Алена ДРЫЖОВА: «Надой у 8500 кілаграмаў абяцаю!»

Жизнь сельских Советов

Гледзячы на гэту мініяцюрную, абаяльную жанчыну, нават не верыцца, што пад яе апекай паўсотні буронак, якіх трэба тройчы ў дзень падаіць і дагледзець. Але хто бачыў Алену Віктараўну Дрыжову ў працы, не сумняваецца: гэта — жывёлавод вышэйшага класа.

 

Моцная, рухавая, кемлівая — яна ні мінуты не губляе дарэмна. Група ў яе заўсёды накормленая, здаровая, чыстая — як у сапраўднай гаспадыні. Гэту сялянскую ўвішнасць Алена набыла з дзяцінства: у вёсцы працавалі бацькі, якім дапамагала. А затым і сама засталася ў калгасе. З 1987 года працавала на свінагадоўчым комплексе і вось ужо адзінаццаць гадоў — аператар машыннага даення фермы Шайцерава-2. Выбіцца наперад у ААТ «Шайцерава» няпроста — мясцовыя жывёлаводы ва ўсе часы лідзіравалі ў раённым спаборніцтве. Галіна Сарокіна з Ляшчылава, Ганна Сырэвіч, Таццяна Шыманская з Шайцерава — прызнаныя майстры сваёй справы. Аднак Алена Віктараўна рашуча нацэлена на самыя высокія паказчыкі. Сёлета ў яе групе лепшы надой і па гаспадарцы, і па раёну — 7498 кілаграмаў ад каровы, што на 1182 кілаграмы больш леташняга. З пачатку года яна надаіла звыш 320 тон малака! Праўда, сяброўкі ідуць амаль што побач — у Галіны Сарокінай надой ад каровы — 7237 кг, у Ганны Сырэвіч — 7229. Менавіта шайцераўскія даяркі — пераможцы абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака. У іх не толькі самы высокі паказчык па надоях: гаспадарка забяспечыла валавую вытворчасць малака ў 4364 тоны, што на 355 тон больш мінулагодняга. Прадукцыя ферм якасная — 65% малака ідзе гатункам «экстра», апошнія два месяцы такім класам вызначаецца ўсё малако мясцовых ферм. -Сакрэт просты, — гаворыць Алена Віктараўна. — Трэба любіць жывёлу, і яна аддзячыць добрым малаком. Дапамагае і тое, што фермы ў нас рэканструяваныя — дзейнічае падвясное абсталяванне. Выдатна ведаюць сваю справу і ўмела кіруюць вытворчым працэсам галоўны заатэхнік Святлана Судакова і заатэхнік па племсправе Марыя Міцкевіч. Стараюцца ўсе жывёлаводы: людзі на нашай зямлі адказныя. Прыходзіць Алена на ферму ў 5-6 гадзін раніцы. Апошнюю дойку заканчвае ў 21 гадзіну. Пры гэтым у яе хапае часу на дом, сям’ю, дзяцей. Іх яна таксама навучыла працавітасці. Сын Сяргей — вядомы ўжо механізатар гаспадаркі, пераможца маладзёжнага спаборніцтва на жніве. Нядаўна стварыў сваю сям’ю. Дачка закончыла кааператыўны каледж, дапамагае маці па дому. Блізкія людзі і ўвесь калектыў гаспадаркі ганарацца дясягненнямі Алены Віктараўны. У дзень нашага прыезду на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ў яе гонар быў узняты флаг працоўнай славы. Пытаемся: ці магчымы 9-тысячны надой? -Наконт гэтага не ведаю, — усміхаецца Алена, — а вось 8500 кілаграмаў ад каровы — абяцаю!

Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *