Калі нехта з членаў сям’і адораны пэўным талентам, гэта не дзіва. А вось калі ўся шматдзетная сям’я таленавітая — гэта выклікае цікавасць і павагу.
Напэўна, менавіта таму на выставе творчасці сям’і Салаўёвых з Верхнядзвінска ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур было шмат наведвальнікаў.
Вітала і прадставіла гасцей гаспадыня Цэнтра Валянціна Крук. Валянціна Іосіфаўна распавяла, што галава сям’і Валерый Леанідавіч, ураджэнец Віцебска, скончыў Маскоўскі ўніверсітэт культуры, зараз працуе фотакарэспандэнтам газеты «Дзвінская праўда» і з’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў. І вось яна — адданасць улюбёнай справе. Нават на адкрыцці ўласнай выставы Валерый Салаўёў «шчоўкаў» сваім фотаапаратам.
Жонка Ірына Мікалаеўна нарадзілася ў Новамаскоўску (Расія). Таксама скончыла Маскоўскі ўніверсітэт культуры і працуе ў Верхнядзвінскай школе мастацтваў. Гэта яе рукамі створаны экспанаты другой часткі выставы — вырабы, вязаныя кручком, пруткамі і на вілцы. Ад маленькага ўпрыгожання да паўнацэннага касцюма. Яе строі — пераможцы розных конкурсаў, якія праводзяцца ў Інтэрнэце.
Творчыя таленты бацькоў перадаліся і дзецям. Старэйшая дачка Ірына, залатая медалістка Лужаснянскай гімназіі для адораных дзяцей, выпускніца дзіцячай школы мастацтваў, ужо скончыла вучобу ў БДУ і працуе ў Мінску. Іра неаднойчы перамагала на спартыўных спаборніцтвах.
Вераніка скончыла гімназію ў Верхнядзвінску і дзіцячую мастацкую школу, зараз студэнтка БДТУ, сярод яе захапленняў — вышыўка. Вікторыя таксама скончыла гімназію і дзіцячую мастацкую школу, яна — лаўрэат і дыпламант шматлікіх конкурсаў эстраднай песні, у тым ліку полацкага «На зямлі святой Сафіі», вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Віка захапляецца квілінгам.
Малодшая Віталія вучыцца ў гімназіі і мастацкай школе, удзельнічае ва ўзорным харэаграфічным ансамблі «Лялькі», любіць маляваць і фатаграфаваць, любіць коней. Гэта яе малюнкі ўпрыгожылі залу побач з бацькоўскімі здымкамі-пейзажамі. Віка і Віта, дарэчы, зрабілі цудоўныя музычныя падарункі наведвальнікам выставы.
На адкрыцці яе заканамерна ўзнікла пытанне: дзе ж дарослыя і дзеці бяруць час для хобі? Аўтары адказалі проста: было б жаданне, а час знайсці можна, і нічога, калі хатнія справы адыходзяць на другі план — затое дочкі ў эксклюзіўных строях, а ўсе жадаючыя могуць спыніцца ля фотаздымка і па-новаму ўбачыць родную зямлю.
У Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур існуе традыцыя, згодна з якой самыя ўважлівыя слухачы атрымліваюць падарункі ад аўтара. Але ж выстава творчасці сям’і Салаўёвых — незвычайная. Таму сувеніры, зробленыя Ірынай Мікалаеўнай, дасталіся тым, хто задаў самыя цікавыя пытанні. Адказваючы на іх, Ірына Салаўёва ўзгадала, як матуля дала ёй кручок у рукі і праз «не хачу» ўсё ж такі выклала дачцы асновы рукадзелля. А ўжо потым, у замужжы, Ірына-старэйшая адчула смак да гэтай працы, асабліва, калі нарадзіліся дзеткі. Так што з пасагам праблем не будзе, чатыры дочкі забяспечаныя. І галоўнае, дзяўчаты таксама перанялі вопыт.
Варвара МАРОЗАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
Ну что можно добавить к статье? Только наилучшие пожелания дружной и талантливой семье! Пожелать всем доброго здоровья, взаимопонимания, творческого роста, достижений. Возможно, девочки и их родители смогут поделиться опытом,увлечь и заинтересовать своих сверстников, одноклассников, коллег своим искусством (каждый по-своему, в своем амплуа).СЕМЬЯ! Побольше Вам единомышленников, последователей, друзей, соратников, успехов всем вместе и каждому в отдельности!
Уважение и почет семье Соловьевых! Таких бы семей нашему району больше. В семьях, где царит любовь и взаимопонимание всегда растут дети умные и красивые! Молодцы!!!