21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Ён быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымання нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэння права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Усяго ў свеце налічваецца больш за сем тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання найперш і абвешчаны Дзень роднай мовы.
‼️Мы, беларусы, маем багатае пісьменства. Успомнім, што ў 1517 годзе ў Празе Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў нашым раёне ладзяцца розныя мерапрыемствы: у школах праводзяцца тыдні роднай мовы, ва ўстановах культуры – выставы і творчыя сустрэчы, конкурсы і чытанні. Важна, каб мы ведалі, шанавалі і выкарыстоўвалі родную мову, памяталі, што яна – носьбіт нашай нацыянальнай адметнасці.