Як вядома, 15 студзеня нашай вобласці спаўняецца 75 год. Абласным выканаўчым камітэтам зацверджаны план мера-прыемстваў, прысвечаных гэтай знамянальнай даце. Прадугледжана, у прыватнасці, правядзенне ўрачыстых сходаў, ушанаванне лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2012», лекцый, круглых сталоў, сустрэч з перадавікамі вытворчасці, дзеячамі навукі і культуры, спартыўных спаборніцтваў і г. д. Прапаноўваем вашай увазе цыкл матэрыялаў, прысвечаных юбілею роднай Віцебшчыны.
З гісторыі
З канца ІХ стагоддзя Полацкая зямля з’яўлялася часткай Кіеўскай Русі. У апошняй чвэрці Х стагоддзя ўтварылася Полацкае княства. Найбольшымі гарадамі з’яўляліся Віцебск, Полацк, Лукомль, Друцк, якія самі сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў.
Пазней усе яны былі далучаны да Вялікага княства Літоўскага — Віцебскае і Полацкае пэўны час мелі аўтаномію, а ў пачатку ХVI стагоддзя ператвораны ў ваяводствы.
У час Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў па тэрыторыі нашай вобласці не раз праходзілі рускія, польскія, шведскія войскі. Былі спустошаны многія гарады і вёскі. Дастаткова сказаць, што пасады і прадмесці Віцебска спальваліся пяць разоў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) паўночна-ўсходняя частка вобласці з гарадамі Дрыса, Полацк, Гарадок, Віцебск, Орша ўвайшлі ў састаў Расійскай імперыі, а пасля другога і трэцяга падзелаў (1793 і 1795 гады) — і астатняя тэрыторыя.
У 1772 годзе Полацкая і Віцебская правінцыі паводле ўказа Сената ўключаны ў Пскоўскую, а Аршанская — у Магілёўскую губерні.
У 1796 годзе Магілёўская і Полацкая губерні аб’яднаны ў Беларускую губерню, якая ў 1802 годзе падзелена на Віцебскую і Магілёўскую.
У Айчынную вайну 1812 года па Віцебшчыне двойчы прайшла французская армія. Бітвы адбыліся каля Астроўна, Віцебска, Клясціц, Баяршчыны і Галоўчыц, на рацэ Свольна, пад Полацкам, Чашнікамі.
Віцебшчына панесла значныя людскія і матэрыяльныя страты. Паводле рэвізіі 1811 года ў губерні пражывала 352474 чалавекі, а ў 1816 годзе — 315481 чалавек.
(Працяг будзе).