядзвінскі край і яго літаратурныя таленты». У бібліятэках працуюць не проста прафесіяналы, якія дапамагаюць чытачу атрымаць патрэбную літаратуру, але творчыя людзі, добрыя дарадцы і ўважлівыя субяседнікі. Людзі ж наведваюцца ў бібліятэку, як духоўную скарбніцу, дзе іх выслухаюць і дапамогуць раскрыць творчы патэнцыял. Бібліятэкары ведаюць аб сваіх чытачах усё — іх працу, сем’і, захапленні, беды і радасці. Знаходзячы інтарэс да сваёй асобы, чытач адчувае патрэбу заходзіць сюды зноў і зноў, паглыбляецца ў культурнае асяроддзе. Так зацікаўлена працуюць са сваімі чытачамі работнікі Лявонішанскай бібліятэкі Т. П. Рачыцкая, Дзёрнавіцкай — В. Ф. Падгарэўская, Асвейскай — Т. А. Дзмітрыева і Т. М. Бачаронак, Валынецкай — А. У. Антонава, Сар’янскай — А. М. Бубала, Жыгулёўскай — І. М. Валенцік, Боркавіцкай — А. В. Перапечка і Н. В. Ермакова, Бігосаўскай — Л. У. Жарнасек і іншыя. Зрэшты, аб месцы бібліятэкі ў сваім жыцці гавораць самі чытачы.

А. Гродзь, г. Верхнядзвінск

-Я выхавана на кнігах. Прачытала амаль усю класіку, а цяпер цікаўлюся творамі сучасных аўтараў. Лепшы адпачынак пасля працоўнага дня — наведванне бібліятэкі…

В. Афанасенка, г. Верхнядзвінск

-З задавальненнем чытаю кнігі беларускіх аўтараў, якія знаходжу ў бібліятэцы. Тут беражліва адносяцца да беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры, а гэта сёння вельмі важна.

В. Кутузава, в. Валынцы

-Для мяне бібліятэка — святыня мудрасці, розуму, творчасці. Трымаць у руках добрую кнігу — найвышэйшая асалода.

В. Паршута, супрацоўнік мытні

-Чытаю з дзяцінства. Кожная кніга дыхае ведамі, а з ёй і мы ўпітваем гэта паветра. Прыемна, што ў бібліятэцы заўсёды знахо-джу атмасферу духоўнасці, ветлівасці, прагі ведаў.

П. Андрэева, в. Сар’я

-Працую ў школе філолагам, таму адносіны да кнігі асобыя. Супрацоўнічаю з бібліятэкарам А. М. Бубала, якая добра ведае сваю справу. Радуюся, што бібліятэка атрымала прыгожае новае памяшканне.

Л. Чарняева, г. п. Асвея

-Важна, што намаганнямі бібліятэкі зберагаецца гісторыя Асвейшчыны. Прыйдзеш сюды, і адыходзіць не хочацца — здаецца, цябе тут заўсёды чакаюць.

В. Марачкоўская, вучаніца Асвейскай СШ

-У бібліятэцы здорава — любы рэферат можна напісаць на «10». Адсюль ніколі не пойдзешь без кнігі — бібліятэкары абавязкова параяць, што пачытаць. Я люблю сваю бібліятэку!

Віншуем ветэранаў і ўсіх супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы з Днём бібліятэк!
Жадаем, каб вам заўсёды спадарожнічалі моцнае здароўе, невычэрпная энергія і прафесійнае майстэрства. Няхай нястомная праца прыносіць вам задавальненне, а людзі нязменна дзякуюць за яе плён. Дабрабыту і аптымізму!
Адміністрацыя, прафкам ЦБС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *