П’янству не месца ў нашым грамадстве

Экологическая страница "Крынічка"

Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне «Аб мерах па прафілактыцы п’янства і алкагалізму ў Верхнядзвінскім раёне».

Пачынаючы абмеркаванне злабадзённай тэмы, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч назваў п’янства адной з найвялікшых праблем грамадства. Ёю даводзіцца займацца пастаянна: п’янства разбурае сем’і, робіць сіротамі дзяцей пры жывых бацьках, шкодзіць вытворчаму працэсу, становіцца прычынай хвароб, траўм і смерцяў. Паводле дадзеных, прыведзеных на пасяджэнні галоўным урачом ЦРБ В. У. Галяковічам, у нашым раёне спажываецца спіртнога ў сярэднім на душу насельніцтва амаль удвая больш, чым у свеце. Смяротнасць вырасла з 14 да 20,7 выпадкаў на тысячу насельніцтва. Сёлета памерла 345 чалавек, з 94 ускрытых 64,8% мелі ў арганізме алкаголь. А колькі няшчасных выпадкаў, траўм, смяротных атручванняў здараецца з-за ўжывання спіртнога. Алкаголь з’яўляецца і прычынай росту злачыннасці — у раёне здарыліся 3 забойствы, 7 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, павялічылася колькасць ДТЗ, прычынай якіх стала алкагольнае ап’яненне, усе выпадкі гібелі людзей на пажарах — вынік курэння ў ложку ў нецвярозым стане. П’янства стала прычынай 7 суіцыдаў і 6 утапленняў. Зразумела, вынікі былі б яшчэ больш плачэўнымі, калі б не настойлівая работа ўлады і адказных служб па прафілактыцы п’янства. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў, на пасяджэннях сельвыканкамаў і сесіях заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна аб правядзенні прафілактычнай работы з грама-дзянамі. Сельвыканкамы супрацоўнічаюць са старэйшынамі, сельгаспрадпрыемствамі, установамі сацыяльнай сферы, святарамі хрысціянскіх канфесій у пытаннях папярэджання і пераадолення п’янства і алкагалізму. У працоўных калектывах асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з неблаганадзейнымі сем’ямі, выкананню Дырэктывы № 1 і Дэкрэта № 18. На пачатак верасня ў раёне налічваецца 170 неблаганадзейных сем’яў, у якіх знаходзіцца 317 дзяцей. Штотыдзень службамі праводзяцца сумесныя рэйды «Сям’я без насілля», за сацыяльна праблемнымі сем’ямі замацаваны дэпутаты. Прафілактычнае ўздзеянне на неблаганадзейныя сем’і аказвае камісія па справах непаўналетніх, дзе строга пытаюць з бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі па выхаванню дзяцей. Пры Верхнядзвінскім касцёле працуе таварыства ананімных алкаголікаў, дзякуючы якому ў сям’ю вярнулі дзіця — маці здолела справіцца з алкагольнай залежнасцю. У раёне пастаянна праводзіцца санітарна-асветніцкая работа антыалкагольнай накіраванасці. У ёй удзельнічаюць супрацоўнікі ўстаноў медыцыны, адукацыі, РАУС, СМІ. Створаны і дзейнічае перасоўны наркалагічны пункт для медыцынскага агляду вадзіцеляў. Працуе наркалагічная служба, а з будучага года ў раёне будуць два ўрачы-нарколагі. Станоўчую ролю адыгрываюць выязныя суды па пазбаўленню бацькоўскіх правоў, накіраванню ў ЛПП, абмежаванню дзея-здольнасці. Сёлета іх праведзена 14. Асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы п’янства сярод моладзі. Формы работы самыя розныя: лекцыі і відэафільмы, дыскатэкі, іншыя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, стварэнне аматарскіх аб’яднанняў. Шэраг выязных мерапрыемстваў антыалкагольнай накіраванасці праведзена ў Боркавіцкім ДПЛ. Разам з тым, адзначалася на пасяджэнні, прымаемых мер па процідзеянню п’янству і алкагалізму недастаткова. Праблемнымі застаюцца рост злачыннасці, выпадкаў гібелі людзей у стане алкагольнага ап’янення. Прафілактыка п’янства так і не стала прыярытэтным напрамкам дзейнасці сельвыканкамаў. Патрабуе ўдасканалення работа саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку. Раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне, у якім прадугледжана актывізаваць работу па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Перад сельвыканкамамі, РАУС, РАНС, Верхнядзвінскай ЦРБ, аддзелам адукацыі і іншымі службамі пастаўлены адпаведныя задачы. Асаблівая ўвага звернута на неабходнасць прыцягнення грамадскасці да барацьбы з п’янствам. Старшыня райвыканкама І. І. Марковіч прапанаваў правесці адкрыты сход з удзелам служб і духавенства і паўздзейнічаць на так званых абавязаных асоб — бацькоў, якія не займаюцца выхаваннем дзяцей. Такія мерапрыемствы мэтазгодна правесці ў сельскіх Саветах. Кіраўнік раёна патрабаваў максімальна задзейнічаць у справе прафілактыкі добраахвотныя дружыны, установы культуры і спорту. Актывісты гэтай работы павінны мець матэрыяльнае заахвочванне ў працоўных калектывах. Эфект у рабоце даюць дні цвярозасці, якія трэба праводзіць паўсямесна. Станоўча зарэкамендавалі сябе масавыя святы без спіртнога — гэта не толькі папярэджвае «п’яныя дастаўкі» ў міліцыю, але і выхоўвае моладзь жыць і святкаваць без алкаголю. Больш працаваць трэба па выяўленню і спыненню фактаў незаконнай рэалізацыі спіртных напіткаў, асабліва непаўналетнім. Прадугледжаны меры па недапушчэнню фактаў з’яўлення на рабоце ў нецвярозым стане, правя-дзенню абследванняў на алкаголь, папярэджанню пажараў у дамах сацыяльна небяспечных катэгорый грамадзян, фарміраванню ў грамадстве здаровага ладу жыцця. На пасяджэнні падкрэслівалася, што эфект гэтых мер будзе залежыць ад нецярпімасці ўсіх грамадзян да праяў п’янства. Гэтаму злу не месца ў нашым жыцці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *