Чарговае выязное пасяджэнне прэзідыума Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў на гэты раз прайшло «ў гасцях» — на Лепельшчыне.
Прадметам абмеркавання дэпутатаў абодвух раёнаў было добраўпарадкаванне. Відэафільм аб краявідах і дасягненнях Лепельшчыны ў гэтым напрамку красамоўна сцвярджаў, што Указ № 70 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці» мэтанакіравана рэалізуецца. Верхнядзвінцам прапанавалі наведаць чатыры сельскія Саветы. У прыгарадным — Лепельскім — свабодныя зямельныя ўчасткі прадаюцца з аукцыёнаў і адразу знаходзяць гаспадароў, праўда, у асноўным, мінчан. Людзей вабіць прыгажосць мясцін, цудоўнае возера. А сельскі Савет атрымлівае дадатковыя сродкі ў свой бюджэт, якія ідуць на добраўпарадкаванне. -Наша Верхнядзвіншчына з яе шматлікімі рачулкамі і азёрамі не менш прывабная для гараджан, — звярнулася да старшынь сельскіх Саветаў у час перапынку старшыня Верхнядзвінскага райсавета І. Ф. Козел. — Не дапрацоўваем, калегі! Не зарабляем грошы, якіх нам так не хапае. Цяпер, думаецца, вопыт лепяльчан будзе ўзяты на ўзбраенне. У штат Лепельскага, ды і іншых сельсаветаў, уведзены стаўкі рабочых па комплекснаму абслугоўванню дамоў і збудаванняў. Як адзначылі верхнядзвінцы, гэта вельмі карыснае і патрэбнае пачынанне. У Горскім сельскім Савеце наладжана цеснае ўзаемадзеянне з КУП «Горкісельгаспаслугі». У выніку мясцоваму насельніцтву аператыўна і нядорага аказваецца ўвесь комплекс паслуг, у якіх маюць патрэбу жыхары вёсак — ад апрацоўкі прысядзібных участкаў да збору лішкаў малака з уласных падвор’яў. Падобная практыка работы ўсталявалася і ў Слабодскім сельскім Савеце. Верхнядзвінцы з цікавасцю азнаёміліся з арганізацыяй работы штатнага рабочага па тэхабслугоўванню збудаванняў на тэрыторыі сельсавета. Стайскі сельскі Савет вядомы на Лепельшчыне сваім баявым мінулым. На яго тэрыторыі дзейнічала падпольная маладзёжная арганізацыя, якую ўзначальвала настаўніца Лізавета Казлоўская, дарэчы, наша зямлячка. Дзяўчыну гітлераўцы расстралялі. Пра гераіню пісала «Дзвінская праўда». У сельсавеце шмат пахаванняў часоў вайны. Іх упарадкаванню, догляду грамадзянскіх могілак, брацкіх магіл тут надаецца значная ўвага. Актыўна працуе дэпутацкі корпус і старэйшыны вёсак. А мясцовы Дом культуры адметны тым, што ўсе юныя жыхары вёскі з’яўляюцца ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, вывучаюць беларускую нацыянальную творчасць, цудоўна спяваюць, танцуюць і ўдзельнічаюць у старадаўніх абрадавых прадстаўленнях. Гасцям самадзейныя артысты падаравалі яркае і каларытнае фальклорнае прадстаўленне. Верхнядзвінцы цяпер чакаюць лепельскіх калег з візітам у адказ. Ім таксама ёсць што паказаць калегам.
Л. ФЁДАРАВА.