Адбыўся навагодні турнір па настольнаму тэнісу сярод школьных каманд раёна. Аб тым, што гульня становіцца ўсё больш папулярнай у вучнёўскай моладзі, сведчыць вялікая колькасць удзельнікаў.
Як зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў У. А. Язерскі, узрасла тэхніка гульні тэнісістаў, што сведчыць аб сур’ёзным захапленні гэтым відам спорту.
І на турнір школы прыслалі сваіх лепшых спартсменаў, таму спаборніцтвы праходзілі ва ўпартай барацьбе. Сустракаліся каманды юнакоў, дзяўчат і змешанага саставу. Пераможцамі сталі адпаведна тэнісісты з гімназіі, СШ № 2 і Каханавіцкай СШ. Крыху саступілі ім па колькасці набраных ачкоў спартсмены з СШ №2, Асвейскай і Сар’янскай сярэдніх школ. Трэцяе месца занялі каманды Валынецкай, Бігосаўскай і Прыдзвінска-Бароўскай школ.
Лідарамі турніру сталі Кірыл Пракапенкаў і Вікторыя Язерская з СШ №2. Другое месца ў Вольгі Пыжовай з гэтай жа школы і гімназіста Іллі Андрэева. Трэцяе месца занялі Вольга Балганава з Бігосаўскай СШ і Юрый Маліноўскі з гімназіі.
Турнір праходзіў на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пры актыўнай падтрымцы шматлікіх балельшчыкаў. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі.
Л. ФЁДАРАВА.