Да нас звяртаюцца чытачы «Дзвінскай праўды» з просьбай апублікаваць каляндар юбілейных дат. Вызначаючы гістарычныя адмеціны нашага шляху, такі летапіс дапамагае студэнтам і школьнікам, усім аматарам гісторыі лепш арыентавацца ў падзеях мінулых часоў, абуджае жаданне больш уважліва прыгледзецца да помнікаў і памятных мясцін роднага краю і нават своечасова ладзіць карпаратыўныя вечарыны. Адгукаемся на гэту просьбу, выкарыстоўваючы тыя матэрыялы, якія маем у сваім распараджэнні. Напачатку прыводзяцца юбілеі, якія не маюць дакладнай даты і могуць адзначацца на працягу ўсяго 2013 года. Канкрэтныя даты «распісаныя» па месяцах. Будзем удзячныя, калі чытачы дапоўняць або ўдакладняць гэты каляндар.
510 год таму, у 1503г., у летапісе ўпершыню ўпамінаецца Асвея. Гэта дата афіцыйна лічыцца годам заснавання самага паўночнага гарадскога паселішча Беларусі.
450 год таму, у 1563г., у Дрысе была ўведзена пасада гараднічага.
380 год таму, у 1633г., пскоўскія ратнікі спалілі Асвейскі замак і перабілі ўсіх яго жыхароў.
250 год таму, у 1763г., у в. Валынцы пры Забельскім дамініканскім кляштары пабудаваны велічны касцёл у стылі Віленскага барока. Разбураны ў 1946 г.
225 год таму, у 1788г., выкладчык рыторыкі Забельскага калегіума М.І.Цяцерскі напісаў трагедыю «Сапар».
190 год таму, у 1823г., у Асвеі было заснавана жаночае вучылішча.
145 год таму, у 1868г., адбыліся сялянскія хваляванні ў маёнтку Каханавічы.
135 год таму, у 1878г., у Дрысе была самая моцная паводка; горад быў затоплены цалкам, пяць дамоў знесена вадой.
У тым жа годзе на скрыжаванні Новамаскоўскай і Зялёнай вуліц быў пабудаваны юдэйскі малітоўны дом, а на гарадскіх могілках — Барысаглебская царква (гэты найстаражытны помнік драўлянай архітэктуры быў разабраны ў 1992г. на будаўніцтва царквы ў Асвеі).
Сёлета спаўняецца і 135 год з дня нараджэння Вячаслава Васільевіча Багдановіча, беларускага царкоўнага і грамадска-палітычнага дзеяча, кампазітара, якога некаторыя даследчыкі лічаць аўтарам музыкі раманса «Зорка Венера» на словы Максіма Багдановіча. В.Багдановіч арыштаваны ў 1939 г., прапаў без вестак. (Карані роду Багдановічаў — вёска Луначарскае).
130 год таму, у 1883г., адбыліся сялянскія бунты ў Асвейскай і Замашанскай валасцях.
У тым жа годзе была пабудавана Свальнянская Свята-Мікалаеўская царква.
125 год таму, у 1888г., у маёнтку Зулава была заснавана вінакурна-дражджавая фабрыка, а ў Боркавічах пабудавана праваслаўная Узвіжанская капліца.
У тым жа годзе на французскай мове выйшла навуковая праца нараджэнца Асвеі Івана Яркоўскага (1844 — 1902 гг.) «Сусветнае прыцягненне як вынік утварэння важкай матэрыі ўнутры нябесных целаў: Кінетычная гіпотэза».
120 год таму, у 1893 г., былі пабудаваны дзве каменныя царквы: Успенская ў в. Валынцы і Ефрасіннеўская ў в. Сакалішча (Шчытова).
110 год таму, у 1903г., памёр нараджэнец г. Дрысы, акадэмік жывапісу Ісак Лейбавіч Аскназі.
У тым жа годзе нарадзіўся заслужаны ўрач БССР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Мордух Абрамавіч Тунік (памёр у 1972г.).
105 год таму, у 1908 г., была пабудавана цагляная праваслаўная капліца ў в.Мушына.
У тым жа годзе ў в. Каркалец нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР і СССР, наркам земляробства і міністр саўгасаў БССР, у час вайны — нам. начальніка Беларускага штаба партызанскага руху І.А.Крупеня (памёр у 1952г.).
95 год таму, у 1918г., у в. Сяргееўка нарадзілася аўтарка кнігі-аповесці «Юзева хата» Валянціна Барысаўна Мядзюта (памерла ў 1991г.).
90 год таму, у 1923 г., была зачынена Чурылаўская царква.
80 год таму, у 1933 г., пабудаваны Чалябінскі трактарны завод, першым дырэктарам якога стаў нараджэнец в. Сушкі Дрысенскага раёна Казімір Пятровіч Ловін.
У тым жа годзе быў пабудаваны льнозавод у в. Юзэфова.
Падчас масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі былі сселены каля двух дзесяткаў дробных населеных пунктаў (гл. дадатак 1).
Актывізавалася палітыка выгнання і знішчэння «ворагаў народа». У кнізе «Памяць» пералічаны 217 імёнаў нашых землякоў, рэпрэсаваных у 1933 годзе.
75 год таму, у 1938 г., мястэчка Асвея атрымала статус гарадскога пасёлка.
Набыла новы размах палітыка сталінскіх рэпрэсій. У кнізе «Памяць» запісаны 467 імёнаў жыхароў Верхнядзвіншчыны, рэпрэсаваных толькі ў 1938 годзе.
Шырока разгарнулася кампанія ссялення хутароў і малых вёсак у калгасныя цэнтры. Перасталі існаваць каля ста вёсак (гл. дадатак 2).
70 год таму, у 1943г., у пас. Калымскае быў пастаўлены помнік нашаму земляку, славутаму даследчыку Сібіры Івану Дамінікавічу Чэрскаму.
У тым жа годзе было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза нараджэнцам Верхнядзвіншчыны С.А.Забагонскаму (в. Залучча), М.М.Мядзелю (в. Задзежжа), Н.В.Траян (г. Дрыса).
55 год таму, у 1958г., па тэрыторыі Дрысенскага раёна была пракладзена першая асфальтаваная дарога — шаша Арол — Рыга.
Перастала існаваць вёска Абразэева Асвейскага с/с.
45 год таму, у 1968г., былі пабудаваны новыя карпусы раённай бальніцы і новы кінатэатр.
50 год таму, у 1963 г., перастала існаваць вёска Асоскава Валынецкага с/с. Вёска Красілаўка атрымала новае імя — Чапаеўская.
45 год таму знікла як «неперспектыўная» адна з найстарэйшых вёсак раёна — Пятроўшчына Сенькаўскага с/с.
40 год таму, у 1973г., у прыгарадзе Верхнядзвінска пабудаваны новы льнозавод.
35 год таму, у 1978г., створаны фальклорны калектыў «Сенькавіца», якому ў 1996г. прысвоена званне народнага.
30 год таму, у 1983г., з карты раёна зніклі вёскі Глазкі, Давыдзенкі, Палыкаўшчына.
25 год таму, у 1988г., быў адрэстаўраваны напаўразбураны касцёл Нараджэння Панны Марыі ў Верхнядзвінску.
25-гадовы юбілей адзначае сёлета і сучасны будынак Верхнядзвінскага раённага Дома культуры.
20 год таму, у 1993г., быў здадзены ў эксплуатацыыю новы корпус бальніцы ў г.п. Асвея.
20-гадовыя юбілеі сёлета адзначаюць Верхнядзвінская дзіцячая школа мастацтваў і Клуб цікавых сустрэч пры Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, які ў 1996г. атрымаў званне народнага.
Перасталі існаваць вёскі Думанькі і Паноры Бігосаўскага, Казачкі Жоўнінскага і Матукі Галубаўскага сельсаветаў.
15 год таму, у 1998г., у Верхнядзвінску пабудаваны новы хлебазавод.
10 год таму, у 2003г., — гарадскі пасёлак Асвея атрымаў герб.
5 год таму, у 2008г., быў пабудаваны мост праз Дзвіну.
СТУДЗЕНЬ
120 год таму, 1 студзеня 1893г., заснавана Боркавіцкая паштова-тэлеграфная каса.
90 год таму, 24 студзеня 1923 г., атрымала дазвол на дзейнасць каталіцкая парафія ў Валынцах.
30 студзеня 1923 г. адбылася рэгістрацыя Расіцкай рымска-каталіцкай абшчыны.
ЛЮТЫ
95 год таму, у лютым 1918 г., Дрысенскі павет быў акупаваны нямецкімі войскамі (акупацыя доўжылася да 23 лістапада 1918г.).
27 лютага 1918 г. быў створаны Ігналінскі валасны Савет, першы ў Дрысенскім павеце.
75 год таму, 20 лютага 1938г., Дрысенскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці.
70 год таму, у лютым — сакавіку 1943г., лютавала фашысцкая карная аперацыя «Зімовыя чары». Увесь Асвейскі раён і некалькі сельсаветаў Дрысенскага былі спапялёны датла.
САКАВІК
150 год таму, 1 сакавіка 1863 г., царскім указам былі адменены часоваабавязаныя адносіны сялян у Дрысенскім павеце; 1 мая паншчына заменена грашовым аброкам.
105 год таму, 26 сакавіка 1908г., нарадзіўся Герой Сацыялістычнай Працы, пісьменнік Сяргей Сартакоў, радзінныя карані якога па маці паходзілі з Сар’і.
90 год таму, у сакавіку 1923г., быў скасаваны Дрысенскі павет.
90 год таму, 12 сакавіка 1923 г., у Дрысе адбыўся павятовы з’езд духавенства і міран-абнаўленцаў.
КРАСАВІК
130 год таму, 26 красавіка 1883г., памёр славуты мастак, аўтар твораў пра знакамітыя мясціны нашага краю Напалеон Орда.
МАЙ
105 год таму, у маі 1908г., адбылася забастоўка сельгасрабочых у маёнтку Бялькоўшчына.
100 год таму, 1 мая 1913г., была адчынена Валынецкая паштова-тэлеграфная каса.
ЧЭРВЕНЬ
175 год таму, 1 чэрвеня 1838г., рашэннем царскіх улад была зачынена Забельская гімназія.
90 год таму, у чэрвені 1923 г., атрымала права дзейнасці абшчына баптыстаў Асвеі.
ЛІПЕНЬ
125 год таму, 15 ліпеня 1888г., у Дрысе заснавана цэнтральная ашчадкаса.
100 год таму, 10 ліпеня 1913г., у г. Дрыса нарадзілася доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, аўтар падручнікаў і навуковых прац Ніна Трафімаўна Вайтовіч (памерла ў 1976г.)
ЖНІВЕНЬ
125 год таму, 28 жніўня 1888г., нарадзіўся Анатоль Васільевіч Багдановіч, выдатны беларускі і рускі мовазнаўца, педагог, аўтар падручнікаў і навуковых прац (памёр у 1969г.).
85 год таму, 26 жніўня 1928 г., адбылася нарада музыкантаў Дрысенскага раёна.
70 год таму, у жніўні 1943г., разгарэлася партызанская «рэйкавая вайна».
ВЕРАСЕНЬ
75 год таму, 27 верасня 1938г., мястэчка Дрыса аднавіла статус горада.
КАСТРЫЧНІК
70 год таму, 4 кастрычніка 1943г., была створана Асвейская партызанская брыгада імя Фрунзе (камандзір І.К.Захараў).
7 кастрычніка 1943г. у в. Відокі нарадзіўся народны артыст БССР Яўген Патафеевіч Шыпіла (памёр у 1999г.).
50 год таму, 22 кастрычніка 1963г., памёр нараджэнец г. Дрыса, вучоны-цюрколаг, заслужаны дзеяч літаратуры і мастацтва Тувінскай АССР, стваральнік тувінскай пісьменнасці Аляксандр Адольфавіч Пальмбах.
ЛІСТАПАД
150 год таму, 23 лістапада 1863г., горад Дрыса і Дрысенскі павет былі пераведзены на ваеннае становішча ў сувязі з паўстаннем К.Каліноўскага.
110 год таму, 1 лістапада 1903, была адчынена Расіцкая паштова-тэлеграфная каса.
95 год таму, у лістападзе — снежані 1918г., былі створаны павятовы рэўкам і выканкам, земства, камбеды, а таксама Асвейскі, Дзёрнавіцкі, Замашанскі, Зябкаўскі, Каменскі, Прыдруйскі, Каханавіцкі, Пустынскі, Сар’янскі, Стрыжанскі, Сушкоўскі, Таболкаўскі, Філіпоўскі, Юстыніянаўскі валасныя Саветы.
22 лістапада 1918 г. у Савейках адбыўся агульны сход сялян «рэвалюцыйнай» Замашанскай воласці.
СНЕЖАНЬ
120 год таму, 25 снежня 1893г., памёр грамадскі дзеяч, ініцыятар скасавання прыгону, этнограф, фалькларыст і паэт, гаспадар маёнтка Каханавічы Ігнат Яўстахавіч Храпавіцкі.
105 год таму, 1 снежня 1908г., была адчынена Дрысенская ніжэйшая рамесная школа — зараз сярэдняя школа № 1.
95 год таму,11 снежня 1918 г., быў адчынены Дрысенскі павятовы аддзел народнай адукацыі.
16 снежня 1918 г. пачаў дзейнічаць павятовы ваенкамат.
А. БУБАЛА, краязнаўца.