Завяршыўся XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Верхнядзвінцы вярнуліся з абласнога центра з яркімі эмоцыямі, новымі ўражаннямі і ўзнагародамі.
Для многіх атмасфера «Славянскага базара» непарыўна звязана з Горадам майстроў – месцам, дзе пераплятаюцца даўніна і сучаснасць, аўтэнтычныя рамёствы і зусім «маладыя» віды творчасці. На яго «вуліцах» можна было ўбачыць і вырабы верхнядзвінскіх умельцаў. Нашы майстры годна прадставілі раён на тэматычных конкурсах: Жанна Протас узнагароджана Дыпломам «За захаванне і папулярызацыю традыцый саломапляцення», а Галіна Чарнавок – «За развіццё традыцыйнай свістулькі».
Весела, прыгожа і вельмі смачна было на сумесным падворку Себежскага і Верхнядзвінскага раёнаў, які прымаў гасцей у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы. А выстава-конкурс па рэгіянальнаму інтэр’ернаму тэкстылю «У роднай хатцы на Віцебскім Паддзвінні» будзе працаваць яшчэ да 31 ліпеня.
Народны ансамбль народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі» шмат гадоў запар выступае на святочных пляцоўках фестывальнага Віцебска. У Паўночным рэгіёне калектыў даўно ведаюць як адзін з найлепшых, і кожны раз ён толькі пацвярджае гэты статус, зрываючы апладысменты гледачоў.
Падчас XXXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ансамбль ужо традыцыйна акампаніраваў удзельнікам XI адкрытага турніра нацыянальных танцаў «Танчым разам». Калектыў, які паспеў «закахаць» у сябе заўсёднікаў свята, прымалі не горш за канкурсантаў. І ў саміх музыкаў засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны аб самабытнай атмасферы турніра, новых знаёмствах і сустрэчах са старымі сябрамі.
Таксама ўжо не ўпершыню ансамбль удзельнічаў у абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…» – і ў чарговы раз меў вялікі поспех. Творчае спаборніцтва праходзіла па трох напрамках: «Майстар прыпеўкі», «Індывіду-альны выканаўца» і «Народны калектыў». «Верхнядзвінскія музыкі» выступалі з кампазіцыяй «Дрысенскія замалёўкі», праз мелодыю якой імкнуліся адлюстраваць жыццё нашага горада, яго гісторыю і мясцовы каларыт. Яны ўразілі конкурснае журы не толькі выдатным і эмацыйным выкананнем, але і вялікай разнастайнасцю музычных інструментаў, у ліку якіх былі аўтэнтычныя цымбалы і нават сапраўдныя чыгункі!
Нягледзячы на невялікую тэхнічную паломку, з-за якой выступленне прыйшлося пачынаць спачатку, «Верхнядзвінскія музыкі» сталі абсалютнымі лідарамі і забралі Гран-пры конкурсу. Як адзначыла нязменны кіраўнік калектыву Майя Рубель, гэтая перамога – вынік сумеснай работы зладжанай каманды, шчыра захопленай сваёй справай. Бас-гітарыст Васіль Касарэўскі, ударніца Жанна Барыла, Анжэла Ткачова, якая грае на шумавых інструментах і чыгунках, і два «чалавекі-аркестры» Ігар Новікаў і Васіль Ахламёнак – кожны ўдзельнік ансамбля бясконца закаханы ў музыку, гатовы цалкам выкладвацца на сцэне і развівацца.
Алёна МАРОЗ.