Са святам Божага Нараджэння!

Актуально Духовность

«У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі».
Евангелле ад Лукі 2,8-14

Божае Нараджэнне – самае радаснае свята на працягу года. І гэтая радасць сапраўды вялікая, бо, як кажа нам святое Евангелле, паходзіць з самога неба. Праслаўляючы Бога ў ноч нараджэння Хрыста, анёлы абвясцілі пастухам нябесную радасць і напоўнілі іх сэрцы супакоем. З таго часу прайшло больш за дзве тысячы год, але і сёння, перажываючы святочныя падзеі нараджэння Збавіцеля, мы, як бэтлеемскія пастухі, адчуваем Божую прысутнасць у чароўнай цішыні сваіх сэрцаў.
Радасць Божага Нараджэння не залежыць ад часу, абставінаў, умоваў, а нават веры чалавека, бо вынікае з евангельскай праўды пра тое, што Бог – ёсць любоў. І кожны, хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім (1 Ян 4,16). Таму кожны чалавек добрай волі ад маленькага дзіцяці да ўмудронага сівізной старца ў гэты святочны час адчувае ўзнёслую весялосць і незвычайнае натхненне.
Але каб радасць святкавання не засталася толькі на ўзроўні пачуццяў і эмоцый, а набыла свой глыбокі евангельскі сэнс і мэтанакіраванасць, нам патрэбна сталая вера. Вера ў тое, што Бог – Айцец усемагутны, стварыцель неба і зямлі, у сваёй спрадвечнай мудрасці і прадбачлівасці спасылае на зямлю свайго адзінароднага Сына, пачатага ад Духа Святога і народжанага з Дзевы Марыі, каб вызваліць зняволенае грахом чалавецтва ад вечнай смерці і праз крыжовую ахвяру адчыніць брамы нябеснай айчыны.
Божае Нараджэнне немагчыма зразумець без перспектывы Пасхі. Сын Божы прыйшоў у свет не дзеля таго, каб мы толькі ставілі ёлкі, упрыгожвалі нашыя дамы, дарылі падарункі і віншавалі адзін аднаго з Раством Хрыстовым. Але дзеля таго, каб мы мелі жыццё вечнае з Богам
у небе. І менавіта таму Хрыстос,
ад самага моманту свайго нараджэння ў беднай стайні, пазбаўленай усялякай святочнасці, вучыць нас адносіцца да свайго зямнога існавання не як да легкадумнага «свята жыцця», але як да крыжовай дарогі навяртання. Хрыстос нарадзіўся, каб уваскрэснуць. Славім Яго!
Няхай калядныя святы будуць асветлены сапраўднай евангельскай радасцю, а вера ў Бога, які ёсць Любоў, напаўняе нашыя сэрцы супакоем. Каб кожная парафія, кожная сям’я і кожны дом стаўся Бэтлеемскімі яслямі, дзе разам з Езусам, Марыяй і Юзафам знайшлося б месца кожнаму з нас. Бо дзякуючы нараджэнню Божага Сына, кожны з нас стаўся умілаваным Божым сынам і дачкой.
Шчаслівага Божага Нараджэння і шчодрых Калядаў!
Кс. Аляксандр Грыцкевіч,
пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску.

Расклад Святочных Імшаў на свята Божага Нараджэння па календары каталіцкай канфесіі

24 снежня 2024 года, Вігілійная Імша (Пастэрка)
г. Верхнядзвінск – пачатак у 23 гадзіны;
г.п. Асвея – пачатак у 18 гадзін;
аг. Бігосава – пачатак у 20 гадзін;
в. Росіца – пачатак у 22 гадзіны.

25 снежня, Літургія Божага Нараджэння
г. Верхнядзвінск – пачатак у 10 гадзін;
аг. Бігосава – пачатак у 10 гадзін;
г.п. Асвея – пачатак у 12 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *